Вы тут

Як ваенныя ўрачы з Беларусі працуюць у сірыйскім Алепа


Пакуль увага ўсяго свету пасля некалькіх моцных землетрасенняў была прыкавана да Турцыі, Сірыя, якая таксама перажыла штуршкі магнітудай больш за сем балаў, вымушана была спраўляцца з наступствамі катастрофы значна меншымі сіламі. Беларусь стала адной з нямногіх краін, якая аказала дапамогу не толькі Турцыі, але і Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы.


Цэнтрам гуманітарнай прысутнасці беларускага кантынгенту стаў сірыйскі горад Алепа на поўначы Сірыі. Ужо больш за два тыдні тут паспяхова функцыянуе ваенна-палявы шпіталь, разгорнуты медыцынскім атрадам спецыяльнага прызначэння 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Да беларускіх спецыялістаў мясцовыя жыхары ідуць бясконцай плынню. І гэта не толькі пацярпелыя ад землетрасенняў. Да нашых урачоў звяртаюцца і тыя, хто мае хранічныя захворванні, хто з-за ваенных дзеянняў раней проста не меў магчымасці атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. А тут для гэтага ёсць усе ўмовы. Палявы ваенны шпіталь беларусаў працуе без выхадных.

Кваліфікаваная медыцынская дапамога для жыхароў Алепа — вялікая рэдкасць. Чатыры гады горад быў у эпіцэнтры вайны з ісламістамі. Калі да пачатку баявых дзеянняў гэта быў адзін з буйнейшых сірыйскіх мегаполісаў, то сёння горад-прывід толькі пачаў вяртацца да нармальнага жыцця. Алепа і без таго быў часткова разбураны ў выніку баявых дзеянняў, а цяпер умяшаліся і прыродныя сілы. Але сацыяльная інфраструктура яшчэ не адноўлена, не наладжана як след і медыцынскае абслугоўванне. Таму на базе нашага медыцынскага атрада разгорнуты цэлы гарадок: прыёмнае, дыягнастычнае, аперацыйна-перавязачнае, кансультатыўнае аддзяленні і дзённы стацыянар.

Важна адзначыць, што ў Алепа нашы медыкі працуюць не толькі ва ўмовах мабільнага стацыянара, але і ў палявым рэжыме. Падземныя штуршкі, хоць і не такія магутныя, працягваюцца. Таму дапамогу сірыйцам наш медыцынскі спецназ аказвае проста на вуліцах горада. Гэты тэст на чалавечнасць беларусы праходзяць з найвышэйшым вынікам. Сірыйскія ўлады вельмі высока цэняць дапамогу, якую аказваюць нашы медыкі.

Сярод тых, хто ў гэтыя дні на перадавой у сірыйскім Алепа, — старшая аперацыйная сястра аперацыйнага аддзялення медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння прапаршчык Вольга Яхнавец. Яна неаднаразова брала ўдзел у місіі Часовых сіл ААН у Ліване.

— Нашы медыцынскія сёстры ўдзельнічаюць у аказанні экстранай стацыянарнай і амбулаторнай дапамогі пацыентам, забяспечваюць гатоўнасць да аперацый неабходных інструментаў і абсталявання, — падзялілася Вольга. — Людзі звяртаюцца з рознымі траўмамі. Хтосьці атрымаў іх у выніку землетрасення . Ёсць і такія траўмы, якія людзі атрымалі ў выніку баявых дзеянняў. Працаваць прыходзіцца па розных накірунках. Каму перавязку зрабіць, каму рану апрацаваць, каму таблетку даць. А каго і добрым словам суцешыць. Радуюся, калі нашы пацыенты сыходзяць з усмешкай на твары.

Выратаванне жыцця ў сірыйскім Алепа не спыняецца ні на хвіліну. Аўтар гэтых радкоў асабіста стаў сведкам таго, як адзін з мясцовых жыхароў — Апрым Адад — ішоў па медыцынскую дапамогу ў наш ваенна-палявы шпіталь. На падыходзе мужчына рэзка адчуў сябе дрэнна. Нашы медыкі ў пагонах спрацавалі імгненна. Транспартавалі пацыента ў палатку, паставілі кропельніцу, а потым правялі інфузійную тэрапію і карэкцыю метабалічных парушэнняў. Стан пацыента ўдалося стабілізаваць.

Новыя падземныя штуршкі, якія былі зафіксаваны ў Турцыі і Сірыі менш за тыдзень таму, прымушаюць спецыялістаў гаварыць пра тое, што сейсмічная актыўнасць у рэгіёне яшчэ працягваецца. А гэта значыць, што не выключаны новыя разбурэнні, а значыць — новыя пацярпелыя. Беларускія медыкі ў адзін голас гавораць, што будуць працаваць у Алепа столькі, колькі спатрэбіцца. Прынамсі, пакуль апошні пацыент ваенна-палявога шпіталя не ўстане на ногі.

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Алепа — Мінск

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.