Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Рабінавая ноч»


Рабінавай ночы ў вёсцы баяліся, і я ў тым ліку. У мяне душа сыходзіла ў пяткі ад кожнай грымоты. З набліжэннем грукаючай хмары ў хаце з разетак выключалі ўсе электрапрыборы, нават радыё, зачынялі вокны, каб не занесла шаравую маланку, якая падчас навальніцы з’яўлялася ў полі.


Фота: pexels.com.

Станавілася ціха, змаўкалі птушкі, куры спыняліся кудахтаць і хаваліся ў куратніку, пчолы вярталіся ў вулей. Паветра рабілася густым, цішыня цяжкай, з чаканнем. Нават конікі спынялі сваё бясконцае стракатанне і кудысьці хаваліся. Людзі кідаліся складаць у капешкі сена, якое сушылася...

Казалі, што «рабінавая» навальніца ў вёсцы час ад часу спальвала дом ці таго горш. Магчыма, Рабінавую ноч так баяліся з-за пажараў, магчыма, з-за чутак, а магчыма, гэта проста былi забабоны. Пра яе распавядалі страшныя гісторыі, але ніхто ў Рабінавую ноч не спаў, ці мала што? Усе былі напагатове!

Не адну гісторыю я чула ў вёсцы пра Рабінавую ноч. Бабуля распавяла мне сваю. У маладосці яна не паслухалася бацькоў і лягла спаць у Рабінавую ноч. Што з гэтага выйшла, я перакажу так, як запомніла, паспрабую словамі бабулi.

***
Я прыйшла з танцаў, калі чорная хмара ўжо навісла над суседняй вёскай. Маланкі раз за разам бліскалі ў баку Карчомкi. Бацькі не спалі, у вёсцы ўсе не спалі, па чарнаце хмары або па частаце маланак людзі ўжо вызначылі, што будзе Рабінавая ноч.

А мне вельмі хацелася спаць. За дзень напрацавалася ў полі, вечарам наплясалася на вечарыне. Не да навальніцы, паесці і спаць. Дастала чыгунок з прасянай кашай і малако, перакусіла. І ў ложак.

Мацi строга папярэдзіла: «Не спі! Чорная хмара з боку Карчомкi ідзе, ужо над лесам. Бабахае як з гармат». «Добра, — адказала я. — Спаць не буду. Толькi прылягу».

Маланкі рэзалі неба і гром грукатаў усё бліжэй і бліжэй. Было душна, хацелася адкрыць акно. Але ўсе вокны зачынілі бацькі. Заціхла ўсё навокал. Лісток не зварухнецца. Паляжала я хвілін пяць і правалілася ў сон.

***
Заснула мая бабуля Праскоўя (у маладосці яе клікалі — Праскоўка), заснула моцна і адразу. Не чула, як навальніца пачалася, як пярун б’е ў зямлю. За ўсё лета такая навальніца раз бывае. У вёсцы ніхто не спіць, так заведзена. Бабы пры кожным удары грому хрысцяцца: «Выратуй і памілуй нас, Святы Ілля Прарок». Мужыкі панура маўчаць.

Моцна заснула Праскоўя, і сніцца ёй сон, быццам бы бяжыць па вёсцы велізарны агністы леў. Вялікі, страшны, памерам больш за дом, і языкі полымя ад яго ва ўсе бакі ірвуцца. Раскрыў чырвоную пашчу — і прама да яе. Вось-вось схопіць, а яна, як ні стараецца, уцячы ад яго не можа. Ногі ў сне як ватовыя. Агністы леў вось-вось схопіць яе жудаснай пашчай. Жах ахапіў Праскоўю... і яна прачнулася.

Падхапілася з гарачкi, а прама перад ёй у акне ярка-чырвоныя языкi полымя, якiя рвуцца ў неба, і гуд жудасны. «Леў! Леў!» — закрычала дзяўчына спрасонку і выскачыла на вуліцу ў доўгай кашулі. З круглымі ад жаху вачыма кінулася прэч ад полымя. Адразу і не зразумела, што гэта за полымя такое велізарнае. Насупраць іх хаты праз вуліцу гарэў дом дзядзькі Цімоха.

Не прайшла міма Рабінавая ноч. Маланка ўдарыла ў дом Цімоха, і ён схапіўся агнём адразу. Кожны год у Рабінавую ноч у сяле згарала чыёсьцi гумно, хлеў, хата або разламанае, абпаленае маланкай дрэва падала на зямлю. Ці то месца такое было, дзе вёска стаяла, ці то жыў нейкі грэшнік сярод аднавяскоўцаў.

З усіх бакоў беглі людзі з вёдрамі. Мычалі каровы ў адрынах, чулася ржанне коняў, узмацняючы ўсеагульны гвалт і паніку. Жонка Цімоха галасіла на ўсю вуліцу, ламаючы рукі. Усё, што нажывалі гадамі, знішчала ненаеднае полымя.

Маці бабулі крыкнула мужу: «Андрэй, лаві Праскоўку, са сну спалохалася, яшчэ розумам кранецца!» І сама пабегла за дачкой, галосячы: «Ой, трэба было будзіць! Нельга ў навальніцу спаць! Прасковачка, стой, гэта ты са сну. Гэта пажар! Яго ўжо тушаць! Стой!»

Злавілі яе, спалоханую, а яна спрабавала вырвацца і бегчы далей. Вадой адпойвалі, супакойвалі: «Гэта навальніца дом падпаліла. Людзі тушаць, дапамагаць трэба, каб агонь не перакінуўся на вёску. Гэта ты са сну не разабралася».

— «Дзе агністы леў?» — ужо ціха і разгублена, азіраючыся па баках, спытала Праскоўя. «Няма ніякага ільва, гэта табе са сну падалося», — супакоіла яе маці і павяла дадому. Потым яе яшчэ двойчы да бабкі вадзілі, ваду ад спалоху зашэптвалі.

***
З тых часоў бабуля ніколі ў навальніцу не спіць і нас будзіць, каб не спалі. Праз вуліцу ад нашага дома да гэтага часу пусты ўчастак, там, на месцы згарэлага дворышча Цімоха, ніхто не будуецца. Баяцца, што месца нядобрае, зноў навальніца дом спаліць.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».