Вы тут

Калі мастацкае слова суседнічае з публіцыстычным...


Следам за зборнікам паэзіі «Памяць — бяссмерце народа» ў выдавецтве «ЮрСаПрынт» выйшаў тэматычна блізкі зборнік прозы — «Подых часу». За ўкладанне кнігі, прысвечанай Году гістарычнай памяці, адказвалі тыя ж Міхась Пазнякоў і Тамара Кавальчук. Выданне працягвае і развівае ідэі папярэдняга: пад цвёрдай вокладкай на трохстах старонках змешчаны апавяданні, навелы і біяграфічныя нарысы, у якіх літаратары аддаюць належнае героям гістарычных падзей альбо дзеляцца асабістымі ўспамінамі, увекавечваючы памяць сяброў, продкаў, настаўнікаў… Мастацкае слова тут суседнічае з публіцыстычным.


Асновай зборніка стала проза малых форм на рускай і беларускай мовах за аўтарствам літаратараў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кніга мае два раздзелы: мастацкіх твораў «Ажываюць у словах мінулага дні» і публіцыстыкі «У кожным радочку — гісторыі голас». На думку аўтара прадмовы Наталлі Саветнай, «сёння, у складаны гістарычны час, як ніколі актуальна пытанне захавання ў імя будучыні памяці аб мінулым народа і краіны, а беражлівыя адносіны да гісторыі ўжо сталі часткай нацыянальнай ідэі». Зрэшты, як і ў выданні «Памяць — бяссмерце народа», у кнізе «Подых часу» з усяго масіву звестак аб «мінулым народа і краіны» акцэнт робіцца менавіта на падзеях папярэдняга стагоддзя і ў першую чаргу — на Вялікай Айчыннай вайне.

Аўтар прадмовы звяртае ўвагу чытачоў на праблему захавання памяці аб страшэнных падзеях 1940-х гадоў: «Пасля Вялікай Айчыннай вайны вырасла ўжо некалькі пакаленняў, якія ведаюць пра яе, у лепшым выпадку, па падручніках». (Гэта не так і дрэнна, бо, пагадзіцеся, лепш ведаць пра вайну па падручніках, чым зрабіцца яе ахвярамі.) Імкнучыся выправіць азначаны стан рэчаў, аўтары калектыўнага зборніка звярнуліся да тэмы вайны. Яна спаўна раскрываецца ў такіх творах, як «Бабуля Агата» Тамары Кавальчук, «Макотра Кашы» Ніны Рыбік, «Подкоп» Наталлі Саветнай, «Перад расправай» Уладзіміра Гаўрыловіча, «Хлеб для партызанаў» Міхася Пазнякова, літаратуразнаўчым артыкуле «Ваенная тэма ў беларускай літаратуры» Уладзіміра Навумовіча, які па невядомай прычыне трапіў у раздзел мастацкай прозы, ды многіх іншых.

Зрэшты, не засталіся па-за ўвагай пісьменнікаў і іншыя старонкі ў слаўным тысячагадовым летапісе беларусаў. Так, аб чым ідзе гаворка ў гісторыка-публіцыстычных работах «Как Радзивиллы Речь Посполитую делили» (Якаў Аляксейчык), «Эволюция белорусской государственности» (Віктар Ермаловіч) альбо ў «Баладзе аб ліцвінцы Барбары і каралю Жыгімонту» на мяжы паэзіі і прозы (Зоя Капуста), няцяжка здагадацца па назвах. Асабістымі гісторыямі падзяліліся Наталля Касцючэнка (змешчаны ў кнізе ўрывак з рамана «Суровые уроки» прысвечаны маці пісьменніцы), Лідзія Возісава (у нарысе «Пад крылом Лебедзева» апавядаецца пра школьнага настаўніка словатворцы), Маргарыта Латышкевіч (пісьменніца прысвяціла цэлы цыкл сваім продкам) ды іншыя.

Каміла НАВІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».