Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» завітала на агурковыя плантацыі цяплічнага камбіната ўнітарнага прадпрыемства «Рудакова»


У пачатку зімы беларусаў ускалыхнула пытанне, якое ўжо на працягу некалькіх месяцаў не дае спакою усім аматарам свежай гародніны: чаму цана на звычайныя агуркі часам даходзіць да 16 рублёў за кілаграм, калі нават экзатычныя манга і какос у некаторых гандлёвых сетках прапаноўваюць па 6 рублёў за кіло? Няўжо аграрная краіна не можа ў поўнай меры забяспечыць насельніцтва зялёнай гароднінай па даступных цэнах? Карэспандэнт «Звязды» завітала на агурковыя плантацыі цяплічнага камбіната ўнітарнага прадпрыемства «Рудакова» Віцебскага раёна і даведалася, колькі каштуе вырасціць «залаты» па апошніх мерках прадукт.


Адкуль лічбы?

У снежні 2022 года ад шматлікіх пакупнікоў вядомых гандлёвых сетак чулася: «Адурэць: што курыца каштуе амаль 8 рублёў, што агуркі — адно і тое ж. Калі б не навагоднія святы — не трацілі б грошы». Аднак якой бы ні была цана на агурок, некалькі штучак для салаты ўсё ж бралі. Далей — болей: у некаторых магазінах цэннік на зялёную гародніну падскочыў аж да 16 рублёў за кілаграм, і агурок у спажывецкім спісе стаў на адну паліцу з сёмгай. З незадаволенымі каментарыямі наконт цаны заўважлівыя пакупнікі адзначалі і амаль поўную адсутнасць на прылаўках агуркоў беларускіх вытворцаў. Здаецца, што, калі ўжо грамадскі рэзананс дасягнуў найвышэйшай кропкі, цэны паціху папаўзлі ўніз.

Кожны разумее, што цэнавая палітыка фарміруецца на падставе сезоннасці: таматы і агуркі летам каштуюць значна ніжэй, чым узімку. Да таго ж гародніна, якая амаль на 90 працэнтаў складаецца з вады, не можа быць закладзена ў стабілізацыйныя фонды. У пачатку зімы на прылаўках пераважалі расійскія і турэцкія агуркі, цэны на якія былі досыць высокія. Напрыклад, у крамах Санкт-Пецярбурга прадаўцы выстаўляюць цэннік не за кілаграм, а за адзін агурок, каб не шакаваць спажыўцоў. Расійскія вытворцы апраўдваюць цэнаўтварэнне (агуркі прыязджаюць да нас у сярэднім па 7,5 рубля) падаражэннем электраэнергіі і складанай геапалітычнай абстаноўкай, з-за якой краіна-суседка засталася без насеннага фонду.

Але, забягаючы наперад, заўважу: з сярэдзіны студзеня на прылаўках пачаў з’яўляцца беларускі агурок, які зараз каштуе ў межах 8 рублёў. У пачатку сакавіка цана знізіцца, а ў разгар сезона зялёную гародніну можна будзе купіць сапраўды нядорага.

Ад семечкі да плода

Цяплічны камбінат УП «Рудакова» з’яўляецца вядучым прадпрыемствам у Віцебскай вобласці і адным з найбуйнейшых у краіне па вырошчванні і рэалізацыі свежай гародніны. Акрамя агуркоў і таматаў, камбінат прапаноўвае салат, кроп, пятрушку, базілік і рукалу. Ураджай тут вырошчваюць у энергазберагальных зашклёных цяпліцах, вялікай перавагай цяплічнай гаспадаркі з’яўляецца ўласная цеплаэлектрацэнтраль, якая дае магчымасць не толькі эканоміць на абагрэве, але і падымаць ураджайнасць за кошт сістэмы падкормкі раслін вуглякіслым газам.

Сёлета пад агуркі адведзена 8 гектараў з улікам «дасветленых» градак. У дваццатых чыслах снежня тут высадзілі расаду на плошчы больш за 1,5 гектара, а ўжо 14 студзеня знялі першы ўраджай. Па тэхналогіі «дасветкі» ў «Рудакова» працуюць не першы год, гэта, вядома, затратна — узімку кароткі светлавы дзень, на вуліцы холадна. Аднак асвятленне і ацяпленне сябе апраўдваюць — у сярэдзіне зімы камбінат атрымлівае якасную натуральную прадукцыю. Летась дзякуючы тэхналогіі агароднікі сабралі звыш 1,3 тысячы тон агуркоў пры сярэдняй ураджайнасці больш за 80 кілаграмаў з квадратнага метра.

Пачынаючы з 14 студзеня на камбінаце штодзень, акрамя нядзелі, вядуць збор агуркоў у даволі цяжкіх умовах: тэмпература днём трымаецца на ўзроўні 20–24 градусаў, з непрывычкі б’е па вачах цьмянае жоўтае святло энергазберагальных лямпаў. Акрамя збору, работнікі цэлы дзень спраўляюцца на ўчастках: абрываюць лісце, на спецыяльных пад’ёмніках падкручваюць агурковыя плеці, якія могуць вырастаць да 10 метраў увышыню. Адно толькі радуе, што палоць пустазелле не трэба — агуркі растуць на мінеральнай ваце ў спецыяльных касетах, гэта мінімізуе разыку заражэння раслін інфекцыямі. За цяжкую працу — добры заробак: за студзень агароднікі, якія сабралі высокі ўраджай, атрымалі пад 2000 рублёў.

Пасля заканчэння плоданашэння ў маі месца «дасветленых» плантацый зоймуць таматы — такім чынам, спецыялісты камбіната здымаюць з адной градкі два ўраджаі. А на гэтым тыдні на прылаўкі адправіліся агуркі, якія выраслі без дадатковага святла, а гэта значыць, што цана на гародніну будзе зніжацца.

Доўгі час на камбінаце вырошчваюць гладкаствольны салатны агурок, які адрозніваецца насычаным смакам, хрумсткасцю і невялікімі мяккімі семечкамі. З першага абароту атрымліваюць сярэдняплодныя, з другога — кароткаплодныя, а вось калючыя агуркі з-за сваіх шыпоў захоўваюцца нядоўга і хутка страчваюць таварны выгляд — іх у «Рудакова» не садзяць.

Цікавы факт. У цяпліцах, дзе зараз растуць памідоры, устаноўлены спецыяльныя жоўтыя домікі для чмялёў, яны гаспадараць на гектарах, апыляючы расліны (20–30 кветак за хвіліну). А вось агуркам «паласатая» дапамога не трэба — яны самаапыляльныя.

Рэнтабельнасць і цяжкасці

З чаго складаецца цана на беларускі агурок? Палічым разам. У гэтым годзе адпускная цана ў «Рудакова» стартавала з 5,5 рубля, у параўнанні з мінулым яна павялічылася на 35 капеек. Як расказалі эканамісты, амаль 60 працэнтаў яе складаюць выдаткі на аплату электраэнергіі і газу, апошні, дарэчы, для Беларусі каштуе 128,52 долара за 1000 кубічных метраў.

«Даволі высокія цэны на энергарэсурсы не дазваляюць беларускім цяплічным камбінатам канкурыраваць з расійскімі. Хацелася б, каб для нашых прадпрыемстваў цана была ніжэйшая, гэта стала б эфектыўным інструментам фарміравання невысокай адпускной цаны з захаваннем рэнтабельнасці для камбіната», — расказала начальнік вытворчасці цяплічнага камбіната Раіса Крупаціна.

У 40 астатніх працэнтах закладваюцца ўгнаенні, насенне галандскай селекцыі, імпартныя расходныя матэрыялы для пасадкі (аналагаў якім недастаткова ў нашай краіне), зарплата, амартызацыя цяпліц і застаецца невялікі працэнт заробку самога цяплічнага камбіната. А далей уся ўлада над цаной пераходзіць у рукі гандлёвых сетак, аднак і там існуюць пэўныя абмежаванні: 10 працэнтаў — падатак на дабаўленую вартасць, 30 — максімальная гандлёвая надбаўка крамы.

Сваю прадукцыю камбінат штодзень пастаўляе ў сеткі «Ніка», «Карона», «Віцебскія прадукты», ТАА «Еўраторг» і індывідуальным прадпрымальнікам. Правядзём разлік прыкладнай цаны з улікам адпускной і праверым: усё сыходзіцца, ўчора віцебскі агурок у «Ніцы» каштаваў 7,54 рубля. У сезон (ліпень — пачатак жніўня) адпускная цана на агурок знаходзіцца ў межах аднаго рубля, а гэта значыць, што прадпрыемства зарабляе зусім мала.

«Рудакова» забяспечвае свежай гароднінай Віцебск і Віцебскі раён, значную частку вобласці, пастаўляе прадукцыю ў іншыя рэгіёны краіны. Акрамя гэтага, у прадпрыемства паспяхова працуюць 8 фірменных крам, якія прапаноўваюць спажыўцам прадукцыю з мінімальнай надбаўкай, а яшчэ рэалізоўваюць агуркі і памідоры катэгорыі «нестандарт», што асабліва карыстаецца попытам у пакупнікоў падчас летняй кансервацыі.

У мінулым годзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю было вывезена 2654 тоны зялёнай гародніны — гэта чвэрць ад агульнагадавога збору, усяго за 2022 год камбінат рэалізаваў звыш 4,5 тысячы тон агуркоў на 11 мільёнаў рублёў. Але зараз перад цяплічнымі гаспадаркамі краіны стаіць даволі вострая праблема, звязаная з часовым прыпыненнем экспарту прадукцыі: калі абмежаванні не будуць знятыя, унутраны рынак будзе перапоўнены агуркамі з 22 беларускіх камбінатаў. Каб стрымліваць канкурэнцыю ў даволі сціснутых рамках, прадпрыемствам прыйдзецца зніжаць адпускную цану на страту сабе. Як будзе далей — пакажа час.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.