Вы тут

Турнір па валейболе ў Павіцці становіцца святам здаровага спосабу жыцця


Ужо не першае дзесяцігоддзе ў аграгарадку Павіцце Кобрынскага раёна праходзіць турнір па валейболе. Арганізатарам мерапрыемства выступае Павіццеўскі сельскі Савет. Яго старшыня Раіса Дзяцук расказала, што турнір цяпер праводзіцца ў памяць пра яго заснавальніка, настаўніка фізкультуры Уладзіміра Брышцена.


 

Уладзімір Васілевіч быў не проста вясковым настаўнікам — ён быў вельмі паважаным, аўтарытэтным чалавекам. Заўчасна пайшоў з жыцця, але пасля сябе пакінуў вучняў, паслядоўнікаў і галоўнае — традыцыі любові да фізкультуры і спорту. Калега і сябар Уладзіміра Брышцена Мікалай Чопік, які на гэты раз выступіў суддзёй спаборніцтваў, падчас адкрыцця мерапрыемства добрым словам згадаў Уладзіміра Васілевіча:

— Мы былі не проста калегамі, былі сябрамі з дзяцінства, хадзілі ў адну школу. Любоў да заняткаў фізкультурай некалі прывіў нам наш школьны настаўнік. Тады ў Павіцці на кожным роўным лапіку зямлі гулялі ў футбол, хакей, валейбол, ствараліся вулічныя каманды. Ніхто не сядзеў дома вечарамі. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х усё гэта стала паступова згасаць і адрадзілася толькі з прыходам Уладзіміра Брышцена на пасаду калгаснага інструктара па спорце. Потым Уладзімір Васілевіч стаў школьным настаўнікам, і спартыўная зала школы зрабілася месцам прыцягнення ўсёй моладзі. Дзе яшчэ знойдзецца вёска, у якой ёсць ажно чатыры валейбольныя жаночыя каманды? А ў Павіцці дзяўчаты трэніруюцца вечарамі, ніхто іх не заахвочвае, ніхто не прымушае. Заняткі сталі неад'емнай часткай вясковай культуры.

Сапраўды, да турніру тут рыхтуюцца, нібы да свята. Вось і на гэты раз у Павіцце прыехала шмат гасцей, знайшліся спонсары добрай справы. У ліку апошніх — Кобрынскі хлебазавод, які ўзнагародзіў кожную з удзельніц салодкім сувенірам. У спартыўную залу школы прыйшло шмат балельшчыкаў — родных, сяброў, суседзяў удзельніц камандаў. Спаборніцтвы атрымаліся азартнымі і відовішчнымі.

Першае месца заваявалі спартсменкі ААТ «Дняпроўска-Бугскае», сярэбранымі прызёрамі стала каманда Павіццеўскай сярэдняй школы, на трэцяй прыступцы аказалася каманда «Павіцяначка». Акрамя дыпломаў, кубкаў, медалёў і заахвочвальных прызоў ад спонсараў, усе атрымалі зарад пазітыву.

Варта сказаць, што Павіцце, дзе пражывае каля 1200 чалавек, утварае сельсавет. Аўтару гэтых радкоў не раз даводзілася бываць у сельсаветах, якія складаюцца з трох, а то і чатырох дзясяткаў вёсак. У Баранавіцкім раёне, напрыклад, ёсць сельсавет, у склад якога ўваходзіць паўсотні населеных пунктаў. А самадастатковасць Павіцця, відаць, абумоўленая яго геаграфічным становішчам. Яно размешчана крыху ў баку ад іншых вёсак, схавалася за лясамі і балотамі на самым поўдні Кобрынскага раёна, на мяжы з Украінай. Тут з павагай ставяцца да традыцый і звычак продкаў, і разам з тым чулыя да ўсяго новага.

Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады Раісы Дзяцук, тутэйшыя кабеты, якія спрэс за рулём, у час хуткаснага інтэрнэту не лічаць сябе правінцыялкамі. І іх павальнае захапленне фізкультурай і спортам — таму пацвярджэнне.

Сёння ў мясцовай сярэдняй школе разам з садком навучаецца і выхоўваецца каля 150 дзяцей. Ёсць амбулаторыя, пошта, аддзяленне банка, працуюць чатыры крамы. Не закрывалі ў вёсцы лазню, што цяпер рэдкасць. Працуюць вяскоўцы ў сельгаспрадпрыемстве, лясніцтве, на тэрыторыі ёсць чатыры фермерскія гаспадаркі, дзейнічаюць індывідуальныя прадпрымальнікі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».