Вы тут

«...Мілагучны жывы гаварок...»


Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
Была яна не беларучкай
І на жніве, і на сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
Прапахлі сонцам і падзолам,
Дажджамі, сокамі раслін,
Пад знак рукам яе мазольным,
Што мелі толькі ў сне спачын.
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях і святочным днём
Не пакідай яе ў парозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.

Аляксей Пысін
1964 г.


Любові да роднага куточка, у якім нарадзіўся, любові да бацькоў і дзядоў, любові да роднай мовы і свайго народа вучылі нас яшчэ ў ХІХ стагоддзі Францішак Багушэвіч і Цётка, у ХХ — Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас. Нас вучаць і сёння найлепшыя прадстаўнікі прыгожага беларускага пісьменства.

Францішак Багушэвіч казаў, што наша мова мае багатыя гістарычныя традыцыі, што гэта мова шматмільённага народа. Ён пісаў: «Чытаў я ці мала старых папераў — па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі... а нашай мовай чысцюхенькай як бы вот цяпер пісалася». І запэўніў пісьменнік, што беларуская мова «такая ж людская, як польская, як французская або нямецкая, або іншая якая».

А яшчэ вось радкі з артыкула Цёткі «Шануйце роднае слова» (надрукаваны ў ліпені 2006 года ў № 27 «Краязнаўчай газеты»): «Вы, маладыя, найчасцей пападаеце між чужых людзей, што нашай мовы не шануюць, «простай, мужыцкай» завуць. З вас часта насміхаюцца, калі гаворыце па-свойму. І вы, чуючы гэта, пачынаеце саромецца матчынай мовы, свайго народа, сваёй радні. Так разрываецца тая жывая звязь, што злучае вас з беларускім народам. Аб ім вы забываеце. Чужых багоў прымаеце: чужую гутарку, звычаі, чужое імя».

І гэты запавет Цёткі мы павінны помніць, бо наша мілагучная сакавітая беларуская мова, як і народная песня, мае багатую душу, як стрыжань, нанізвае на сябе ўсе адценні і залацінкі народных традыцый і культуры Беларусі. Яна для ўсіх людзей як крылы для птушак, як падмурак для дома, як рэйкі для цягніка, як сокі для раслін, як ногі для чалавека.

Чаму такая ўвага і пашана да мовы? Ды таму, што яна найвялікшы элемент духоўнага жыцця любога народа. Гісторыя кожнай нацыі — гэта, перш за ўсё, гісторыя культуры. А культура — гэта традыцыі. Першаэлементам культуры і нацыі, яе падмуркам з’яўляецца мова. Успомнім, што менавіта мова адыграла вырашальную ролю ў стварэнні беларускай дзяржаўнасці. А яшчэ ўспомнім, што чужаземныя захопнікі ўсіх часоў ва ўсім свеце, каб знішчыць той ці іншы народ, перш-наперш вынішчалі яго мову і культуру, гэта значыць, — дух нацыі. 

Сёння большасць журналістаў і пісьменнікаў пішуць толькі на рускай мове. А некаторыя на дзвюх. Заўважана, што і проза, і вершы на роднай мове значна вышэйшай якасці. Вучоныя даказалі, што ведай ты нават пятнаццаць моў, а выказацца, выліць душу на ўсю моц зможаш толькі на адной з іх, бо дасканала ведаць магчыма толькі адну. Давайце ўспомнім, што геніяльны Пушкін добра ведаў французскую мову: на ёй чытаў, гаварыў і нават напісаў некалькі вершаў, але яны былі пасрэдныя. На такім жа ўзроўні на рускай мове былі вершы у Максіма Багдановіча, а на беларускай — ён класік літаратуры. Відаць, што веданне мовы закладзена на генетычным узроўні.

А некаторыя іваны бязродныя сцвярджаюць, што ў будучыні беларуская мова знікне як лацінская і многія іншыя. У ААН складзены спіс моў, якія знікаюць, у яго ўнесена і беларуская. Канечне, яна знікне, калі яе не вывучаць у школе і на бытавым узроўні перайсці на іншыя мовы. І вось што з гэтай нагоды казаў Уладзімір Караткевіч: «Нямы той чалавек, які забыў мову продкаў і не можа ёй спаўна выліць сваю душу, выявіць сябе... І калі ўбіць сабе ў галаву цалкам дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе (г. зн. роднай мовы. — В. А.) не будзе, то... нашто мне такая будучыня. Тут ужо на цвярозы розум трэба думаць, а што нам рабіць?»

У беларускага народа яшчэ ёсць шанс захаваць сваю мову. Найперш трэба клапаціцца пра культуру мовы, пра якасць слова. Як раіў Рыгор Барадулін: «У змаганні выстаі ды роўнае праўдзе слова выстагні». І абавязкова паважаць родную мову як святыню. У гэтым сэнсе павучальны адзін з казацкіх запаветаў: «Помні, што кожнае тваё слова — слова народа твайго, няхай не будзе яно ў асуджэнне яго...»

У абарону роднай мовы выступалі Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Янка Брыль — увогуле ўсе выдатныя беларускія пісьменнікі. Вось урывак з верша «Шчыраму лаціністу» Кандрата Крапівы, які ён напісаў яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя, калі было засілле іншаземных моў:

Трэба мне адукавацца,
Бо ў «Савецкай Беларусі»
Давядзецца скора, мусіць,
Па-кітайску друкавацца.

Лацініст заядлы, шчыры!
Пралупі ты зрэнкі шырай
Ды на дол спусціся з неба,
Наш таварыш безгаловы,

Дык убачыш, што нам
Мова беларуская
Тут трэба — як вада, 
Як кавал хлеба,
Як расліне кожнай глеба.

Па сведчанні Янкі Брыля, на адной з нарад Кандрат Крапіва сказаў, што ў настаўнікаў, як і ў пісьменнікаў, святы абавязак — любіць і ахоўваць беларускую мову. А паэтэса Соф’я Шах гэтую мудрасць класіка ўвасобіла ў паэтычны радок:

Беларуская родная мова — 
мілагучны жывы гаварок...
Дай жа, Божа, каб ніякая змова 
не муціла твой чысты выток.

І ў заключэнне — некалькі запаветаў пісьменнікаў да моладзі.

Францішак Багушэвіч пакінуў такі: «Не кідайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі». Калі хто з вас трапіць у Смаргонь, то гэтыя словы вы прачытаеце на п’едэстале помніка класіку беларускай літаратуры. Цётка звярталася да моладзі з такімі словамі: «На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: узбагачаць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы, бо запраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі».

Вельмі мудры запавет пакінуў класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка:

Беражыце нашу родну мову — 
Жыцця народа аснову.
Шанаваць зямное ўсё трэба, 
Але ж паглядайце пільна на неба. 
Жыццё чалавека не бесканечнае,
Таму клопаты вашы пра вечнае.
На развітанне сказаць мушу:
Жывіце ў сям’і душа ў душу — 
Бог таго штодня ўратуе, 
Хто сам сябе вартуе.

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ 

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.