Вы тут

Новая выстаўка Уладзіміра Шапо «Полацк і людзі» разбурае стэрэатыпы


Мастацкая дынастыя Шапо — даволі вядомая ў Беларусі і за яе межамі. Мастак Уладзімір Дзмітрыевіч Шапо — бацька трох сыноў і дачкі, якія звязалі жыццё з творчасцю. Выхаванне? Гены? Творчы асяродак? Хто ведае, што паўплывала на іх схільнасці? Магчыма, усяму «віной» — захапленне і запал, без якіх Уладзімір Шапо не можа ствараць. 


«Пастух. Святы востраў», 2019 г.

Персанальная выстаўка мастака «Полацк і людзі», якая адкрылася ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, не здзівіць аматараў яго творчасці. Работы Уладзіміра Шапо сустракаюцца ў розных зборных экспазіцыях апошняга часу, рэгулярна дэманструюцца на персанальных выстаўках. Адна з найбуйнешых адбылася ў 2018 годзе: тады свае напрацоўкі прадставілі Уладзімір Шапо і тры сыны — Аляксандр, Павел і Антон. Музейшчыкі і галерэйшчыкі не могуць нарадавацца таму, што члены адной сям’і сталі калегамі і аднадумцамі ў жыцці і мастацтве. Канкурэнцыя, запазычванні, уплыў адно на аднаго — гэтыя акалічнасці адыходзяць на другі план, хоць, натуральна, не выключаны. 

Уладзімір Дзмітрыевіч на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў распрацоўвае асобны сусвет, заснаваны на асаблівым мастацкім бачанні жыцця. Тое, што кіда¬ецца ў вочы пры знаёмстве з той ці іншай яго серыяй работ, захапляе гледача: яркасць, экспрэсіўнасць, «вітражнасць», якія адлюстроўваюць непасрэднасць пачуццяў аўтара. Яго візітка — шматаблічныя, у нечым фантасмагарычныя вобразы. 

«Дом каля вакзала», 2020 г.

З Полацкам у майстра заўсёды былі асаблівыя стасункі. Уладзімір Шапо здольны, здаецца, гадзінамі расказваць пра любімы горад. Несумненна, у гэтым выяўляецца велізарная любоў да таго куточка, дзе з’явіўся на свет. Адсюль і пэўная камернасць кампазіцый, і іх сентыментальнасць, здольная крануць нават таго, хто ніколі не быў на зямлі, пра якую распавядае творца, і шчымлівая настальгія, якая не дазваляе забываць аб тым, што хтосьці або штосьці вельмі далёка, што шмат часу мінула, што нічога нельга вярнуць. Аднак не толькі гэтым каштоўныя пошукі і знаходкі мастака. Уладзімір Шапо з вялікай павагай ставіцца да гісторыі горада, і гэта не павярхоўны погляд на мінулае, не сляпое ўслаўленне старажытнасці. У работах адлюстраваны глыбокая павага да людзей, якія стваралі гісторыю, смутак аб тым, што назаўсёды страчана, і надзея на жывое абнаўленне. Творца шмат увагі звяртае на паняцце «прыналежнасць»: да свайго роду, да сваёй краіны. Быць прыналежным да нечага значнага і быць здольным асэнсаваць і адлюстраваць гэта — найвялікшы гонар для мастака. 

«Цыганскі дом», 2020 г.

Кажуць, што Уладзімір Шапо разбурае стэрэатыпы. Што тычыцца распрацоўкі тэмы радзімы, то гэта дакладна так. Працуючы над пэўнай праблемай, даносячы канкрэтную ідэю, ён імкнецца пазбавіцца банальных вобразаў, інтэрпрэтуе і вельмі часта нават ускладняе рэчаіснасць, у той жа час шмат увагі надае асацыяцыям, неабходным для абстрактнага мастацтва. Чым найперш цікавая выстаўка ў галерэі Савіцкага? Непазнавальным абліччам Полацка. Старажытны горад можа ўбачыць кожны, але не так, як гэта робіць сам мастак. Стваральнікі экспазіцыі падкрэсліваюць: «Уладзімір Шапо запрашае вас у свой Полацк — гэта і канкрэтнае месца на карце, і метапрастора сэнсаў». 

Даведка

Уладзімір Дзмітрыевіч Шапо нарадзіўся 4 лютага 1949 года ў гарадскім пасёлку Відзы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1972). Педагогамі былі Фелікс Гумен, Яўген Красоўскі, Іван Сталяроў. Падчас вучобы шмат падарожнічаў, збіраў матэрыялы па ўсёй Расіі (Поўнач, Запаляр’е, Камчатка), Сярэдняй Азіі. Аднак асноўнай тэмай творчасці сталі радзіма (Прыдзвінне, Паазер’е) і дзяцінства. 

Выстаўляецца з 1975 года ў Беларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі... Работы знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі мастацкай культуры Наўгародскай зямлі, Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Карціннай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і іншых калекцыях. Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года. Працуе ў станковай графіцы, акварэлі, дэкаратыўна-афарміцельскім мастацтве. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.