Вы тут

На Брэстчыне зверылі пазіцыі гатоўнасці да сяўбы


На выязным пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама на гэтым тыдні было разгледжана пытанне гатоўнасці да правядзення веснавых палявых работ. Перад пленарным пасяджэннем удзельнікі нарады наведалі шэраг гаспадарак Жабінкаўскага раёна, азнаёміліся са станам спраў на месцах.


Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў агучыў найбліжэйшыя задачы. Так, сяўбу яравых культур гэтай вясной правядуць на плошчы больш за 400 тысяч гектараў.

Сёлета ў сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках вобласці плануецца атрымаць 1,55 мільёна тон збожжа, 1 мільён тон цукровых буракоў, 182 тысячы тон рапсу, 7,3 тоны льновалакна, 170 тысяч тон бульбы. Гэта дазволіць выканаць дзяржзаказ і забяспечыць сыравінай перапрацоўчыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. 

Акрамя таго, належыць нарыхтаваць не менш за два мільёны тон травяных кармоў. З улікам усяго сфарміравана структура пасяўных плошчаў. Напрыклад, азімы палетак склаў 245 тысяч гектараў, а яравыя, адпаведна, трэба пасеяць на плошчы 406 тысяч. У тым ліку раннія яравыя будуць пасеяны на 103 тысячах гектарах.

У дакладзе адзначалася таксама, што гаспадаркі забяспечаныя насеннем збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, лёну, шматгадовых траў. Асноўным фактарам атрымання высокіх ураджаеў, як вядома, з’яўляецца павышэнне ўрадлівасці глебы. Таму сельгаспрадпрыемствы працягваюць набываць сродкі аховы раслін, назапашваць мінеральныя ўгнаенні. Апошніх трэба на вясну 216 тысяч тон, цяпер ёсць прыкладна 60 працэнтаў ад патрэбы, але гэта значна больш, чым было на такі час летась. Арганікі на палеткі вывезена 9,6 мільёна тон з 10 мільёнаў запланаваных.

Ва ўсіх раёнах ідзе агляд трактароў, прычэпаў, іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая будзе працаваць на пасяўной. Інжынерная служба абяцае закончыць агляд да 10 сакавіка.

У кантэксце размовы пра будучы ўраджай разглядалі пытанне аб аднаўленні меліяраваных земляў у рэгіёне. Адзначалася, што на дадзеную праграму выдзелена каля 150 мільёнаў рублёў. Неабходна ўвесці ў абарот 30 тысяч гектараў такіх земляў. «Работу трэба правесці якасна і ў сціслыя тэрміны, — заўважыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. — Таму што аддача ад меліяраваных земляў аграмадная. Гэта кормавытворчасць, збожжавая група, кармавая база для інтэнсіўнай жывёлагадоўлі і вытворчасці малака».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».