Вы тут

У Вярхоўным Судзе распавялі аб новым спосабе мірнага ўрэгулявання спрэчкі


Новы спосаб урэгулявання спрэчкі па справах іскавай вытворчасці — шляхам перагавораў бакоў пры садзейнічанні іх адвакатаў — з’явіцца ў Беларусі, распавёў журналістам першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА.

«Для беларускага цывілістычнага працэсу гэта пэўная навацыя. Яе сутнасць у тым, што працэдура ўрэгулявання спрэчкі і прымірэння будзе праводзіцца без удзелу суда, але з удзелам адвакатаў і прадстаўнікоў бакоў. Каб гэтую працэдуру „уключыць“, інтарэсы кожных з бакоў павінен прадстаўляць у судзе адвакат», — адзначыў Валерый Калінковіч.

Па яго словах, падобныя працэдуры досыць распаўсюджаныя ў іншых прававых сістэмах. Да таго ж, у адрозненне ад беларускага правасуддзя, многія прававыя сістэмы, асабліва заходнееўрапейскія, прадугледжваюць абавязковы ўдзел адвакатаў у грамадзянскіх спрэчках.

Як растлумачылі ў Вярхоўным Судзе, новы спосаб урэгулявання спрэчкі па справах іскавай вытворчасці прадугледжваецца ў судах першай і апеляцыйнай інстанцый. Пры перагаворах інтарэсы ўсіх працэсуальных бакоў спрэчкі ў судзе прадстаўляюць прафесійныя прадстаўнікі — адвакаты. Гэты спосаб прымірэння ў эканамічных судах можа быць запатрабаваны па спрэчках з умоў заснавальніцтва камерцыйных арганізацый, аб невыкананні або неналежным выкананні абавязацельстваў па дагаворах, аб пазадагаворных абавязацельствах. Пагадненне па выніках перагавораў падпісваюць бакі, іх прадстаўнікі (адвакаты).

У выпадку, калі па справах іскавай вытворчасці ўсе бакі прадстаўлены адвакатамі, выбар спосабу прымірэння застаецца за бакамі. Яны могуць урэгуляваць спрэчку як самастойна, так і пры садзейнічанні іншых асоб — адвакатаў, судовага прымірыцеля з ліку асоб, якія займаюць дзяржаўную пасаду ў эканамічным судзе, або пазасудовага медыятара.

«У тым ліку і наша практыка паказвае, што актыўны ўдзел ва ўрэгуляванні спрэчак не толькі саміх бакоў, але і іх прафесійных прадстаўнікоў у шэрагу выпадкаў дазваляе сапраўды досыць хутка знайсці аптымальныя шляхі ўрэгулявання спрэчкі або канфлікту, у тым ліку з прававога пункту гледжання, — сказаў першы намеснік старшыні ВС. — Любое мірнае пагадненне, да якога прыйдуць бакі, павінна не супярэчыць закону, не ўшчамляць нічыіх правоў, не закранаць інтарэсаў тых асоб, якія ў працэсе не ўдзельнічаюць». Па некаторых катэгорыях спрэчак, напрыклад, зямельных, маёмасных, без прафесійнага юрыста гэта зрабіць няпроста.

Валерый Калінковіч заўважыў, што адвакацкая супольнасць гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі новага інстытута і будзе максімальна дапамагаць сваім кліентам дасягаць кансенсусу, неабходнага для заканчэння спрэчкі прымірэннем. «Яшчэ адна магчымасць мірнага ўрэгулявання судовай спрэчкі будзе спрыяць не толькі вырашэнню канкрэтнай прававой сітуацыі, але і супакаенню нашай грамадскай свядомасці ў цэлым», — адзначыў ён.

Першы намеснік старшыні ВС сказаў, што ў дзеючым грамадзянска-працэсуальным і гаспадарча-працэсуальным заканадаўстве нададзена значная ўвага магчымасці ўрэгуляваць спрэчкі і канфлікты мірным шляхам. З прыняццем новага Кодэкса грамадзянскага судаводства існуючыя інстытуты захаваюцца. «Яны, вядома, застануцца, таму што дастаткова добра абкатаныя практыкай, яны людзям зразумелыя. Распрацоўваючы новы кодэкс, мы першапачаткова не планавалі адмаўляцца ад тых рэчаў, якія добра сябе зарэкамендавалі і якія, галоўнае, патрэбныя людзям», — сказаў на заканчэнне Валерый Калінковіч.

У 2022 годзе ў ходзе грамадзянскага судаводства спынена больш за 20 тыс.грамадзянскіх спраў, у тым ліку ў сувязі з адмовай істца ад пазову, заключэннем мірных пагадненняў. У эканамічным правасуддзі ў падобных сітуацыях за год спынена больш за 2 тыс.эканамічных спраў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».