Вы тут

«Чароўны Млын», «Свята пачуццяў і рэзалюцый» у НЦСМ і тэматычная экскурсія


Выстава-кірмаш «Чароўны Млын»,   Тэматычная экскурсія «Быццам абсыпана промнямі зор...»,   «Свята пачуццяў і рэзалюцый»,   Выстава «Леанід Шчамялеў. Прысвячэнне...»,   Фотавыстава «Чырванаборскі край»,  Часовая экспазіцыя «Талстой і Беларусь»,   Літаратурна-мастацкая выстава «Казкі з маляванак» — штотыднёвая афіша «Звязды».


Выстава-кірмаш «Чароўны Млын»

Дзе: г. Мінск, пр. Пераможцаў, 14

Калі: 4— 5 сакавіка 

Колькі: 2-5 BYN

На гэтых выходных адбудзецца выстава аўтарскіх вырабаў «Чароўны Млын».

Тут вы знойдзеце падарункі і сувеніры ад майстроў, мастакоў і дызайнераў Беларусі:

  • Вырабы з дрэва, керамікі, шкла
  • Лялькі і цацкі
  • Карціны і пано
  • Упрыгажэнні і адзенне
  • Фларыстычныя кампазіцыі
  • Фермерскія экапрадукты

Выстава сучасных маляваных дываноў «Маляваныя гісторыі»

Дзе: г. Мінск, Цэнтр народнай творчасці, вул. Гікалы, 4

Калі: да  5 сакавіка 

Колькі: 1-2 BYN

У мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» пачала працаваць выстава маляваных дываноў «Маляваныя гісторыі».

Маляваныя дываны з’яўляюцца ў беларускіх вёсках і мястэчках у 1920-1960-я гг. Выкарыстоўваючы даматканае палатно, афарбаванае ў чорны колер і фарбы, якія было можна знайсці ў гаспадарцы, людзі стваралі своеасаблівы магічны партал у свет сваіх мараў. Лічылася, што яны прыносяць шчасце, абараняюць чалавека ад усяго дрэннага. 

У галерэі «Цэнтр» традыцыі і сучаснасць спалучаюцца, таму ў экспазіцыі прадстаўлены творы дзвюх сучасных мастачак, і сапраўдныя артэфакты з прыватнай калекцыі і з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вольга Пілецкая — народны майстар Рэспублікі Беларусь з Клецка. Яна ладзіць этнагарфічныя «вылазкі», пад час якіх рупліва збірае захаваўшыеся аб’екты народнай культуры. У сваіх маляваных дыванах Вольга імкнецца захоўваць іх традыцыйную спецыфіку: тэхналогію, лакальнасць плямаў, чыстыя колеры, стылізацыю, характэрных персанажаў.

Ірына Князева — займаецца папулярызацыяй маляваных дываноў з 2019 г. Яе маляваныя гісторыі адпавядаюць характэрнай для народных твораў функцыі: распавесці пра самае каштоўнае, цёплае і светлае. Кампазіцыйна і стылістычна творы Ірыны адпавядаюць інсітнаму мастацтву з яго шчырасцю і непасрэднасцю.

На выставе глядач мае ўнікальную магчымасць убачыць сапраўдныя музейныя экспанаты — той найважнейшы падмурак, які сёння клапатліва захоўваецца, вывучаецца і дае натхненне мастакам і дызайнерам ХХI ст., а таксама вынікі сучаснай творчасці двух аўтараў, кожны з якіх па свойму інтэрпрэтуе і стылізуе формы і сюжэты народнай спадчыны.


Выстава «Аляксандр Фінскі. Скульптура. Графіка»

Дзе: г. Мінск, Мастацкі музей, вул. Леніна, 20

Калі: да 5 сакавіка

Аляксандр Фінскі нарадзіўся 2 студзеня 1953 года ў в. Вясёлы Гай Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1971 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, а ў 1977 абараніў дыплом у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце па спецыяльнасці «скульптура». Вучыўся ў выбітных прафесараў, а з 1984 года з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.

Некалькі дзесяцігоддзяў Аляксандр Фінскі паспяхова працуе не толькі як скульптар, але і як педагог. Ён выкладаў у ДУА «Гімназія-каледж мастацтваў ім. І. В. Ахрэмчыка». З 1991 года выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў цяперашні час з’яўляецца прафесарам кафедры скульптуры.

Аляксандру Фінскаму прысуджана першая прэмія Беларускага саюза архітэктараў у галіне дакументальнага мастацтва (2001), спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» і іншыя ўзнагароды.

Беларускі скульптар вядомы сваімі працамі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Створаныя майстрам кампазіцыі нельга аднесці да якой-небудзь пэўнай тэматыцы, у іх наглядна прасочваецца сувязь з рознымі відамі мастацтва, гістарычнымі перыядамі і сацыяльнымі з’явамі. У сваіх творах ён адлюстроўвае дух канкрэтнай эпохі, канкрэтнай асобы мінулага, і адначасова пластыка яго сучасная.

Работы Аляксандра фінскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і прыватных калекцыях Германіі, Францыі і Аўстрыі.


Тэматычная экскурсія «Быццам абсыпана промнямі зор...»

Дзе: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30

Калі: 7 сакавіка

Колькі: 10 BYN 

7 сакавіка ў 18:00 гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі адбудзецца тэматычная экскурсія «Быццам абсыпана промнямі зор...», якая прысвечана жанчынам у жыцці паэта.

Хто творца без жанчыны? Усё яшчэ творца, але абяздолены, пазбаўлены прыўкраснага — жаночай прыгажосці, пяшчоты, мудрасці. Да шчасця, Петруся Броўку па жыцці абкружалі менавіта такія жанчыны, пра якіх немагчыма прамаўчаць — нездарма паэт настолькі трапна падбіраў словы для апісання прадстаўніц прыгожага полу ў сваёй лірыцы. На святочнай экскурсіі «Быццам абсыпаны промнямі зор...» вам распавядуць якраз пра іх.


«Свята пачуццяў і рэзалюцый»

Дзе: г. Мінск, НЦСМ, вул. Някрасава, 3

Калі: 8 сакавіка

Колькі: 13 BYN 

У Міжнародны жаночы дзень у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на адбудзецца мерапрыемства «Свята пачуццяў і рэзалюцый».

У пачатку свята можна наведаць аглядную экскурсію па адной з самых вясновых выстаў у НЦСМ «Джаз! Каты! Вясна!», а пасля можна прысвяціць свой час развіццю, творчасці і рэлаксацыі.

У 16:30 адбудзецца лекцыя «Мода на прыгажосць: факты гісторыі» (лектарка: Алеся Іназемцава, кандыдат мастацтвазнаўства). На лекцыі вы даведаецеся, як мяняўся вобраз жаночага ідэалу прыгажосці ў залежнасці ад палітычных умоў, рэлігійных ідэй і нават бытавых асаблівасцяў той ці іншай гістарычнай эпохі.

Таксама ў 16:30 можна будзе наведаць майстар-клас па мастацкім калажы «Вобраз Грэцыі» ад дызайнеркі Дарыі Румянцавай, дзе вы акунуцца ў гісторыю архетыпаў жаночых вобразаў Старажытнай Грэцыі: даведаецеся, у чым яны знайшлі сваё ўвасабленне сёння, а таксама зможаце стварыць незвычайныя яркія калажы з каляровай паперы, кардона і часопісных выразак.

Яшчэ адно мерапрыемства, якое варта наведаць, — майстар-клас «Кветкі для Клары» ад мастака Руслана Сяргеева, на якім удзельнікі створаць арыгінальныя прынты кветак пры дапамозе трафарэтаў.

Клара Цэткін — гістарычная фігура, якая сыграла ключавую ролю ў барацьбе жанчын за свае правы ў ХХ-ым стагоддзі. «Хлеба і руж!» — адзін з галоўных лозунгаў актывістак таго часу, а што ж ён азначае, і як жанчыны змагаліся за раўнапраўе, вы зможаце даведацца на лекцыі Крысціны Паўлоўскай «Хлеб і ружы: гісторыя Міжнароднага Дня жанчын», якая адбудзецца ў 18:00.

У завяршэнні вечара прапануем вам расслабіцца пад Dj-Сэт і прагуляцца па выставе.


Выстава «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства»

Дзе: г. Мінск, Мастацкі музей, вул. Леніна, 20

Калі: да 12 сакавіка

Выставачны праект прысвечаны развіццю дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, устаноўленых 20 студзеня 1992 года.

Фарміраванне калекцыі кітайскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачалося з 1960 года, і сёння яна налічвае больш за 1500 твораў кітайскай мастацкай культуры.

На выставе прадстаўлены розныя віды і тэхнікі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая XVII — пачатку XXI ст.: фарфоравыя вырабы, кераміка, перагародчатая эмаль, мастацкі метал, разьбяныя і размаляваныя лакі, разьба па каменю, косці, дрэве, ткацтва; мастацтва народнай карцінкі, гохуа (нацыянальны жывапіс на рысавай паперы).

У склад выставы «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства» ўключаны рэдка экспануюцца прадметы, перададзеныя музею ў дар вядомымі кітайскімі мастакамі або набытыя ў калекцыянераў у розныя гады. У рамках выставачнага праекта будзе прадстаўлена каля 70 унікальных экспанатаў.

Правядзенне гэтай выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца агульным укладам у пашырэнне і ўмацаванне стратэгічнага партнёрства, дружбы і культурнага супрацоўніцтва паміж народамі нашых краін.

Куратары выставы — Наталля Шчукіна і Наталля Калашнік, супрацоўнікі навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.


Персанальная выстава фатаграфіі і жывапісу Наты Алейнікавай «Мільярд шчаслівых сустрэч»

Дзе: г. Мінск, Бібліятэка № 1, вул. Маскоўская, 18

Калі:  да 14 сакавіка 

Колькі: бясплатна

У экспазіцыі будуць паказаны фотаэкспанаты пары высакародных лебедзяў, паўнаводныя азёры з багаццем лугавых траў і цудоўных суквеццяў, таксама, фотасюжэты вясельнай сустрэчы маладых у чароўным лесе.

Сярод экспанатаў выставы прысутнічаюць і пейзажы жывапісу, прадстаўленыя ілюстрацыяй у кнігах Наталлі Алейнікавай, таксама, іншыя карціны гэтай таленавітай пісьменніцы і мастака, выкананыя маслам на палотнах і кардон. 

Адпраўляючыся ў гэта творчае падарожжа, можна ў думках прагуляцца па тых маляўнічых месцах, якія захавала аўтар, любуючыся ландшафтамі чароўных пейзажаў. У аўтарскіх творах шырока транслюецца міралюбнасць і дабрачыннасць, перад гледачамі экспазіцыя раскрываецца пышнасцю прыроды.


Персанальная выстава графікі «Паміж Сцылай і Харыбдай» вядомага беларускага мастака Юрыя Якавенкі

Дзе: г. Мінск, Арт-гасцёўня «Высокае мѣста», Герцэна, 2а

Калі:  да 15 сакавіка 

Колькі: 2,5-5 BYN 

У Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» пачала працаваць персанальная выстава графікі «Паміж Сцылай і Харыбдай» вядомага беларускага мастака Юрыя Якавенкі. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Вытанчаная прыгажосць выканання, насычанасць тонкімі алегарычнымі падтэкстамі робяць афорты Юрыя Якавенкі зразумелымі і блізкімі для ўсіх, хто пагружаны ў мінулае, як і сам аўтар. Яго працы адрознівае высокая тэхніка выканання. 

У экспазіцыі выставы «Паміж Сцылай і Харыбдай» прадстаўлена некалькі новых серый мастака. Адна з найбольш яскравых серый «Ясон і Арганаўты» — гэта гістарычныя і сэнсавыя асацыяцыі міфаў і паданняў старажытнай Грэцыі, якія пры гэтым не з’яўляюцца непасрэднымі ілюстрацыямі да зместу саміх твораў. 

У кожным творы мастак сумяшчае вытанчаную вязь дэталяў і фармальную пластыку фону. Усе кампазіцыі прасякнуты адчувальнай самаіроніяй сучаснага чалавека, які з асаблівай вастрынёй разумее, што рэальнасць застаецца такой жа недасканалай, як і шмат стагоддзяў таму. І толькі мастак можа дазволіць сабе «гуляць» з ёй: ствараць і разбураць на паперы сусветы...


«Вялiкае жыццё вялiкага мастака»

Дзе: г. Мінск, вул.  Герцэна, 2А

Калі:  да 16 сакавіка 

Колькі: 5-7 BYN 

У прасторы «Галерэя ДК» працуе выстава «Вялікае жыццё вялікага мастака», прымеркаванае да 100-годдзя найярчэйшага прадстаўніка беларускай маляўнічай школы, народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.

Леанід Дзмітрыевіч захапляўся, апяваў вобразы роднай зямлі і яе жыхароў, кожны сюжэт прапускаў праз сваё сэрца. Яго карціны вылучаюцца свабодай — лёгкасцю выканання, экспрэсіўнасцю, дынамічнасцю.

Уплыў майстра на жывапісную культуру Беларусі дургой паловы ХХ стагоддзя каласальны. Леанід Шчамялёў — чалавек-эпоха, мастак свайго часу, паэт жывапісу, гісторык, краязнаўца і назіральнік.


Выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Чароўныя ўзоры»

Дзе: г. Мінск, вул. Кірава 16

Калі:  да 18 сакавіка 

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі працуе Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Чароўныя ўзоры».

На выстаўцы «Чароўныя ўзоры» будзе прадстаўлена шырокая панарама творчых пошукаў у галіне мастацкага роспісу па тканіне, дрэву і па шкле. Гэта вырабы самых розных рэчаў як мастацкага, так і гаспадарчага прызначэння, якія ўражваюць напаўрэальнымі, непасрэднымі сюжэтамі, сакавітымі фарбамі і ўзорамі арнаменту, разнастайнай стылістыкай, казачнай прыгажосцю. 

Большую частку экспазіцыі зойме роспіс па тканіне: вырабы «маляваных дываноў», розных па кампазіцыйна-дэкаратыўных вырашэннях — раслінна-арнаментальныя і сюжэтна-тэматычныя. Частку экспазіцыі прадставяць вырабы роспісу па дрэве: кухонныя камплекты, наборы дошак, дэкаратыўныя талеркі, маленькія куфэркі, сувенірныя шкатулкі, насценныя пано і інш. Вельмі папулярны від дзіцячай творчасці — роспіс па шкле. Ён будзе прадстаўлены на выставе малюнкамі на шкле, вітражным роспісам, незвычайнымі бутэлькамі, талеркамі.


Выстава «Леанід Шчамялеў. Прысвячэнне...»

Дзе: г. Мінск, вул. Казлова 3, «Палац мастацтва»

Калі:  да 19 сакавіка 

Выстава жывапісу, у якой удзельнічаюць мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі, прысвечана 100-годдзю народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Леаніда Шчамялёва (1923 — 2021). Выстава, якая была ініцыіравана секцыяй жывапісу Беларускага саюза мастакоў, ператварылася ў сапраўды агульна-рэспубліканскі праект, у якім прынялі ўдзел творцы з усіх рэгіёнаў краіны.

Леанід Шчамялёў стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць вызначальнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Яго творчасць называюць летапісам эпохі. Ён заўжды шчыра захапляўся краявідамі родный Беларусі, ствараючы ўзнёслыя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў. Мастак з кранальнасцю пісаў паэтычныя партрэты сваёй сям’і, сяброў, калег, аднадумцаў. Букеты кветак, якіх так шмат у Леаніда Дзмітрыевіча, займаюць адметнае месца ў яго творчасці.

Яго талент вызначальны сваёй жыццядзейнай сілай: мастак быў здольны перадаць сваё ўсхваляванае адчуванне прыгажосці ад кожнага схопленага імгення, ад сустрэчы з чалавекам, ад беларускіх даляглядаў дзівосна светлымі і яркімі фарбамі. Леанід Дзмітрыевіч пранікнёна любіў жыццё. Якія б тэмы ён не паднімаў, у кожным палатне ёсць эпічнае адчуванне прыгажосці зямлі і чалавека, магутны вобразны пошук, імкненне спазнаць свет, задумацца аб сутнасці гэтага свету.

Леанід Шчамялёў пакінуў нашаму мастацтву запавет: трэба жыць з шырока адкрытымі вачыма, каб бачыць свет такім, які ён ёсць, і адкрываць іх яшчэ шырэй, каб убачыць свет іншым, чым ён ёсць, і яшчэ шырэй, каб убачыць свет лепшым, чым ён ёсць. І гэты запавет гучыць у работах сучасных беларускіх аўтараў — удзельнікаў выставы «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне».


Выстава «Скульптура — Гораду»

Дзе: г. Мінск, вул. Казлова 3, «Палац мастацтва»

Калі: да 19 сакавіка

На выставе «Скульптура — гораду» будуць прадстаўлены скульптурныя творы, якія з’явіліся на вуліцах і плошчах сталіцы ў апошнія дзесяцігоддзі. Гэта помнікі, мемарыялы, прысвечаныя жыхарам горада і героям краіны, яе знакавым падзеям. Гэта шэраг новых вобразаў, без якіх ўжо не ўявіць аблічча нашаго горада. Устаноўленыя ў грамадскіх прасторах, многія з гэтых твораў прадстаўлены ў экспазіцыі выставы на фотаздымках і ў мадэлях.

Асноўную частку экспазіцыі зоймуць творы, якія зараз праектуюцца і прапануюцца аўтарамі для ўстаноўкі ў той ці іншай архітэктурнай ці прыроднай грамадскай прасторы. Вялікая ўвага надаецца вырашанай ў адметнай манеры асобнай аўтарскай скульптуры, якая з’яўляецца носьбітам хаця і не буйных, але не менш значных ідэй і тэм — філасафічнага, сімвалічнага, бытавога характару. Гэта скульптура, выкананая ў розных стылях і накірунках, дыяпазон яе пластычных сродкаў — ад рэалістычнага дагратэскнага, абстрактнага, асацыятыўна-вобразнага.

Мяняецца аблічча нашых горадоў і асабліва Мінска — пашыраюцца вуліцы і плошчы, архітэктура паўстае ў новых матэрыялах і формах. Беларуская скульптура змяняецца разам з часам, прапаноўваючы сучаснаму гораду свае варыянты мастацкага напаўнення яго прасторы.

Наведвальнікі выставы ўбачыць новыя работы як вядомых айчынных скульптараў, так і маладых аўтараў — усе яны вельмі па рознаму вырашаюць агульную тэму — ад абстрактных, сімвалічных вобразаў са шкла і пластыку да звыклых фігуратыўных аб’ектаў з бронзы і каменя.


Выстава «Плюс/мінус 100: народныя мастакі-юбіляры»

Дзе: г. Мінск, НЦСМ, вул. Някрасава, 3

Калі: да 19 сакавіка

Колькі: 3-7 BYN

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь працуе выстава «Плюс/мінус 100: народныя мастакі-юбіляры».

У 2023 годзе культурная грамадскасць Беларусі адзначае юбілеі цэлай плеяды беларускіх мастакоў, якім нададзена высокае званне народага мастака.

Экспазіцыя прадстаўляе шырокі тэматычны дыяпазон твораў жывапісу: фальклор, жыццё горада і вёскі, сувязь пакаленняў, вобразы дзеячаў беларускай культуры — гэта і іншае знаходзілася ў полі ўвагі творцаў.


Выставачны праект «Штучны інтэлект: мастак ці машына?»

Дзе: г. Мінск, НЦСМ, пр-кт Незалежнасці, 47

Калі: да 26 сакавіка

Колькі: 10-14 BYN

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і галерэя FARBA адкрыюць новы праект «Штучны інтэлект: мастак або машына?» — адну з самых інавацыйных мастацкіх выстаў у Мінску. Экспазіцыя характэрная тым, што прадстаўленыя працы цалкам створаныя штучным інтэлектам. Публіцы будзе прадэманстравана рэвалюцыйная калекцыя з больш чым 90 работ у 10 розных катэгорыях, якія ахопліваюць многія аспекты нашай светабудовы, такія як прырода, міфалогія, гісторыя, архітэктура і многія іншыя.

Штучны інтэлект — гэта кампутарная тэхналогія, якая дапамагае машынам думаць і дзейнічаць як людзі. Сфера прымянення штучнага інтэлекту практычна бязмежная: тэхналагічны сектар, медыцына, навука і многіе іншыя. 

Выдатна выканана і старанна дэталізаваная, унікальная калекцыя ўключае працы, якія прыцягнуць увагу як аматараў мастацтва, так і энтузіястаў тэхналогій.

А кульмінацыяй праекта стане фільм "Digital evolution"("Лічбавая эвалюцыя"), створаны спецыяльна для дадзенага выставачнага праекта. Гэты фільм уяўляе сабой вобразнае пераасэнсаванне свету ідэй і свету матэрыі, вольны мастацкі роздум аб развіцці і эвалюцыі. Наведвальнікі змогуць цалкам пагрузіцца ў тое, што адбываецца вакол, дзякуючы праецыраванню фільма ў мультымедыйнай зале.

Выстава традыцыйна ўяўляе і працы беларускіх аўтараў, чыя творчасць дапоўніць асноўную экспазіцыю. Арганізатары таксама падрыхтавалі тэматычны квэст, які дазволіць у займальнай форме пазнаёміцца з экспазіцыяй, а ў прасторы выставы вы знойдзеце арыгінальныя фотазоны, дзе проста немагчыма не зрабіць кадр на памяць.


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Насустрач жыццю, насустрач будучыні»

Дзе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 30 сакавіка

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Насустрач жыццю, насустрач будучыні», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч.

Алена Васілевіч — з тых аўтараў, якіх рэкамендуюць чытаць у школе, чые творы перакладзеныя на многія мовы свету. Дыяпазон творчай дзейнасці пісьменніцы ўражвае і захапляе: празаік, крытык, эсэіст, публіцыст, перакладчык. Але найважнейшая сфера яе дзейнасці — мастацкая проза, з яе нехрэстаматыйным, яркім, дынамічным і прыцягальным светам.

На выставе будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, а таксама асабістыя рэчы, рэдкія выданні, фатаграфіі, мастацкія працы з сямейнага архіва, прадстаўленыя сынам пісьменніцы, аўтарам фундаментальных даследаванняў па фальклоры і этнаграфіі Уладзімірам Аляксандравічам Васілевічам. Экспазіцыю аздобяць ілюстрацыі мастакоў з выданняў тэтралогіі «Пачакай, затрымайся...».

Галоўным мастацкім вобразам экспазіцыі стане сімвалічнае Дрэва жыцця Алены Васілевіч. Якое упрыгожаць і дапоўняць вобразы і сімвалы з твораў пісьменніцы: дабрыні, сумленнасці, адказнасці, сяброўства, чуласці, кахання, беражлівых адносін чалавека да прыроды, да гісторыі краіны.


Кінаклуб #CinemascopeАнталогія ў музеі-майстэрні З. І. Азгура

Дзе: г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 31 сакавіка

Колькі: 10 BYN

Усе фільмы паказваюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Паказы «Cinemascope. Анталогія» праходзяць у скульптурнай зале музея з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў (якія выдаюцца на ўваходзе пры прад’яўленні квітка, пасля заканчэння сеансу яны падлягаюць вяртанню)

Квіткі можна купіць на сайце bezkassira або ў касе музея (пры наяўнасці квіткоў).

Пачатак сеансаў у 19:00.

Тэлефон музея: +375 (17) 380-06-32.

Фільмы:​​

  • 10 сакавіка — «Жанчына ў пясках» 1964, Хіросі Тэсігахара
  • 17 сакавіка — «Кат» 1963, Луіс Гарсія Берланга
  • 24 сакавіка — «Фотапавелічэнне» 1966, Мікеланджэла Антаніёні
  • 31 сакавіка — «Ліфт на эшафот» 1951, Луі Маль

Выстава «Почырк майстра»

Дзе: г. Мінск, Музей гісторыі беларускага кіно, вул. Свярдлова, 4

Калі: да 31 сакавіка

Колькі: 5 BYN — дарослым, 3 BYN — студэнтам/пенсіянерам, 2,5 BYN — дзецям

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачала працу персанальная выстава «Почырк майстра», арганізаваная да 100-годдзя з дня нараджэння мастака-пастаноўшчыка кінастудыі «Беларусьфільм» Яўгена Ганкіна.

Адзін з першых прадстаўнікоў бліскучай плеяды беларускіх мастакоў кіно пасляваеннага перыяду за амаль 50 гадоў служэння «дзясятай музе», з 1946 па 1993 гады, удзельнічаў у стварэнні больш за два дзесяткі мастацкіх фільмаў, многія з якіх увайшлі ў «залаты фонд» беларускага кіно («Паўлінка», «Нашы суседзі», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Я родам з дзяцінства», «Белыя Росы», «Яго батальён» і інш.). 

Эскізы дэкарацый і касцюмаў да большасці з гэтых карцін (з акцэнтам на кінакамедыю, ваенную драму і гістарычны фільм) і складаюць аснову экспазіцыі выставы. 

Каля 100 аўтарскіх работ у спалучэнні з багатым дататковым матэрыялам (фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы) утвараюць своеасаблівую панараму жыцця і творчасці Я. Ганкіна, фарміруюць вычарпальнае ўяўленне аб непаўторным «ганкiнскiм» почырку. 

Экспазіцыю істотна ўзбагачаюць тэматычныя інсталяцыі «У майстэрні мастака савецкага кіно і «Кадр з фільма», разнастайны відэаматэрыял: у рэжыме нон-стоп дэманструюцца падборка характэрных (з пункту гледжання мастацкага почырку майстра) фрагментаў з асноўных фільмаў Я. Ганкіна, а таксама дакументальная стужка пра мастака «Легендамі не карануйце нас... »

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 27 снежня ў 17.00.


Фотавыстава «Музыка душы — спадчына»

Дзе: г. Мінск, вуліца Леніна 20

Калі: да 2 красавіка 

У арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь працуе фотавыстава «Музыка душы — спадчына», прысвечаная 90-годдзю Беларускага саюза кампазітараў.

Добрая мелодыя, як і карціна мастака, саткана з тонкіх матэрый, якія нельга ўбачыць, дакрануцца, аднак у ёй такая колеравая палітра, што іншы раз мы спыняемся, забываючы пра ўсё, каб паслухаць музыку. Яна дапаўняе, стварае «пастамент» для песні, дапамагае раскрыць сюжэт ці даць гледачу магчымасць адчуць перажыванні кінагероя, аўтара. Музыка суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця.

У савецкія часы быў распаўсюджаны культ імёнаў: нашыя бацькі, бабулі і дзядулі, пачуўшы некалькі акордаў, маглі адразу назваць не толькі выканаўцу песні, але і аўтара музыкі.

Кожны ведае сем нот, але не кожны стварае музыку. Эдуард Ханок аднойчы сказаў: «Легенды — гэта людзі, якія калісьці нешта зрабілі; іх несла творчая хваля таленту, упартасць і працавітасць, а таксама каханне — самае высокае пачуццё, якое ёсць у жыцці чалавека. Яны ішлі за запаветнай марай». Нізкі паклон нашым класікам, гэтым людзям, чые музычныя творы з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнай спадчыны нашай краіны.


«КінаТэрапія»

Дзе: г. Мінск, Трэнінгавы дом Garetski, вул. Каліноўскага, 70

Калі: да 5 красавіка 

Колькі: 20 BYN

Трэнінг, які развівае асобу, з сумесным праглядам кінафільма і псіхалагічным абмеркаваннем, якое дапамагае развіць мысленне, убачыць сябе па-новаму і знайсці рашэнне задач.

Фармат: Серыя сустрэч невялікай групай па серадах. Усе глядзяць напоўнены сэнсам мастацкі кінафільм, пры дапамозе адмысловых практыкаванняў здабываюць каштоўныя адказы пра сябе, потым будзе абмеркаванне псіхалагічных працэсаў убачанага.

А каб вечар быў сапраўды цёплым, даверным і шчырым, усе будуць:

  • Знаёміцца пад каву, чай, пачастункі.
  • Дамаўляцца аб простых прынцыпах, якія дапамагаюць зрабіць зносіны лёгкімі і максімальна канструктыўнымі.
  • Камунікаваць пра актуальнае для кожнага зараз у жыцці.
  • Глядець якасны мастацкі кінафільм і пазначаць для сябе каштоўныя думкі.
  • Абмяркоўваць псіхалагічныя працэсы і рабіць высновы аб убачаным і аб сабе.

Каштоўнасці праекта: ўзаемная павага, прыняцце, давер, шчырасць, развіццё, экалагічнасць і творчасць.

Прыняць удзел — лёгка:

  • Запішыцеся, калі ласка, на Garetski.com, каб атрымаць камфортнае месца, каб роўная ўвага была для кожнага.
  • З сабой можна ўзяць любімы нататнік і ручку для каштоўных думак, і што-небудзь смачнае да чаю і для ўсіх.
  • Калі для вас камфортна, падзяліцеся мерапрыемствам з сябрамі, каб прыйсці змаглі тыя, каму цяпер гэта сапраўды трэба.

Пасля рэгістрацыі Вы трапіце на старонку з больш падрабязнай арганізыцыйнай інфармацыяй.

Мерапрыемства праводзіцца кожную сераду 19:00–22:00

Арганізатар і вядучы трэнер: Канстанцін Гарэцкі — коуч, псіхолаг, кансультант, арт-тэрапеўт.


Фотавыстава «Чырванаборскі край»

Дзе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 116

Калі: да 9 красавіка 

Колькі: па кошту наведвання агляднай пляцоўкі

У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (22-гі паверх) працуе фотавыстава «Чырванаборскі край».

Выстава — вынік работы Чырванаборскай школы фатаграфіі ў турыстычным комплексе «Чырвоны Бор» з 21 па 30 жніўня 2022 года. У экспазіцыі прадстаўлены здымкі вядомых беларускіх фатографаў — аўтара ідэі фотаэкспедыцыі і куратара праекта — Сяргея Плыткевіча, педагогаў Валерыя Вядрэнкі, Ірэны Гудзіеўскай, Віктара Малышчыца, Сяргея Мілюхіна і Наталлі Лакотка, студэнтаў-пераможцаў Рэспубліканскага фотаконкурсу «Маладзёжны погляд» Ганны Беражковай, Івана Веразуба, Ганны Дамінікі Грыб, Марыі Зіганоравай, Міхаіла Лук’янчыка, Валерыі Пратасевіч.

У экспазіцыі — прыродныя ландшафты, лясныя экасістэмы, рэдкія расліны і жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Фатаграфіі кранаюць чароўнымі відамі ледавіковых азёр, рэк і ручаёў, балот, пагоркаў, лясоў і чорнаальшанікаў, адчуваннем вольнай прасторы і захапляльнай натуральнасці Чырванаборскага краю. Зорнае неба і возера Ізубрыца, туман над возерам Белае, рака Свольна здзіўляюць веліччу з вышыні птушынага палёту. Заварожваюць партрэты зубраў, зязюлі, зімародка, даўгахвостай кугакаўкі, дынамічныя і характарныя фота ласей, аленей, ланей і іншых жыхароў пушчы.

Выстава пазнаёміць гледачоў не толькі з буйнейшым у Беларусі Рэспубліканскім ландшафтным заказнікам «Чырвоны Бор», але і з архітэктурнай спадчынай, якая захавалася на поўначы Верхнедзвінскага раёна. Здымкі Успенскай царквы ў вёсцы Сар’я, руіны палаца Гільзенаў і Шадурскіх у Асвеі, рэшткі званіцы царквы Еўфрасінні Полацкай у Росіцы не пакінуць гледачоў абыякавымі.

Фотаработы прадстаўлены ўвазе гледачоў упершыню.


Выстава Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай «Суквецце мілаты»

Дзе: г. Мінск, вул. Дзяржынскага, 131

Калі:  да 14 красавіка 

Колькі: 5 BYN

Выставачная пляцоўка «Малінавы кот» прадстаўляе выставу Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай «Суквецце мілаты».

Вольга Гардзіенак-Кірэева — беларуская мастачка. Прафесійную адукацыю атрымала ў Мінскай мастацкай вучэльні імя А.К. Глебава і на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Удзельніца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выставачных праектаў. Працуе пераважна ў акварэльным і алейным жывапісе.

Творчасць Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай знітавана з лепшымі традыцыямі айчыннага мастацтва і прасякнута прагай сузірання прыгажосці. Бліскучая тэхніка мастачкі спрыяе нязмушанаму ўвасабленню самых арыгінальных задум. Рознапланавыя, але заўсёды бездакорныя па выкананні работы Вольгі адсылаюць да зыходнай кропкі мастацтва — выклікаюць эмоцыі ў гледача.

На выставе «Суквецце мілаты» Вольга прадстаўляе візуалізацыю культурнага кода, які ўвасабляе прыгожае, мілае і радаснае. Пышныя кветкі, што атаесамляюцца з раскошай і прыгажосцю, адсылаюць да страчанага Эдэма, а адны з самых мілых чалавечаму воку істот — каты — здатныя абяззброіць самае суровае сэрца. Грацыёзныя і дасканалыя стварэнні ў сукупнасці ствараюць атмасферу гармоніі.

Адкрыццё выставы «Суквецце мілаты» адбудзецца 25 лютага ў 18:00. У дзень адкрыцця ўваход на выставу вольны.


Выстава Алы Непачаловіч, Уладзіміра Лісавенкі і Ларысы Густавой

Дзе: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: 22 красавіка 

Колькі: па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра

У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 50 габеленаў і шпалер вядомых беларускіх мастакоў Алы Непачаловіч, Уладзіміра Лісавенкі і Ларысы Густавай, якія пайшлі з жыцця на працягу апошніх трох гадоў. Яны ўнеслі надзвычайны ўклад у беларускае дэкаратыўнае мастацтва. Іх роля ў развіцці беларускай школы тэкстылю і габелена незабыўная. Работы прадстаўлены з асабістых калекцый сем’яў мастакоў і Нацыянальнага мастацкага музея.

Выстава арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.


Мастацка-дакументальная выстава «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны...»

Дзе: г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а,

Калі: да 30 красавіка 

Колькі: 1–6 BYN

Адам Ягоравіч Багдановіч (1862–1940) — вядомы этнограф, педагог, мемуарыст, бацька класіка беларускай літаратуры М.Багдановіча. За сваё доўгае жыццё А.Багдановіч стаў сведкам шматлікіх падзей, што адбываліся на тэрыторыі Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ ст. Нарадзіўся ў сям’і былых прыгонных сялян, атрымаў адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, некалькі разоў кардынальна мяняў род дзейнасці, жыў у розных вёсках і гарадах.

У аснову выставачнага праекта «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» пакладзены тры блокі мемуараў. Першая частка звязана з успамінамі Адама Ягоравіча, прысвечанымі Халопенічам, яго малой радзіме, бабулі Рузалі Казіміраўне Лісоўскай, бацькам і іх родным. Другі блок выставы прэзентуе мемуары Адама Багдановіча, прысвечаныя народавольчаскай дзейнасці. Гэтыя ўспаміны раскрываюць жыццё Мінска напрыканцы ХІХ стагоддзя, распавядаюць пра падзеі і асоб, калег А.Багдановіча па партыі і самых блізкіх сяброў, стасункі з якімі ён падтрымліваў да апошніх дзён жыцця. Яшчэ адна частка выставы прысвечана мемуарам А.Я.Багдановіча пра А.М.Горкага і Ф.І.Шаляпіна, гэтыя ўспаміны па розных прычынах доўгі час не публікаваліся.

У выставачным праекце «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» прэзентуюцца арыгінальныя каштоўныя экспанаты з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і копіі матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Архіва А.М.Горкага, Дзяржаўнага архіва Пермскага края, прыватнага архіва Марыі Стараверавай. 


Часовая экспазіцыя «Талстой і Беларусь»

Дзе: г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13

Калі: да 26 мая

Выстава прысвечана сувязі славутага пісьменніка, 195-годдзе якога адзначаецца ў 2023 годзе, з нашай краінай, а таксама ўплыву яго творчасці на беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

На старонках рамана «Война и мир», над якім аўтар працаваў сем напружаных гадоў, шмат распавядаецца пра беларускія гарады і вёскі, дзе змагаліся героі Талстога. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да славутага твора, гістарычныя гравюры і рэпрадукцыі, на якіх адлюстраваны апісаныя ў рамане баі, што адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чарнавыя рукапісы рамана.

Уплывы Талстога, яго псіхалагічныя назіранні за паводзінамі чалавека на вайне прасочваюцца ў творчасці Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Янкі Брыля, Васіля Быкава і інш.

На выставе таксама можна пазнаёміцца з матэрыяламі, якія расказваюць пра вайсковы досвед самога Талстога. Яшчэ адным раздзелам выставы сталі пераклады кніг Льва Талстога на беларускую мову з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Сярод іх — апавяданні для дзяцей, «Севастопальскія апавяданні», раман «Васкрасенне» і аповесці «Хаджы-Мурат», «Каўказскі палоннік» і інш.

Выстава змяшчае цікавыя неапублікаваныя архіўныя матэрыялы, прадстаўленыя Дзяржаўным музеем Л.М. Талстога, матэрыялы са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Яна будзе цікавая навукоўцам, даследчыкам, музейным супрацоўнікам, выкладчыкам і студэнтам філалагічных факультэтаў, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй літаратуры.


Літаратурна-мастацкая выстава «Казкі з маляванак»

Дзе: г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13

Калі: да 31 мая

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Казкі з маляванак». Выстава з’яўляецца працягам супрацоўніцтва музея і Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Беларускія маляваныя дываны (маляванкі) прызнаны важнай складаючай нацыянальнай культурнай спадчыны сучаснай Беларусі не толькі ў нашай краіне, але і з боку міжнароднага культурнага супольніцтва. Традыцыйнае майстэрства стварэння маляванак Віцебшчыны (беларускага Паазер’я) унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны, створаны пры фінансавай і кансультацыйнай падтрымцы ЮНЕСКА.

Лейтматыў экспазіцыі «Казкі з маляванак» — беларускі нацыянальны фальклорны тэкст (казкі) у спалучэнні з наіўным выяўленчым мастацтвам — маляванымі дыванамі.

На выставе прадстаўлены маляваныя дываны мастачак Віцебшчыны, а таксама кнігі беларускіх казак з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

У межах выставы плануецца праводзіць практычныя лекторыі па гісторыі і роспісе маляваных дываноў (для мэтавай аўдыторыі, па папярэдніх замовах).


«Леанід Шчамялёў — люстэрка эпохі» — юбілейная выстава жывапісу і графікі народнага мастака Беларусі

Дзе: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 31 снежня

У галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва працуе юбілейная выстава жывапісу і графікі народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння майстра.

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў — выдатны мастак сучаснасці, які ўнёс значны ўклад у развіццё мастацкай культуры Беларусі. Яго творчая спадчына адлюстроўвае важнейшыя падзеі гісторыі краіны і штодзённасці, падымае сур’ёзныя грамадзянскія і філасофскія праблемы, падахвочвае да разважання аб самых важных для чалавека рэчы: пра дабро і зло, аб Радзіме, пра каханне і радасці жыцця.

Упершыню ў адной галерэйнай прасторы прадстаўлена 150 карцін народнага мастака Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва. У дзевяці залах галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва можна пазнаёміцца са знакавымі працамі патрыятычнай тэматыкі, партрэтамі вядомых дзеячаў і блізкіх людзей, напоўненымі псіхалагічнай глыбінёй, выдатнымі нацюрмортамі — пышнымі і сціплымі, яркімі і пяшчотнымі, якія распавядаюць кожны сваю гісторыю. 

І, вядома, на выставе прадстаўлены графічныя работы майстра. Усе творы Леаніда Шчамялёва адрозніваюцца экспрэсіўнасцю і свабоднай пластычнай манерай выканання. Наведвальнікі юбілейнай экспазіцыі змогуць таксама пазнаёміцца з фотаархівам сям’і, які дазволіць убачыць Шчамялёва ў коле сяброў і родных, «дакрануцца» да палітры народнага мастака.

Уплыў творчасці Леаніда Шчамялёва на жывапісную культуру Беларусі другой паловы XX стагоддзя велізарны, а яго жыццёвы шлях мастака і грамадзяніна — гэта высокі прыклад творчага даўгалецця, духоўнай сталасці і жыццёвай мудрасці.


 Выставачны праект «Вянок „Вянкоў“»

Дзе: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

Калі: да 22 студзеня 2024 года

2023 год — юбілейны для адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», які быў выдадзены ў Вільні ў 1913 годзе. 

«Вянок», як і сто гадоў таму, застаецца ў цэнтры ўвагі чытачоў і даследчыкаў, кампазітараў і мастакоў. Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча беражліва захоўваюць кнігі з аўтографам паэта, прэзентуюць «Вянок» падчас імпрэз і выстаў, збіраюць інфармацыю пра арыгінальныя зборнікі.

Мастацка-дакументальны праект «Вянок „Вянкоў“» вылучаецца арыгінальным падыходам. Па-першае, выстава ўпісана ў асноўную экспазіцыю музея, па-другое, будзе доўжыцца год, да студзеня 2024 года, і будзе зменнай — кожны месяц будуць прэзентавацца новыя экспанаты. Галоўныя сярод іх — кнігі «Вянок» 1913 года, якія захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і ў фондах розных устаноў навукі і культуры Беларусі.

А пачынаецца выставачны праект з «Вянка» Максіма Багдановіча, які 22 сакавіка 1914 года ён падарыў любімай цётцы — Марыі Ягораўне Галаван (Багдановіч). Экспануюцца каштоўныя матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча: «Вянок» (Вільня, 1913) з аўтографам аўтара, фотаздымкі Марыі Галаван і яе дома ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе яна пражыла амаль 20 гадоў, віншаванні любай цётцы ад пляменнікаў.


Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.