Вы тут

Гульні нясталага розуму, або Чым «вайнушка» адрозніваецца ад «ПВК «Рэдан»


Я апошнія некалькі дзён, з таго часу, як з’явіліся першыя навіны аб спробах маладых людзей учыніць масавыя бойкі каля буйных гандлёвых цэнтраў у розных гарадах, пастаянна думаю: адкуль у нас іх столькі — маладых, дурных, нічым не занятых — цэлыя натоўпы? Задаваць пытанне, куды глядзяць іх бацькі, не буду — гэта падобна на пустое маралізатарства. Шаснаццацігадовага на ланцуг не пасадзіш. А паспрабуеш — атрымаеш такую адваротную рэакцыю, што дваццаць разоў пашкадуеш. Але чаму яны, шаснаццацігадовыя (і нават старэйшыя), вядуцца на ўсю гэту заморскую дурасць — вось, здаецца, самае галоўнае пытанне, на якое трэба шукаць адказ.


Спецыяльна перачытала філасофію гэтага японскага анімэ, паводле якога падлеткі ў Беларусі, у Расіі, ва Украіне (так-так, гэта не наша нацыянальнае вынаходства) дзеляцца на сваіх і чужых, ідуць сценка на сценку, гатовыя біць (чытай: забіваць?) зусім незнаёмых равеснікаў толькі таму, што тыя па-іншаму апранутыя. Карацей, дурасць несусветная. «Рэдан — пакаленне павукоў. Там прысутнічаў вялікі воін Амакаге, якога перамог здраднік Рэдана Хісока. Аднак сумленны і доблесны Ілумі зрынуў здрадніка Рэдана. Новае пакаленне павукоў — доблесныя, прыстойныя і проста шукаюць новых сяброў, а не падбухторшчыкі канфліктаў...» Вы што-небудзь зразумелі? А нашы дзеці, «павукі» і «антыпавукі», кіруючыся гэтым, ідуць біць адно аднаму твар і ламаць рэбры.

У нас, дзякуючы міліцыі, да гэтага не дайшло, у суседзяў пацярпелыя ў сутычках былі, і нямала. Нашых проста затрымалі, з большасцю — непаўналетнімі — правялі прафілактычную гутарку, адпусцілі. Бацькоў папярэдзілі. І на гэтым скончылася? Уся праблема ў тым, што не. Пра затрыманне групы ў Гомелі і пра тое, што ўзбуджана крымінальная справа, паведамлялі літаральна з кожнага праса. А назаўтра-паслязаўтра міліцыя затрымлівала ахвотных «памахацца» ў Брэсце, Мінску, Магілёве. Праз пару дзён яны могуць выскачыць у Віцебску ці Гродне. Карацей, у міліцыі яшчэ будзе работы і не трэба асабліва спадзявацца, што гэта ў адзін момант разыдзецца.

Камусьці, магчыма, гэта не спадабаецца, але, на маю думку, заклікі да гэтых самых падлеткаў накіраваць сваю энергію ў канструктыўнае рэчышча, заняцца чым-небудзь карысным, нават канкрэтныя прапановы, чым менавіта заняцца, спрацуюць мала, калі ўвогуле спрацуюць. Таму што гэта іншае. Справа ў тым (і не рабіце здзіўленыя вочы, нібы не ведалі), што ўсе падлеткі ва ўсе часы любяць пабіцца. Гэта, ведаеце, як гульня ў зверанят — адпрацоўваюцца навыкі дарослага жыцця. Так, на ўсякі выпадак. Іншая справа — якая ідэя ў гэтым праяўленні звычайнай, спрадвечнай па сутнасці з’явы. А вось з ідэяй якраз і праблема.

Не скажу, што нашы дзядулі ці прадзядулі, якія ў свае трынаццаць-пятнаццаць біліся вуліца на вуліцу або адзін канец вёскі на другі, былі асабліва гэтай ідэяй абцяжараныя. Але яны як мінімум ведалі адзін аднаго, у многіх сябравалі або разам працавалі бацькі, таму іхнія бойкі звычайна былі да першай крыві і былі ўсё-ткі больш гульнёй, у якой адно аднаго «ворагі», якія насамрэч нярэдка сябры, шкадуюць. Тое самае можна сказаць і пра «вайнушку», калі група падлеткаў дзялілася на «чырвоных» і «белых» ці, як у маім дзяцінстве, на «фашыстаў» і «партызан». «Фашыстамі» ў нашай кампаніі прызначаліся чамусьці хлопцы, а «партызанамі» — дзяўчаты. І калашмаціліся мы не па-дзіцячы. Памятаю, як мяне захапілі «ў палон», адсцёбалі па лытках крапівой, выпытваючы «пароль» (які я, вядома ж, не выдала) і закінулі ў глыбокую яму з апілкамі на старой пілараме. І даставаў мяне з яе саўгасны брыгадзір, што праязджаў міма, бо хаўруснікі па «вайне» пра мяне забыліся. Я тады здорава адубела ў тых апілках — была ранняя вясна... А назаўтра на кантрольнай па матэматыцы, як заўсёды, паклала пад сваю работу некалькі капірак і перадала копіі тым самым «фашыстам», якія мяне ў яму закінулі. Бо мы сапраўды сябравалі і я не хацела, каб хтосьці з іх атрымаў «двойку»…

Вось гэтых ключавых паняццяў — сяброўства, шкадаванне і гульня — у новай падлеткавай субкультуры няма. Яе і быць не можа — чужыя між сабой людзі, аб’яднаныя на пэўны час віртуальнай рэальнасцю, запазычанымі, чужымі сімваламі і гэткімі самымі імёнамі. Яны не гуляюць — а б’юцца па-сапраўднаму, і першая кроў іх толькі больш заводзіць. Яны не шкадуюць — а што шкадаваць абсалютна незнаёмых людзей, якіх убачыў упершыню на гэтай «тусе» і наўрад ці ўбачыш яшчэ (хіба што ў аддзяленні міліцыі, калі не пашанцуе папасціся). Таму гэта сапраўды праблема. І сапраўды страшна. Асабліва калі мець на ўвазе, што ў віртуальнай прасторы гэтым кіруе хтосьці дарослы і робіць гэта з пэўнымі мэтамі.

Гаварыце з дзецьмі. З тымі самымі, вашымі дзецьмі і ўнукамі, якія выраслі за камп’ютарамі і з гаджэтамі ў руках, якія былі ну проста ўзорнымі дзецьмі — ніколі не гулялі ў «вайнушку» і не прыходзілі з вуліцы з сінякамі і драпінамі. Раскажыце ім пра сяброўства, пра шкадаванне, пра гульню — не віртуальную, а рэальную, цікавую, з сябрамі, калі нават незнарок можна зрабіць балюча і тады балюча чамусьці становіцца табе. Паспрабуйце растлумачыць ім — раптам атрымаецца. Уласныя памылкі выхавання трэба выпраўляць. Лепш позна, чым ніколі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.