Вы тут

Жыхарка Ушачаў Людміла Дунец займаецца выпечкай хлеба па старажытных рэцэптах


Жыхарка Ушачаў Людміла Дунец не першы год у хатніх умовах займаецца выпечкай хлеба па старажытных рэцэптах.

Абуджаная памяць пра маленства, праведзенае ў бабулінай хаце з водарам свежага хлеба, натхніла былога віцебскага філолага вярнуцца на сваю малую радзіму і ўзнавіць бабулін занятак. Жанчына не толькі асвойвае новыя гатункі хлебных вырабаў, але і далучае дачку Любаву да сакральнага рамяства.


Людміла Дунец упэўнена: выпечка хлеба — найцікавейшы занятак для душы, сапраўдная творчасць. Да гэтай справы нельга падыходзіць без крэатыву і адпаведнага настрою. Не трэба быць профі-пекарам альбо дыпламаваным тэхнолагам, а проста любіць гэты занятак, як любілі яго вясковыя жанчыны. Вядома, неабходна ведаць традыцыі, удасканальвацца, шукаць сваю індывідуальную «разыначку». А калі знайсці і высакародную ідэю, тады хлеб будзе атрымлівацца сапраўдным боскім ласункам! Людміла адшукала «фішку» і сваю справу абазначыла адпаведным слоганам: «Традыцыя. Паэзія. Зямля». Ідэя Людмілы простая і арыгінальная адначасова: праз адраджэнне народнай традыцыі хлебапячэння яна нясе веды пра свайго земляка Рыгора Барадуліна і яго паэзію. Менавіта з барадулінскага верша запазычыла радок для назвы брэнда — «Жыта жыцця». У кожны пакет з хлебам гаспадыня кладзе надрукаваны на паперцы верш народнага паэта Беларусі, што вельмі падабаецца пакупнікам.

З хлебам Людміла шчыруе ў вольны час, у асноўны працуе ў Доме культуры. У будучым хоча паставіць сваё хлебнае хобі на прафесійны падмурак, не баіцца канкурэнцыі з боку мясцовага хлебазавода, не турбуе яе і вялікая колькасць прадукцыі на прылаўках крам і супермаркетаў. Разумее, што ў наш час ручны працэс выпечкі запатрабаваны: пакупнік шукае здаровы і карысны прадукт. А калі дадаць да гэтага працэсу і духоўны складнік, хлеб займее сапраўдную гаючую сілу. Людміла кажа: «Ушаччына — пацалаваная Богам зямля, быццам бы сам Гасподзь узяў у жменю гэты паэтычны дар і рассыпаў... Таму тут нарадзіліся такія волаты беларускай паэзіі і літаратуры, як Еўдакія Лось, Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Я люблю іх творы і хачу, каб мае землякі таксама ведалі, любілі і ганарыліся. Родная мова і паэзія — хлеб душы».

А што да тэхналогіі вырабу хлеба, у Людмілы Дунец выпечка заснавана на заквасцы, якую ў свой час сама «вывела і ўзгадавала». Яна пячэ трыццаць розных гатункаў хлябоў. Землякі любяць яе боханы і батоны з кменам, з ільняным насеннем і семкамі сланечніку, жытне-пшанічныя «кірпічыкі» з яблычным пюрэ, хлеб з ільняной мукой і цёмным соладам, пшанічны сырны — асартыментная лінейка майстрыхі «зашкальвае» і сапраўды ўражвае.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».