Вы тут

У Вялікай зале Мінскага дзяржаўнага каледжа імя М. І. Глінкі адбылася творчая вечарына Аліны Безенсон


20 лютага 2023 г. у Вялікай зале Мінскага дзяржаўнага каледжа імя М. І. Глінкі адбылася творчая вечарына вядомага беларускага кампазітара, аўтара музычных твораў самай рознай жанравай скіраванасці, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Аліны Безенсон. Творы Аліны Безенсон трывала ўвайшлі ў рэпертуар навучэнцаў музычных школ, каледжаў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, салістаў і аркестраў. Яе музыка гучыць на канцэртных пляцоўках не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і ў шмат якіх краінах свету (Расія, Украіна, Балгарыя, Латвія, Літва, Польшча, Германія, Аўстрыя, Бельгія, Галандыя, Кітай, Мексіка, Туніс). Дарэчы будзе згадаць, што Аліна Іванаўна з’яўляеццца выхаванкай выбітных майстроў мастацтва, у тым ліку і народнага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара Андрэя Юр’евіча Мдзівані, які вучыў яе кампазіцыі.


Лаўрэат міжнародных конкурсаў  Аркестр рускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага каледжа імя М. І. Глінкі.

Творы Аліны Безенсон з’яўляюцца аб’ектам шматлікіх даследаванняў па музыказнаўстве ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Кампазітар часта бярэ ўдзел у семінарах і лекцыях, мэта якіх — прапаганда беларускай музыкі, творчасці сучасных беларускіх кампазітараў. Аліна Безенсон з’яўляецца аўтарам перакладанняў для домры і цымбалаў каля 20 беларускіх кампазітараў, складальнікам зборнікаў «Беларуская Мазаіка для домры» (4 выпускі) і «Творы сучасных беларускіх кампазітараў для скрыпкі», іншых шматлікіх выданняў.

Вечарына распачалася з песні «Малітва» ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Гагідзэ і сімфанічнага аркестра МДМК імя М. І. Глінкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор Мікалай Макарэвіч). Гэты ж калектыў (салістка — лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Дар’я Баханко) прадставіў канцэрт для цымбалаў з аркестрам «Кліч званоў». Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Залатая струна» гэтай жа навучальнай установы (мастацкі кіраўнік Ганна Полесава, канцэртмайстар Ірына Лук’янава) выканаў «Танга-нуэва».

Высокім майстэрствам вылучалася і выступленне ансамбля народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік — прафесар кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Леанід Іванавіч Чарняк, партыя фартэпіяна — кампазітар Аліна Безенсон). Прагучалі кампазіцыі «Спеў сэрца», «Таката», а таксама фантазія на тэму беларускай народнай песні «Сядзіць камар на дубочку».

Творы Аліны Безенсон звернуты да высокай духоўнасці, глыбокіх пачуццяў і перажыванняў. Музычная мова аўтара адрозніваецца натхнёнымі, выразнымі мелодыямі, своеасаблівымі маляўнічымі гармоніямі, мадуляцыямі, вылучаецца разнастайнасцю рытмічных малюнкаў, дынамічнасцю руху і развіцця. Гэта слухачы маглі ацаніць і ў прэм’ернай кампазіцыі «Званы Святыні» ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў аркестра беларускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа (мастацкі кіраўнік і дырыжор Сяргей Гладкі).

Гледачы маглі пераканацца і ў тым, што ў творчасці Аліны Безенсон вялікае значэнне маюць апрацоўкі і канцэртныя фантазіі на тэмы беларускіх народных песень для розных музычных інструментаў, ансамбляў і аркестраў народных інструментаў. Яны напісаны сучаснай арыгінальнай музычнай мовай з разнастайнымі поліфанічнымі, каларыстычнымі і санарыстычнымі прыёмамі, шумавымі эфектамі і характарызуюцца адмысловым падыходам да развіцця народных тэм.

Спецыфіка ладу, інтанацыйная аснова, рытмічны малюнак і характар, закладзеныя ў аснову народных песень, беражліва захоўваюцца і развіваюцца кампазітарам у шмат якіх кампазіцыях. У музычнай фактуры шырока выкарыстоўваецца аркестравы гукапіс, выяўленчасць, кантраст паміж часткамі формы. Тонка паказаны тэхнічныя магчымасці, тэмбры, шырокі гукавы дыяпазон і штрыхавая разнастайнасць кожнага інструмента. Многія з адзначаных характарыстык знайшлі сваё праламленне ў канцэртнай кампазіцыі на тэму беларускай народнай песні «Кукавала зязюля».

Парадавала гасцей і выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў аркестра рускіх народных інструментаў (мастацкі кіраўнік і дырыжор Віталь Дубовік). Аліна Іванаўна выдала шмат сваіх музычных зборнікаў, сярод якіх — тры выпускі зборнікаў для аркестра рускіх народных інструментаў, яшчэ сем выпускаў падрыхтаваны і ў хуткім часе таксама пабачаць свет. Дзякуючы падобным выданням творы кампазітара актыўна выкарыстоўваюцца ў навучальных, конкурсных і канцэртных праграмах аркестравых калектываў дзіцячых музычных школ, музычных каледжаў, вышэйшых музычных навучальных устаноў, а таксама аматарскімі і прафесійнымі аркестрамі рускіх народных інструментаў.

Слухачы цёпла віталі і вядомую беларускую дамрыстку, дацэнта кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэата міжнародных конкурсаў  Надзею Лазуцкую. У яе выкананні прагучала прэм’ера аркестравай версіі «Канцэрціна» для домры з аркестрам рускіх народных інструментаў.

З асаблівай замілаванасцю, цеплынёй і неверагоднымі эмоцыямі прысутныя сустрэлі выступленне вядомай беларускай спявачкі, лаўрэата Рэспубліканскіх конкурсаў эстрадных выканаўцаў Аліны Чыжык.

У яе выкананні прагучала песня «Зямля мая» на словы вядомага беларускага паэта Валерыя Максімовіча. Гэтая кампазіцыя заняла асаблівае месца ў рэпертуары спявачкі. Песня ўжо гучала на розных музычных пляцоўках, з нагоды самых розных дзяржаўных свят і юбілеяў. Па прызнанні Аліны Чыжык, яна плануе праспяваць яе з Прэзідэнцкім аркестрам, зрабіць якасны студыйны запіс і надалей радаваць аматараў беларускай лірыка-патрыятычнай песні. У планах спявачкі — вынесці на суд слухачоў яшчэ адну песню на словы Валерыя Максімовіча «Жаўранкі» (музыка АліныБезенсон). У фінале праграмы прагучала песня на словы Лізаветы Палеес «Ради мира».

Пасля музычнай праграмы выступілі шматлікія сябры, калегі, госці, якія сказалі шмат ухвальных слоў у адрас выдатнага майстра. Па прызнанні старшыні Саюза кампазітараў Беларусі Алены Атрашкевіч, Аліна Безенсон уносіць вялікі ўклад у справу развіцця беларускай музыкі сваімі харавымі, вакальнымі, камерна-інструментальнымі творамі. Яна падкрэсліла незвычайную працавітасць кампазітара, яе няўрымслівасць, актыўнасць, мэтанакіраванасць, рашучасць брацца за любую справу, за розныя жанры і стылі, яе схільнасць да наватарства, навізны, жаданне творча і рэзультатыўна супрацоўнічаць з рознымі калектывамі, салістамі, выканаўцамі. І сённяшняя імпрэза — таму пацвярджэнне.

Аб запатрабаванасці творчых адкрыццяў і знаходак сведчыць і тое, што творы Аліны Безенсон выконваюць сімфанічныя аркестры Белдзяржтэлерадыёкампаніі і Белдзяржфілармоніі, сімфанічны аркестр Гродзенскай капэлы (дырыжор — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Борматаў), Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў, дырыжор Юрый Караваеў).

Безумоўна, творчасць Аліны Безенсон істотна ўзбагачае музычную палітру беларускага мастацтва, надае ёй адметны шарм, гучанне, глыбокае і шматмернае змястоўнае напаўненне. Яна разлічана на розныя ўзроставыя катэгорыі слухачоў і выканаўцаў, розныя густы, можа задавальняць эстэтычныя прыхільнасці рознай аўдыторыі. Кожны знойдзе ў ёй сваё, адчуе асалоду ад судакранання з неймаверным спалучэннем гукаў, тонаў і паўтонаў, тэмбраў, іх пералівамі, пераходамі, перагукваннем. І дадзенае мерапрыемства з’яўляецца яшчэ адным красамоўным сведчаннем вялікага таленту мастачкі, яе жывой і святланоснай размовы з сабой, з людзьмі, з Сусветам.

Максім ТРАЯНОВІЧ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.