Вы тут

«Толькі б быць чалавекам спярша...» Агляд студзеньскага «Полымя»


Размову пра студзеньскі нумар часопіса «Полымя» хацелася б пачаць з гутаркі публіцыста, празаіка, паэта, журналіста Зіновія Прыгодзіча з пісьменнікам Навумам Гальпяровічам — «Толькі б быць чалавекам спярша...» Суразмоўцаў наўрад ці трэба прадстаўляць. Іх добра ведае беларускі чытач. Чытач «Звязды» — тым болей...


Дазволю сабе прывесці адказы Навума Якаўлевіча на два пытанні. Пра патрыятызм: «Я лічу, што патрыятызм — натуральная якасць любога нармальнага чалавека. Яго не трэба выхоўваць штучна. Патрыятызм — гэта адчуванне таго, што ты на сваёй зямлі, самай дарагой на свеце, якую ты ні на што не прамяняеш, і нават думак такіх не можа быць». І пра веру, рэлігію: «З рэлігіяй у часы майго дзяцінства і маладосці змагаліся заўзята. У школе — на ўроках і пазакласных мерапрыемствах, на радыё і ў кіно, у кнігах і брашурах.

У нашым завулку жыў бацюшка адзінай у Полацку царквы айцец Васіль. Да яго прыходзіў у госці ўнук нашага ўзросту, дык мы да яго баяліся набліжацца, як да заразнага хворага. А пра тое, што камуніст, сакратар камсамольскай арганізацыі верыць у Бога і ходзіць у царкву, нават гаворкі не магло быць. 

Праўда, як потым высветлілася, далёка не ўсе станавіліся заўзятымі атэістамі. Скажам, мая цешча была актывісткай праваслаўнай царквы, і ўсе яе шасцёра дзяцей і цесць Іван Георгіевіч спраўна наведвалі царкву і адзначалі праваслаўныя святы.

Ды і сам я праз гады стаяў перад алтаром у маленькай вясковай царкве. Мне было важна жыць з Богам не проста ў душы, а быць далучаным да гэтага святым таінствам прычашчэння. І хай, як у біблейскай прытчы, кіне ў мой агарод камень той, хто лічыць сябе бязгрэшным і правільным. А я лічу, што жыць з народам — значыць, быць з ім ва ўсім. Такі мой свядомы выбар, правільны ён ці не. І таму мы разам». 

У студзеньскім нумары з творамі паэзіі і прозы выступаюць вядомыя беларускія паэты і празаікі Мікола Маляўка, Віктар Казько (друкуецца працяг аповесці «Высакосны год»), Алесь Жыгуноў, Людміла Лазута, Міхал Бараноўскі, Мікола Канановіч

У раздзеле «Навуковыя публікацыі» змешчаны артыкул Наталлі Бахановіч «Беларуская проза пачатку XX стагоддзя: этнакультурная і моўная ідэнтычнасць асобы». Сярод іншых публікацый вылучаецца архіўна-пошукавы дослед Людмілы Рублеўскай «Невядомая п’еса Рыгора Шырмы». 

Краязнаўства прадстаўлена публікацыямі Ігара Пракаповіча «Гісторыі з краязнаўчых вандровак» і Алеся Карлюкевіча «Навагрудскія літаратурныя ўзгоркі». 

А ў «Кнігарні» — рэцэнзіі на кнігі доктара філалагічных навук Івана Штэйнера «Похвала слову уходящему» і доктара філалагічных навук Івана Саверчанкі «Рыцары Белай Русі». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.