Вы тут

Лыжныя гонкі «Магілёўская лыжня — 2023» парадавалі азартам і эмоцыямі


Чавусы вядомыя ў краіне як цэнтр развіцця біятлона, тут функцыянуе адна з моцных дзіцяча-юнацкіх школ па гэтым відзе спорту. Адсюль выйшлі вядомыя на ўвесь свет сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы Сяргей Новікаў, алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава. Некалькі гадоў таму спартыўную базу школы істотна ўмацавалі, зараз гэта свайго роду міні-Раўбічы, дзе праводзяцца гульні не толькі раённага маштабу. Гэтым разам цэнтрам увагі стала лыжаролерная траса, дзе рэкорды ставілі прадстаўнікі выканаўчай ўлады, дэпутаты, праваахоўнікі, ратавальнікі і ўсе ахвотныя. Эстафетныя забегі рабіліся на 1000 метраў, была магчымасць паўдзельнічаць і ў індывідуальных гонках.


Фота з сайта mogіlevnews.by.

Непасрэдны ўдзел у абласных лыжных спаборніцтвах прынялі 27 каманд — каля 500 чалавек з усёй вобласці, а з улікам балельшчыкаў, па некаторых падліках, наогул каля тысячы.

Ганаровымі гасцямі вялікага спартыўнага свята сталі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Новікаў.

— Падобныя мерапрыемствы трэба праводзіць, — аргументаваў у сваёй прамове Анатоль Ісачанка. — Яны дапамагаюць папулярызаваць здаровы лад жыцця. Спорт адыгрывае вялікае значэнне ў жыцці нашай краіны. Яму ўдзяляецца значная ўвага з боку дзяржавы.

Першымі на старт выйшлі каманды раёнаў з удзелам іх кіраўнікоў або намеснікаў. Каманды спаборнічалі ў змешанай эстафеце, было відаць, з якім азартам і натхненнем яны змагаліся за перамогу. Гэтым разам не было роўных лыжнікам Круглянскага раёна, яны і сталі лідарамі. На другім месцы — прадстаўнікі Глускага раёна, на трэцім — Быхаўскага.

У другім забегу прынялі ўдзел каманды структурных падраздзяленняў Магілёўскага аблвыканкама. Перамагла каманда апарату аблвыканкама, на другім месцы — прадстаўнікі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве, трэцяй фінішавала каманда галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

У спаборніцтвах сярод прадстаўнікоў сілавых структур найлепшы вынік — у каманды ўпраўлення УУС Магілёўскага аблвыканкама. На другім і трэцім месцах — прадстаўнікі КДБ па Магілёўскай вобласці і абласнога ўпраўлення МНС.

Не менш відовішчнымі былі масавыя гонкі сярод аматараў, у якіх удзел прымалі прадстаўнікі ад 18 і да 70 гадоў.

Старшыня Круглянскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Храмцоў на працягу 20 гадоў — нязменны ўдзельнік лыжных спаборніцтваў — і раённых, і абласных.

— Гэта адзін з маіх любімых відаў спорту з часоў вучобы на факультэце фізвыхавання Магілёўскага тады яшчэ педінстытута, — адзначыў ён. — З тых часоў падтрымліваю форму. Наогул, люблю зіму за магчымасць пакатацца на лыжах. І вельмі радуюся, калі бачу на лыжні дзяцей. Калі бацькі прывучаць іх катацца на лыжах, то зробяць самы вялікі ўнёсак у здароўе. На раённым лыжным свяце мы ўсіх дзетак заахвочвалі медалькамі і шакаладкамі. Лыжамі наогул нельга не захапіцца. І гэтыя дзеці потым перададуць сваё захапленне сваім дзецям, традыцыя працягнецца. І лыжнае свята будзе існаваць і надалей. Яно вельмі яскравае, атмасфернае, а галоўнае — вельмі карыснае для здароўя. Падыхаць свежым паветрам, прамчацца з ветрыкам на лыжах, палюбавацца прыродай і адчуць сябе яе часцінкай — што можа быць лепш?

У раёне паклапаціліся, каб свята было не толькі відовішчным, але і хлебасольным. Валанцёры Чырвонага Крыжа частавалі гарачай гарбатай. Гандлёвыя аб'екты прапаноўвалі падсілкавацца рознымі прысмакамі. Не абышлося без смачнай кашы, якую можна было пакаштаваць бясплатна.

— Спорт не толькі гуртуе калектыў, але і нацэльвае яго ў рабоце на камандны вынік, — перакананы старшыня Чавускай райсавета дэпутатаў, старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін. — «Магілёўская лыжня — 2023» чарговы раз даказала гэта і падарыла ўдзельнікам незабыўныя эмоцыі і выдатны настрой. А для навучэнцаў нашай Чавускай абласной сярэдняй школы, дзе выхоўваюцца будучыя біятланісты і якім, па сутнасці належыць гэтая база, было вельмі прыемна ўбачыць, якая вялікая ўвага ўдзяляецца абранаму імі віду спорту. Гэта стала яшчэ адным моцным стымулам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».