Вы тут

Давыд Гарадзенскі — князь, які не прайграў ніводнай бітвы


Спякотным летнім днём 1299 года Давыд з Пскова адправіўся ў дарогу. Многія пажадалі ісці з ім, бо ўпэўніліся, што, нягледзячы на зусім юны ўзрост, ён дастойны сын свайго бацькі. Даўмонт-Цімафей браў яго з сабой у паходы з той пары, калі ўжо мог трымацца ў сядле. У час баявых сутычак юны Давыд ніколі не хаваўся за чужыя спіны. Цяпер яму давялося выбіраць найлепшых з найлепшых. З імі і накіраваўся ў бок пскоўска-літвінскай мяжы, каб таемнымі сцяжынамі прабрацца на Нальшчанскую зямлю. 


Валун-помнік каля Каложскай царквы.

Дастойны свайго бацькі 

Яна ўжо належала князю Гедыміну, сыну вялікага князя літоўскага Віценя. Аднак спачатку Давыд хацеў увайсці ў давер да Гедыміна. Была і іншая прычына. Не цярпелася хутчэй пабачыць Нальшчаны. Пазнаёміцца з Крэвам. Падыхаць паветрам, якім некалі дыхаў яго бацька. 

Гедымін і Віцень праз надзейных людзей ужо ведалі аб набліжэнні Давыда да межаў Вялікага Княства Літоўскага. Віцень вітаў яго намер паслужыць Вялікаму Княству. Хоць і баяўся, каб не прэтэндаваў на колішнія землі свайго бацькі. Каб вызначыць, што за чалавек перад ім, загадаў часцей браць яго ў паходы. Палахлівец пачне хавацца за спіны іншых. Здраднік можа перайсці ў стан ворага. Двурушны будзе нагаворваць на таварышаў, усяляк абельваючы сябе. 

Толькі Давыд не даў нават самай маленькай падставы засумнявацца ў яго прыстойнасці. Важна і тое, што быў гэтакім жа смелым, як і яго бацька. Здавалася, сам анёл яго пастаянна ахоўвае. Калі і закранала Давыда шабля ці дзіда, то лёгка. Не звяртаючы ўвагі на раненне, перавязваў руку ці плячо — і адразу ў бой. 

Вызваленую ў Гародні пасаду кашталяна Віцень прапанаваў яму. Дарэчы, слова гэтае паходзіць ад лацінскага castellum, што і азначае «замак». Гарадзенскі замак знаходзіўся на трыццаціметровай гары над Нёманам. І з’яўляўся непрыступнай крэпасцю. Тым не менш крыжакі пастаянна нападалі на горад. Часам па два гады запар. 

Не паспеў князь Давыд падабраць баяздольную дружыну, як зімой 1305 года з’явілася войска самога каменданта Брандэнбурга Конрада Ліхтэнхагена. Аблога працягвалася два дні. У абароне ўдзельнічала не толькі дружына Давыда, але і воіны Гедыміна. Ды ўсё адно даводзілася нялёгка. Але падаспеў са сваім войскам Віцень. Сумеснымі дзеяннямі яны прымусілі крыжакоў уцякаць. 

Смеласць, рашучасць — таксама зброя 

Аднак ад сваіх планаў авалодаць крэпасцю над Нёманам не адмовіліся. Праз год паўтарылі набег. Да сцен замка падышлі шэсць тысяч лёгкіх коннікаў і сотня цяжка ўзброеных рыцараў. Перад гэтым яны разбурылі і спалілі горад. У поспеху не сумняваліся, таму не спяшаліся браць замак прыступам, а аблажылі з усіх бакоў. 

Сілы былі няроўныя. Калі аблога зацягнецца, доўга не пратрымаешся. Многае залежала ад рашучасці і нечаканасці. Таму Давыд загадаў адчыніць браму замка, чаго крыжакі не чакалі. Іх хвіліннай разгубленасці хапіла, каб князева дружына перайшла ў наступленне і пачала цясніць чужынцаў. Толькі яны хутка апамяталіся. Усё ж колькасная перавага была на іх баку. Аднаго не разумелі: смеласць, рашучасць — таксама зброя. Абаронцы, крыху адступіўшы, не паспяшаліся за сцены замка, а пайшлі ў чарговы наступ. Так працягвалася з пераменным поспехам некалькі разоў. Не паспеўшы адцясніць крыжакоў, воіны Давыда адступалі. Але, сабраўшыся з сіламі, зноў ішлі на іх. 

Манета «Давыд Гарадзенскі».

Бой працягваўся да позняга вечара. Крыжакам нічога не заставалася, як адступіць за Нёман. Даведаўшыся пра гэтую перамогу, Віцень цалкам пера¬канаўся, што не памыліўся ў маладым пскоўскім князю. 

Гарадзенскі — гэтым усё сказана 

Крыжакі з’яўляліся заклятымі ворагамі Вялікага Княства Літоўскага. Колькі ні цярпелі паражэнняў, ад захопніцкіх планаў не адмаўляліся. Не стала ўрокам і гэтае паражэнне. Адзін з атрадаў захацеў штурмам узяць Гародню. Але спачатку рабаваў навакольныя землі. Потым на Гародню рушыў колішні магістр Тэўтонскага ордэна Генрых фон Процкі. 

Ён ужо быў вялікім маршалам, праславіўся сваім вайсковым майстэрствам. У гэтым раней упэўніўся і Віцень, калі Процкі разбіў яго чатырохтысячнае войска. Цяпер таксама дзейнічаў рашуча. І спадзяваўся не толькі на баяздольнасць сваіх воінаў. Знайшоўся адзін гарадзенец, якога Процкі некалі вызваліў з палону. Ён паабяцаў яму дапамагчы авалодаць горадам. 

Пра гэта неяк даведаўся князь Давыд. Адразу ж паведаміў Віценю, які паспяшаўся са сваёй дружынай у Гародню. Прыйшоў раней, чым падышлі ворагі. Процкі мусіў адступіць, але ад намеру заваёўваць землі Вялікага Княства Літоўскага не адмовіўся. 

У верасні 1314 года зноў пайшоў на Наваградак. План наступлення распрацаваў загадзя. Прадугледзеў усё і для зваротнага шляху. На значнай адлегласці адзін ад аднаго былі створаны склады з правіянтам, якія ахоўвалі ўзмоцненыя атрады. 

Асноўнае войска да Наваградка рухалася двума шляхамі. Конніца — уздоўж берага Нёмана. Астатнія воіны плылі на суднах. Па дарозе крыжакі не толькі стваралі склады, але і рабавалі насельніцтва. Многіх забівалі, паселішчы спальвалі. 

Толькі Наваградак з ходу не ўзялі. Штурм прадоўжылі на другі дзень. Па загадзе Віценя ў гэты час на падмогу наваградцам спяшаўся князь Давыд. Часу заставалася мала. Але гэта не перашкаджала яму знішчаць варожыя склады і спальваць крыжацкія судны. Яны ахоўваліся. Ды ўсё адбылося так нечакана, што не аказалі супраціўлення. Як і пры падыходзе княжацкай дружыны да лагера Процкага. Асноўныя сілы праціўніка штурмавалі непрыступныя наваградскія сцены. А трыццаць чалавек бавілі час у рэзерве. Усе яны воінамі Давыда былі забіты. Гарадзенцы захапілі варожы абоз і 1500 коней. 

Даведаўшыся аб гэтым, Процкі загадаў спыніць аблогу Наваградка і адступаць. І тут крыжакі даведаліся, што іх судны спалены. Пачалася паніка. Адсутнасць складоў выклікала голад. Да ўсяго Давыд паслаў услед разрозненыя атрады, якія арганізоўвалі засады. Толькі нямногія з захопнікаў праз паўгода дабраліся дамоў. 
Слава аб гераізме гарадзенскага князя пайшла далёка за межы Вялікага Княства Літоўскага. З гэтага часу яго іначай як Давыдам Гарадзенскім не называлі. 

Перамога за перамогай 

Пасля гэтага стасункі паміж Віценем і Давыдам сталі асабліва цеснымі. Шкада толькі, што працягваліся нядоўга. Праз некалькі месяцаў Віценя не стала. Вяртаючыся з паходу ў Прусію, ён загінуў ад удару маланкі. Пагаворвалі, праўда, што прычына ў іншым — вялікага князя літоўскага забілі блізкія Гедыміну людзі. У тыя часы ў барацьбе за ўладу многія не шкадавалі і сваіх сваякоў. 

Велікакняжацкі прастол заняў Гедымін. З ім у Гарадзенскага склаліся прыязныя адносіны. Магчыма, ведаў, як загінуў Віцень. Толькі не хацеў выказваць падазрэнне. Да ўсяго ў Гедыміна была вельмі прыгожая дачка Бірута. Хацеў парадніцца. Чакаў толькі, калі яна падрасце. Ды і Біруце ён падабаўся ўжо. Нарэшце тое, пра што абодва думалі, збылося. Бірута горача кахала свайго мужа. Давыд — гэтаксама яе. 

Гедымін не толькі радаваўся, што з’явілася дружная сям’я. Ён змог яшчэ больш упэўніцца ў баявым майстэрстве свайго зяця. Чарговае выпрабаванне князь Давыд вытрымаў у 1319 годзе. Вялікі князь загадаў яму кіравацца на Прусію, каб спыніць магчымы напад крыжакоў на Жамойць. Нягледзячы на тое, што ў паход адправілася 800 чалавек, Давыд захаваў канспірацыю. Калі непрыкметна падышоў да правінцыі Вегенштоф, крыжакі разгубіліся, супраціўлення не аказалі. 

Помнік на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага ў Гродне.

Праз некаторы час аб’яднаныя лівонскае і дацкае войскі вырашылі захапіць Пскоў, каб пасля авалодаць княствам. Калі ўзнікла небяспека, у 1322 годзе пскавічане паклікалі на дапамогу сына свайго колішняга князя Цімафея. 

Гедымін быў не супраць гэтага, бо з’явілася яшчэ адна магчымасць аслабіць даўніх ворагаў ВКЛ. Крыжакі, разумеючы, што ў іх недастаткова сіл, у студзені 1323 года паспяшаліся заключыць саюз з Ноўгарадам. Спадзяваліся, што гародненскі князь, даведаўшыся аб гэтым, адмовіцца ад наступлення. Але іх спадзяванні аказаліся марныя. Аб’яднанае войска гарадзенцаў і пскавічоў узяло горад Рэвель, сённяшні Талін. 

Нанёсшы крыжакам вялікі ўрон, яно накіравалася назад. Крыжакі ішлі за ім літаральна па пятах, каб адпомсціць за паражэнне. Але, калі падышлі да Пскова, пераможцы ўжо знаходзіліся за выратавальнымі крапаснымі сценамі. Сабраўшыся з сіламі, ворагі пачалі штурм. Толькі з гэтага нічога не атры¬малася. Тады перайшлі да аблогі, што працягвалася трое сутак. Аднак усе ата¬кі былі паспяхова адбіты. 

Удар з-за вугла 

Толькі ад намеру авалодаць Псковам не адмовіліся. У тым жа 1323 годзе зноў падышлі да яго сцен. Аблога працягвалася дзень, другі... Наступіў васямнаццаты... Сілы абаронцаў слабелі. Многія загінулі. Яны спадзяваліся на дапамогу Ноўгарада. Але князь Юрый Данілавіч адмовіў у просьбе. Становішча ўратавала рашучасць Давыда Гарадзенскага. Ён нечакана загадаў адчыніць вароты. Ашаламляльным кідком крыжакі былі адбіты. А тут на дапамогу прыйшоў ізборскі князь Астафій. 

Крыжакі ўжо даўно лічылі князя Давыда адным з самых небяспечных сваіх ворагаў. Пасля няўдачы пад Псковам іх нянавісць яшчэ больш узмацнілася. Каб адпомсціць, вырашылі знішчыць яго сям’ю. 

Бірута з малалетнімі дзецьмі жыла непадалёку ад Гародні. Ранняй вясной 1324 года туды непрыкметна прабраўся атрад крыжакоў у 600 чалавек. Нешматлікая ахова не змагла аказаць супраціўлення. Чужынцы нікога не пашкадавалі. 

Калі вестка аб гэтым дайшла ў Гародню, князь Гарадзенскі паспяшаўся да свайго дома. Замест пабудоў убачыў толькі галавешкі ды прысак. У роспачы заплакаў. А калі прыйшоў у сябе, у гневе закрычаў: 

— Усім адпомшчу! Нікога не пашкадую. 

Помста — не выйсце, але... 

Якім лютым ён можа быць у гневе, даказаў у тым жа 1324 годзе, калі пайшоў на Мазовію. Узяўшы горад Пулуцк, цалкам зруйнаваў яго. Незайздросны лёс напаткаў і навакольныя населеныя пункты. Ураганам прайшоўся і па Добрынскай зямлі. Магчыма, працягваў бы заваёўваць Польшчу, ды ўстрывожыўся кароль. Спачатку хацеў супрацьстаяць яму сілай. Але перадумаў. Давыд Гарадзенскі ўжо разышоўся так, што нішто не магло яго спыніць. 

Урэшце кароль вырашыў пайсці з Вялікім Княствам Літоўскім на перамовы. Да Гедыміна спешна накіравалася пасольства. Яно прапаноўвала заключыць саюз і разам змагацца супраць крыжакоў. Гедымін не толькі прыняў гэтую прапанову, але і парадніўся з польскім каралём. Аддаў сваю дачку замуж за яго сына. Да ўсяго загадаў вызваліць з палону палякаў, захопленых у час папярэдніх баявых дзеянняў. Другую сваю дачку Гедымін аддаў за мазавецкага князя Тройдзена. Тым самым знайшоў у яго асобе надзейнага саюзніка. 

Гэта не магло не радаваць Давыда Гарадзенскага — ён не збіраўся спыняць барацьбу з крыжакамі. Цяпер жа можна было выступіць аб’яднаным войскам. У 1326 годзе ўзначаліў войска з 1200 вершнікаў. Быў ажыццёўлены так званы кінжальны паход на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У палон Давыд Гарадзенскі захапіў шэсць тысяч чалавек. 

Радасны вяртаўся дамоў. Абдумваў, як пасля кароткага адпачынку ў Гародні прадоўжыць барацьбу. Поруч былі людзі, якім давяраў. З многімі з іх перамагаў не ў адной бітве. Аднак крыжакі знайшлі ў яго акружэнні чалавека, які згадзіўся яго забіць. Ім аказаўся мазавецкі рыцар Андрэй Гост. 

Для адпачынку для Давыда раскінулі шацёр. Ён не парупіўся паставіць унутраную ахову. Палічыў, што дастаткова знешняй. Гэтым і скарыстаўся Гост. Без цяжкасці зайшоў у шацёр, і здрадніцкі ўдар кінжалам зваліў князя з ног. Рана аказалася смяротнай. 

Пачаўся апошні шлях князя Давыда. У Гародню, у горад, які стаў для яго родным. Па чарзе неслі вершнікі на баявых шчытах цела любімага палкаводца. Пахавалі Давыда Гарадзенскага на беразе Нёмана. Непадалёку ад Каложскай царквы. Каля сцен Барысаглебскага манастыра. Так пайшоў у вечнасць князь, які не прайграў ніводнай бітвы. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».