Вы тут

Жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Жылкі праз архіўныя паштоўкі


Актуалізацыі звароту да жыццяпісу і творчай спадчыны таго ці іншага пісьменніка могуць паспрыяць розныя фактары: юбілейныя, памятныя даты, зробленыя знаходкі і інш. 1 верасня мінула 90 гадоў з дня сыходу з жыцця Уладзіміра Жылкі (1900—1933), аднаго з найбольш яркіх спадкаемцаў Максіма Багдановіча.


Уладзімір Жылка (злева) з сябрам. Багародзіцк, 1917 г. З фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча.

Жыццёвыя шляхі вялі прадстаўнікоў розных пакаленняў у адзін час у розных напрамках. Ратуючыся ад ваеннай навалы, сям’я Жылкаў разам з хваляй бежанцаў перабіраецца ў Тульскую губерню. У верасні 1916 г. пясняр чыстай красы едзе з Яраслаўля ў Мінск.

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца дзве паштоўкі, якія перадала ў 1989 г. разам з некаторымі іншымі дакументамі з сямейнага архіўнага збору Наталля Лазарава, дачка Уладзіміра Жылкі, настаўніца з Полацка. Цікавыя яны найперш тым, што, невядомыя спецыялістам і шырокай аўдыторыі, асвятляюць найбольш ранні, «дапісьменніцкі» перыяд жыцця паэта. Разам з некаторымі матэрыяламі з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча, Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва яны запачаткоўваюць своеасаблівы эпісталярна-біяграфічны дыскурс.

Перад намі дакументы, якія задаюць пытанні, разбураюць некаторыя стэрэатыпы, адкрываюць прастору для далейшай даследчыцкай дзейнасці. Чытачам «ЛіМа» прапануецца своеасаблівы квэст, а не завершаны вынік атрыбуцыі: параўнаць пераклад з арыгіналам на паштоўках, спраўдзіць дату і месца напісання, далучыцца да асвятлення некаторых старонак жыццяпісу У. Жылкі. Дзве паштоўкі — дзве весткі з мінулага — не толькі знаёмяць, але і заклікаюць да разваг, супрацоўніцтва, пошуку.

Вестка першая, віншавальная

Найбольш ранняя паштоўка Уладзіміра Жылкі адрасавана яго маці — Таццяне Ануфрыеўне. Можна сцвярджаць, перад намі першы (!) захаваны рукапіс будучага паэта. Аўтару 11 гадоў. Дзіцячы почырк, старанна выведзеныя акруглыя літары.

Адваротны бок паштоўкі з віншавальным тэкстам Уладзіміра Жылкі. 1912 г. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Сціслае віншаванне, паводле паштовага штэмпеля, адпраўлена на станцыю Гарадзея, у вёску Макашы Мінскай губерні 12 студзеня (?) 1912 г. (пераклад з рускай):

Дарагая мама.

Віншую вас з днём Анёла і жадаю ўсяго добрага.

Ваш Валодзя.

Пад тэкстам і зверху яго — прыпіскі іншым почыркам: «Маруся і я далучаемся і ад душы віншуем»; «Пішыце — 3 месяцы чакаю лістоў». Подпіс разабраць складана, але выкажам меркаванне, што гэта рука Юрыя Раманейкі, брата Таццяны Ануфрыеўны, які заўсёды апекаваўся сям’ёй сястры, цікавіўся лёсам і творчасцю пляменніка. Марусяй звалі яго жонку. Паштовы штэмпель указвае на месца адпраўкі карэспандэнцыі — «Шанцынов» (?). Дакладна вядома, што ў першай палове 1920-х гг. Юрый Раманейка жыў у розных гарадах Украіны. Пра гэта сведчаць яго лісты, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архівемузеі літаратуры і мастацтва. Не выключана, што Уладзік на час адпраўкі віншавальнай паштоўкі гасцяваў у свайго дзядзькі.

Вестка другая, абітурыенцкая

Паводле існуючых біяграфій У. Жылкі, у 1914 г. ён скончыў гарадское вучылішча ў Міры. У фондах БДАМЛМ захоўваюцца лісты брата паэта да Уладзіміра Калесніка. Барыс Жылка пісаў 13 красавіка 1969 г.: «Мір быў бліжэйшым мястэчкам, куды ездзілі на кірмаш з Макашоў, Гарадзеі і з Падлесся. Ну і там было гарадское чатырохкласнае вучылішча. Гэта было самае бліжэйшае месца, як гандлёвае, так і навуковае ў сялян таго часу гэтай мясцовасці». Пра далейшыя ступені адукацыі чытаем на­ступнае: «У Багародзіцк Валодзя паехаў таму, што там былі лепшыя ўмовы, а гэта было са­мае галоўнае, як у Мар’інай Горцы і Горках. Ніякіх знаёмых і родных там не было».

Адваротны бок паштоўкі, адпраўленай з Багародзіцка, з тэкстам У. Жылкі. 1916 (?) г. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Другая паштовая картка, якая захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прымушае перагледзець некаторыя жыццяпісныя звесткі пра паэта. Паводле адных сучасных біяграм, У. Жылка скончыў два класы Багародзіцкага сельскагаспадарчага вучылішча ў 1917 г. У іншых крыніцах за адлік часу навучання бярэцца 1914 г., адпаведна, курс здабыцця прафесійных ведаў прыпадае на 1914/1915, 1915/1916, 1916/1917 вучэбныя гады.

Выяўлены намі ліст дае зусім іншую інфармацыю. Поўная дата на паштовым штэмпелі хоць і не чытаецца дакладна, але год распазнаецца. З вялікай доляй упэўненасці можна сказаць, што 1916-ы. Пры гэтым у самім тэксце ліста гаворка ідзе пра паступленне ў Багародзіцкае вучылішча (паштоўка акурат з яго выявай). Адпаведна, заняткі маглі быць толькі ў 1916/1917 годзе і ў першай палове наступнага (у снежні 1917-га сям’я ўжо была ў Мінску).

Тытульны бок паштоўкі, адпраўленай У. Жылкам з Багародзіцка ў Мінск.

І яшчэ адна нестыкоўка з вядомай біяграфіяй паэта, паводле якой у 1916 г. радзіна Жылкаў, ратуючыся ад вайны, перабралася ў Тульскую губерню. Барыс Жылка ў адным з лістоў да Уладзіміра Калесніка пісаў, што ў бежанства яны адправіліся з набліжэннем фронту, г. зн. у 1915-м, і не ў Тульскую губерню, а ў Калугу. Магчыма, гэты горад быў першым пунктам прызначэння.

Цяпер звернемся да тэксту ліста на адвароце паштоўкі. Яна адпраўлена бацьку будучага паэта на адрас: г. Мінск, Саборная плошча, царкоўна-начынны склад, Адаму Восіпавічу Жылку (пераклад з рускай):

Дарагі татачка!!!

У пятніцу ў нас была дыктоўка і задача, а ў суботу Закон Божы, геаметрыя і фізіка. Як задача і дыктоўка не ведаю, але Закон, геаметрыя і фізіка прайшлі вельмі добра. Сёння падрыхтоўваюся па геаграфіі на панядзе­лак. Дай Бог, каб хоць апошні прайшоў так, як першыя, то было б добра і мог бы спадзявацца, што паступлю. Пакуль што жыву ў адной гаспадыні. Плачу па 50 кап. за суткі. Калі паступлю, то адразу ж найму кватэру. Калі што будзеце пісаць, то пішыце: г. Багародзіцк, Тульская губ. Паштамт, да запатрабавання, Жылка.

Да пабачэння. З любоўю да Вас Валодзя.

З ліста вынікае, у 1916 г. бацька не быў разам з усёй сям’ёй у бежанстве, а застаўся, магчыма, часова, у Мінску. Таксама верагодна, што на радзіму (не ў вёску, а ў горад) ён вярнуўся раней за ўсіх астатніх для папярэдняга ўладкавання побыту.

З аграномаў — у паэты

Гісторыя Багародзіцкага сельскагаспадарчага вучылішча самым цесным чынам звязана з імем яго заснавальніка і апекуна — прафесара Івана Сцебуна (1833—1923), а праз яго — і з… Беларуссю. Будучы вядомы вучоны-аграном у 1854 г. скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут (цяпер Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). Пасля вывучэння вопыту ўзорных гаспадарак у Прыбалтыцы і Заходняй Еўропе вярнуўся ў сваю альма-матар, дзе ў 1860—1865 гг. выкладаў паляводства, лугаводства, а таксама палітычную эканомію. Пасля быў пераведзены ў Пятроўскую земля­робчую і лясную акадэмію (Масква), зрабіў выдатную кар’еру вучонага і арганізатара. Сёння Сельскагаспадарчы каледж «Багародзіцкі» імя І. А. Сцебута, засна­ваны ў 1898 г., лічыцца найстарэйшай адукацыйнай установай агранамічнага профілю не толькі Тульскай вобласці, але і ўсёй Расіі.

У пачатку ХХ ст. у Багародзіцку рыхтаваліся аграномы шырокага профілю. Першы выпуск адбыўся ў 1904 г. Навучанне было шасцігадовым, яго кошт складаў 200 руб. у год — вялікія па тым часе грошы. У распараджэнні выкладчыкаў і навучэнцаў мелася багатая гаспадарка: ворыўная зямля, сад, агарод, гадавальнік пладовых і паркавых дрэў, птушкаі жывёлагадоўчыя фермы, пасека. Дзякуючы сістэме сажалак, рыбнаму заводу свежай прадукцыяй забяспечвалася амаль уся Тульская губерня. Кожны вучань меў сваю дзялянку, індывідуальную тэму доследаў.

Гонарам вучылішча быў шыкоўны кветнік. Калі ў гісторыі адукацыйнай установы натрапляеш на інфармацыю пра яго, некаторыя біяграфічныя звесткі пра У. Жылку паўстаюць у іншым святле. Так, у лісце да У. Калесніка ад 16 красавіка 1969 г. Б. Жылка адказваў на пытанне пра вытокі эстэтычнага густу свайго брата-паэта наступнае: «Наконт кветак, то ў нас у сям’і іх любілі, любіла й маці, гэта прывілося і нам. У нас усюды перад хатаю былі кветкі. Нават людзі смяяліся, што хлопцы лепш за дзяўчат кветкі росцяць. У хаце, як пачнецца вясна, пачынаючы з падснежніка, увесь час да марозу ў нас стаялі букеты. <…> А калі хто ідзе з нас з поля ці з лесу, ці з сенажаці, ці з рэчкі, то ўсё роўна прынясе кветак у хату».

«Земледелка» (так папросту называлі вучылішча ў пачатку ХХ ст. і пазнейшыя часы) славілася сваёй дысцыплінай, як казалі, казарменным рэжымам. Пры гэтым свабода была ў творчым самавыяўленні. Не толькі аб працоўным, але і аб эстэтычным выхаванні навучэнцаў дбалі ў Багародзіцку. Да паслуг ахвотных і здольных, усіх зацікаўленых быў сімфанічны аркестр, драматычны гурток, у якім ставіліся п’есы Астроўскага, Гогаля, Чэхава, Ібсена, Гаўптмана і інш.

Пра своеасаблівы культ кнігі ў сям’і, увагу да рускай літаратурнай класікі пісаў і Барыс Жылка 6 сакавіка 1966 г.:

«Бацькі нашы адносіліся да кніжак з павагаю і ніколі не шкадавалі грошай на набыццё, то іх у нас і было многа па таму часу і па нашаму становішчу, бо выязжаючы ў Клецішча адна падвода цалкам была нагружана кніжкамі. Пушкін, Лермантаў, Надсан, Цютчаў, Майкаў, Фет, усе дадаткі да часопісаў: тут былі і ўсе кніжкі беларускія, якія толькі выйшлі да 1919 г.».

Лічыцца, што першыя беларускія вершы У. Жылка напісаў у 1918-м, а публікацыі твораў з’явіліся ў 1920 г. Але ў сувязі з вышэйадзначаным лагічна было б меркаваць, што творчая хваля не магла не захапіць паэта раней, яшчэ ў Багародзіцку. Магчыма, гэта былі допісы (зразумела, на рускай мове) у насценную газету, дэкламацыя для студэнцкай аўдыторыі, урэшце, публікацыі ў друку.

У снежні 1917 г. Уладзімір Жылка ўжо ў Мінску. Дапамагае бацьку, акунаецца ў бурлівае грамадскае жыццё губернскага горада. Знаёміцца з беларускімі пісьменнікамі, сям’ю Жылкаў адведвае сам Янка Купала. Прыдалося і прафесійнае навучанне: у 1918—1919 гг. У. Жылка разам з М. Чаротам працуе аграномам у нацыяналізаваным маёнтку пад Мінскам. Думаецца, аб’ект нашай увагі вярнуўся з Багародзіцка на радзіму не толькі са сціплым студэнцкім пажыткам, але і з даволі важкім інтэлектуальным багажом, заўважаным і ацэненым творчай элітай сталіцы Беларусі.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».