Вы тут

Актуальны Міхась Тычына


У Інстытуце літаратуразнаўства адбыўся круглы стол «Чалавечае вымярэнне М. Тычыны», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўцы, пісьменніка, літаратурнага крытыка. Ва ўспамінах калег ён застаўся вучоным, здатным да шырокіх грамадска-культурных абагульненняў, бліскучым тэарэтыкам і практыкам сучаснага літаратурнага працэсу, аўтарам шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцей, апавяданняў.


Адкрыла круглы стол Ганна Кісліцына, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры, якім больш за дваццаць гадоў кіраваў Міхась Аляксандравіч. Яна выступіла з дакладам «Не пагаснуць у небе зоры», дзе разгледзела жыццёвы, творчы і навуковы шлях свайго папярэдніка, звярнуўшы асаблівую ўвагу на кнігу «Народ і вайна», у якой даследуюцца такія актуальныя праблемы, як «народ», «вайна» і «літаратура». На яе думку, «Народ і вайна» — гэта канцэптуальная спроба перагледзець здабыткі айчыннай літаратуры з улікам асаблівасцей сучаснага ідэалагічнага супрацьстаяння цывілізацый і культур, адвечных традыцый і сучасных мадэрнізаваных стратэгій гістарычнага руху. Расказваючы пра гэтую яркую і запатрабаваную дагэтуль манаграфію, даследчыца адзначыла, што з багацця імёнаў, падзей і фактаў аўтарам былі абраны тыя, якія даюць магчымасць доказна меркаваць пра адметнасць нацыянальнага характару на падставе адносін да такой лёсавырашальнай падзеі, як Вялікая Айчынная вайна. Асобнае месца ў кнізе адведзена даследаванню вобразаў вайны ў творах беларускіх вучоных, сярод якіх вядомыя беларускія літаратуразнаўцы В. Барысенка, В. Івашын, Ю. Пшыркоў, Н. Перкін, Н. Пашкевіч, А. Коршунаў, М. Грынчык, Л. Гаранін, мовазнавец Ф. Янкоўскі, якія ваявалі са зброяй у руках на франтах, удзельнічалі ў падпольным і партызанскім руху. На думку М. Тычыны, жыццёвы, сацыяльны і маральны вопыт, набыты ў часы вайны, дабратворна ўплываў на станаўленне літаратуразнаўства пасляваеннай пары. Ганна Кісліцына адзначыла, што павага да тых, хто ўсталёўваў айчыннае літаратуразнаўства не толькі ведамі, але і сваімі маральна-этычнымі, чалавечымі прынцыпамі, у пэўным плане з’яўляецца запаветам, які пакінуў даследчык нашчадкам.

Менавіта М. Тычыну належыць адзін з базавых у айчынным літаратуразнаўстве тэзіс пра нацыястваральную функцыю беларускай літаратуры, заўважыла Анжэла Мельнікава, доктар філалагічных навук, якая прадстаўляла ГДУ імя Ф. Скарыны і выступіла з дакладам «Карані і крона: творчая і навуковая спадчына М. Тычыны», дзе адзначыла, што літаратуразнаўчыя працы гэтага вучонага яшчэ доўга будуць заставацца актуальнымі, бо ў іх даследуецца не толькі літаратура, але і нацыянальны характар беларусаў.

Падтрымала яе і Лія Кісялёва, кандыдат філалагічных навук, якая таксама акцэнтавала ўвагу на актуальнасці даследчых прац М. Тычыны: «Варта ўвагі тое, што некаторыя з яго манаграфій перавыдаваліся праз пэўны час пасля першай публікацыі. Камусьці гэты факт можа падацца нязначным. Але ці шмат мы можам згадаць у беларускім літаратуразнаўстве даследаванняў, якія вытрымалі некалькі перавыданняў? Такія працы можна пералічыць па пальцах, і гэта сапраўды класічныя працы, якія дзесяцігоддзямі не страчваюць сваёй актуальнасці і застаюцца запатрабаванымі. Да іх ліку належыць, напрыклад, манаграфія Міхася Тычыны «Карані і крона» (1991, 2002), дзе былі раскрыты абсалютна новыя вымярэнні ў, здавалася б, уздоўж і ўпоперак на той час адрэфлексаванай тэме «Беларуская літаратура і фальклор». Яшчэ адзін, у пэўнай ступені фенаменальны, выпадак — праца М. Тычыны «Кузьма Чорны: эвалюцыя мастацкага мыслення». Першае яе выданне пабачыла свет у 1973 г. (і гэта, між іншым, была першая манаграфія Міхася Аляксандравіча), другое, дапоўненае — у 2004 г. За гэтыя тры дзесяцігоддзі свет кардынальна перайначыўся, змяніліся і літаратура, і літаратуразнаўства».

Высокай думкі пра навуковую і творчую дзейнасць юбіляра трымаецца і Мікола Мікуліч, кандыдат філалагічных навук, які адзначыў, што працы М. Тычыны складаюць залаты фонд беларускай навукі. Сярод работ ён асабліва вылучыў літаратурна-крытычныя артыкулы, якія друкаваліся некалі ў часопісе «Беларусь», і прадмову да збору твораў К. Чорнага.

Усё жыццё працаваў у аддзеле тэорыі літаратуры доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі, ён нагадаў, што тут праводзіліся знакамітыя «Тычынаўскія чацвяргі», дзе абмяркоўваліся актуальныя праблемы не толькі айчыннага, але і замежнага літаратуразнаўства, што дазваляла супрацоўнікам адчуць сябе на перадавой сусветнай гуманітарыстыкі. Таксама ён распавёў пра тое, якой наватарскай для свайго часу была літаратурна-крытычная дзейнасць М. Тычыны, і прадэманстраваў захаваны ім альманах «Вобраз-81», дзе змешчаны тычынаўскі артыкул «Права на пошук». Менавіта такой — пошукавай, смелай — была на яго думку і літаратурная крытыка даследчыка.

Ігар Шаладонаў зазначыў, што для яго пакалення М. Тычына стаў чалавекам, які звязваў традыцыю і авангард. Згадваючы навуковыя і чалавечыя вартасці юбіляра, ён нагадаў, што даследчык любіў паўтараць выказванне Ф. Энгельса: «Вока арла бачыць далей, затое чалавечае вока больш распазнае».

З успамінамі пра бацьку выступіла Соф’я Тычына, якая нагадала пра незвычайную эрудыцыю і энцыклапедычную дасведчанасць Міхася Аляксандравіча, які ў жыцці адрозніваўся сціпласцю і стрыманасцю ў паводзінах.

Ганна КІСЛІЦЫНА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.