Вы тут

«Праглядзіце гэты томік...»


«Вянок «Вянкоў»» — такую назву атрымаў экспазіцыйны праект, прысвечаны 110-годдзю адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча. Выстаўка са студзеня дзейнічае ў мінскім музеі паэта і будзе працаваць цэлы год. Галоўны яе «сакрэт» — штомесяц новыя экспанаты — арыгінальныя кнігі «Вянок» (1913) і матэрыялы, прысвечаныя іх уладальнікам.


У 1913 годзе ў Вільні ўбачыла свет кніга маладога беларускага генія «Вянок», але, як і сто гадоў таму, яна сёння прыцягвае ўвагу чытачоў і даследчыкаў, мастакоў і кампазітараў. Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча беражліва захоўваюць кнігі з аўтографам паэта, прэзентуюць «Вянок» падчас імпрэз і выставак, збіраюць інфармацыю пра арыгінальныя зборнікі.

Выстаўка прысвечана зборніку вершаў М. Багдановіча «Вянок», які аўтар падараваў роднай цётцы Марыі Ягораўне Галаван (Багдановіч). Каштоўнасць кнігі ў тым, што на ёй маецца аўтограф Максіма Багдановіча: «Тете Маше от любящего ее автора. 22.03.1914 г. М. Богданович». Маленькі, сціплы дароўны надпіс можа пра многае нам распавесці, напрыклад, пра вельмі цёплыя адносіны пляменніка да цёткі, пра тое, што паэт лічыў вельмі важным падараваць свой зборнік вершаў блізкім людзям. Дата ў дароўным надпісе — 22.03.1914 г. — падказвае, што хутчэй за ўсё менавіта ў гэты дзень беларускі паэт, які жыў у Яраслаўлі, атрымаў пасылку з кнігамі з Вільні і спяшаўся падзяліцца радасцю. Гэтая дата прысутнічае і на іншых асобніках «Вянка». Пра іх распавядзём пазней.

Кніга паступіла ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 20 красавіка 1984 года. Перададзена ў музей Нінай Ватацы, галоўным бібліёграфам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (цяпер — Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Ніна Барысаўна — даследчык жыцця і творчасці М. Багдановіча, збіральнік яго асабістай і творчай спадчыны. Яна ліставалася, сустракалася з роднымі М. Багдановіча, кнігу атрымала яшчэ да таго, як быў створаны музей, ад Наталлі Глебаўны Кунцэвіч, стрыечнай пляменніцы паэта, захавальніцы сямейнага архіва.

Невыпадкова, што супрацоўнікі музея вырашылі распачаць выставачны праект з кнігі, падараванай паэтам цётцы Марыі Галаван. У лютым адзначаецца дзень нараджэння Марыі Ягораўны. Яе старэйшы брат і бацька паэта Адам Багдановіч піша ў мемуарах: «Очень скоро по возвращении из Минска родилась моя сестра Машутка. Если не ошибаюсь, это было 5 февраля 1872 года в бабиной хате, где много детей родилось. Крестили ее, как и Павлинку, во Мхерине. Кумы были самые демократичные: Иван Милькин, т. е. Шинкевич, и Пракседа Петрова, Голованиха. Решено было не лезти в свойство с панами, которые обычно разлетались в разные стороны, а держаться своих, местных оседлых. Такова была мысль матери». Цікава, што сярод хросных — Галаваніха ці, хутчэй, Пракседа Галаван, верагодна, маці альбо родзічка будучага мужа Марыі Ягораўны.

Адам згадвае, што на яго ляглі клопаты па доглядзе сястры Паўліны, а маленькую Машутку глядзела Магдаліна. Іх маці Анэля Багдановіч памерла, калі Марыі было ўсяго 8 гадоў. Спачатку бацька аддаў малодшую дачку ў сям’ю нейкага чыгуначніка з абавязкам плаціць за пракорм, па ўспамінах, яна была «на хлебах в чужой семье железнодорожных служащих». Адам папрасіў бацьку забраць Машу ад чужых людзей, паабяцаўшы, што пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі забярэ яе і сясцёр. Пэўны час Марыя была разам з бацькам і сястрой Паўлінай у Калузе, потым з бацькам — у Адэсе.

Марыя Багдановіч з пляменнікамі.

Калі цяжка захварэла маці паэта Марыя Багдановіч восенню 1896 года, Марыя па просьбе Адама Ягоравіча прыехала з Адэсы, каб даглядаць пляменнікаў. Разам з Багдановічамі выехала ў Ніжні Ноўгарад на сталае жыхарства, замяніла матулю Максіму і братам. Як сведчанне гэтага на выстаўцы экспануецца фотаздымак цёткі з пляменнікамі.

Пазней Марыя Багдановіч выйшла замуж за Трыфана Пятровіча Галавана, які быў родам з Халопенічаў. Нарадзіла пяцёра дзяцей: Андрэя, Барыса, Марыну, Ганну, Дзмітрыя (памёр маленькім у Ніжнім Ноўгарадзе). Яе стрыечная пляменніца Наталля Глебаўна Кунцэвіч пісала, што ў 1914 годзе сем’і Галаванаў і Гапановічаў сталі жыць у адным доме, які належаў Івану Севасцьянавічу Кубаткіну. Пасля гаспадар прадаў дом Мяшкову, уладальніку рэстарана «Усходні базар», вакол якога было шмат розных летніх дамоў, прыстасаваных для купцоў, што прыязджалі на знакаміты Ніжагародскі кірмаш. Дом быў падзелены на 4 кватэры, спачатку Галаваны і Гапановічы жылі на першым паверсе, пасля Гапановічы пераехалі на другі.

Фотаздымак дома, які перададзены ў фонды музея Аркадзем Бараховічам, мужам стрыечнай пляменніцы М. Багдановіча, таксама можна ўбачыць у экспазіцыі. У гэтым доме Марыя Ягораўна Галаван пражыла да самай смерці 27 кастрычніка 1931 года. У лісце да Кацярыны Пешкавай ад 17 лістапада 1931 года Адам Ягоравіч пісаў: «Хороший она была человек: ровная, веселая, отзывчивая и много добра сделала людям, чем могла. Достаточно сказать, что, имея четверых детей, при скромных средствах, смогла воспитать и вывести в люди трое чужих. Племянница пишет, что весь околоток, где она прожила 30 лет, оплакивал ее смерть, и часто слышалось: она мне мать родная была» (ліст захоўваецца ў Архіве-музеі А. М. Горкага, г. Масква). 

На выстаўцы прадстаўлены яшчэ адзін фотаздымак Марыі Ягораўны Галаван, зроблены ў Ніжнім Ноўгарадзе, у атэлье аднаго з самых вядомых ніжагародскіх і наогул расійскіх фатографаў пачатку ХХ стагоддзя — Максіма Пятровіча Дмітрыева. Побач — невялікая памятка пра цётачку Марыю — віншаванне ад пляменнікаў Веры і Пеці Гапановічаў. Можна прачытаць напісанае нясмелым дзіцячым почыркам: «Поздравляю дорогая тетя Маня. Вера. И я поздравляю тебя милая тетя Маня. Твой преданный слуга Петр Иванович Гапанович. Рука моя писала не знала для кого, но сердце мне сказало для друга моего». Віншаванне паступіла ў фонды музея з архіва сям’і, на жаль, пакуль немагчыма сказаць, калі дзеці яго напісалі і з якой нагоды.

Экспазіцыя — пачатак нашага выставачнага праекта «Вянок «Вянкоў»», прысвечанага юбілею зборніка вершаў Максіма Багдановіча. Наперадзе вас чакаюць новыя сустрэчы і новыя «Вянкі», у кожнага з якіх свае жыццёвыя дарогі, свой лёс...

Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Фота з фондаў музея

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.