Вы тут

У Смілавіцкім музеі Хаіма Суціна «ажывілі» карціны класіка


Пятнаццаць гадоў таму ў Смілавічах, што на Чэрвеньшчыне, адбылася падзея, якая ператварыла гэтае невялікае мястэчка ў сусветна вядомы арт-цэнтр: у Доме творчасці дзяцей і моладзі адкрыўся музей мясцовага ўраджэнца, знакамітага мастака-экспрэсіяніста Парыжскай школы Хаіма Суціна. За пятнаццаць гадоў «Прастора Хаіма Суціна», менавіта так назвалі два былых школьных класы з факсімільнымі рэпрадукцыямі карцін Суціна, зрабілася сапраўдным музеем — цэнтрам прыцягнення культурнай супольнасці краіны, шматлікіх турыстаў з усіх куткоў свету і асяродкам, дзе выхоўваюцца юныя таленты. Як не паспрабаваць сябе ў мастацтве, калі ты даведваешся, што краявідамі, сярод якіх ты жывеш, натхняўся мастак, якога Мадзільяні назваў геніем, за чыёй труной ішоў Пікаса, а карціны з’яўляюцца аднымі з самых дарагіх на сённяшніх сусветных аўкцыёнах? А ў Смілавічах нарадзіўся і другі вядомы мастак, таксама прадстаўнік Парыжскай школы — Фрайбіш-Шрага Царфін. Яго карціны і асабістыя рэчы (падарункі сям’і і прыватных калекцыянераў) — таксама прыкраса смілавіцкага музея.


У апошні зімовы дзень у Смілавічах адбылося святкаванне юбілея музея, якім кіруе і дзе бліскуча праводзіць экскурсіі Святлана Хасяневіч. Ала Лаўрыновіч, дырэктар Смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, які сёння носіць імя Хаіма Суціна, з гонарам распавяла пра шматлікія праекты Цэнтра і няспынную плынь турыстаў.

Толькі за мінулы год «Прастору Хаіма Суціна» наведалі тры тысячы васемсот з лішнім чалавек, і не толькі з Беларусі. Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, падкрэсліла, што гэтая лічба робіць смілавіцкі музей годным канкурэнтам вядомых беларускіх музеяў. Надзея Міхайлаўна ўспамінала, як цяжка ішла работа над афармленнем музейных залаў, экспазіцыю аднаго з якіх, «На радзіме», рабіла яна. Адзначыла, як імкліва развіваецца «Прастора», колькі ў ёй з’яўляецца ўвесь час новага — напрыклад, дзверы ў будынак сталі копіяй дзвярэй кватэры парыжскага мастака Збароўскага з партрэтам Хаіма Суціна, некалі намаляванага Мадзільяні. Цяпер яны — улюбёная фотазона турыстаў. З часам «Прастора Хаіма Суціна» стала творчай пляцоўкай для выхавання дзяцей, якая абуджае ў іх гонар за сваю малую радзіму, цікавасць да яе гісторыі. У Цэнтры працуе шмат выдатных педагогаў, у тым ліку моладзь. Тут створана асаблівая творчая атмасфера, якая спрыяе развіццю асобы, нестандартнаму мысленню, эксперыментам у традыцыйных смілавіцкіх матэрыялах — напрыклад, скуры і лямцы. Невыпадкова выхаванцы Цэнтра становяцца навучэнцамі мастацкіх вучэльняў і Акадэміі мастацтваў. Так што Смілавічы маюць перспектыву ператварыцца ў арт-мястэчка і ганарыцца цэлай плеядай мастакоў-землякоў.

Павіншавала смілавічан і вядомая архітэктарка, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Галіна Левіна, дзякуючы якой у Цэнтры пачаліся міжнародныя дзіцячыя пленэры. Прыняла ўдзел у віншаваннях мастачка Надзея Лівенцава, якая падарыла музею свой альбом і цікавыя экспанаты — балалайку і газавую лямпу. Прагучала перададзеная ў дар музею «Балада Хаіма Суціна», якую напісаў вядомы паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп.

Прысутныя ўспаміналі, як ствараўся праект, якія цяжкасці давялося пераадолець, згадвалі добрым словам старшыню Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзіміра Шчаснага, па ініцыятыве якога ўзнікла «Прастора Хаіма Суціна». З віншаваннямі выступілі намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Наталля Ляонава, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Апраніч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская. Усе прыйшлі з падарункамі. Цяпер навучэнцы Цэнтру, напрыклад, змогуць выкарыстоўваць школьны аўтобус для выезду на пленэры, а касцюмы для перформансаў шыць на новай швейнай машынцы.

А галоўнымі ўдзельнікамі імпрэзы былі выхаванцы Цэнтра. Усіх уразіла выстава юных мастакоў, якія з незвычайнай фантазіяй інтэрпрэтавалі ў сваіх малюнках вядомыя факты з успамінаў аб смілавіцкім жыцці маладога Суціна і яго карціны. Дзеці выканалі танцавальную кампазіцыю, якая перанесла ў парыжскае моднае атэлье сярэдзіны мінулага стагоддзя — галоўнымі атрыбутамі выступоўцаў былі хусткі, зробленыя з тканін па ўзорах, якія распрацоўваў Шрага Царфін. Убачылі прысутныя і выступленне дзіцячага тэатра моды «Essence mode» на тэму УНОВІС, віцебскай авангарднай мастакоўскай суполкі пачатка ХХ ст. — дзеці самі зрабілі касцюмы ў духу супрэматызму, былі адзначаны журы на конкурсе мадэльераў «Мельница моды». Была аб’яўлена і прыемная вестка: «Essence mode» стаў пераможцам абласнога этапа VII Рэспубліканскага агляду-конкурса «Здравствуй, мир!» у намінацыі «Тэатр моды».

Кожнаму з гасцей дзеці падрыхтавалі вырабленыя ўласнымі рукамі падарункі — маленькія карціны.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».