Вы тут

Дні беларускага кіно для свайго ж гледача і вытворчасць новых фільмаў


Дні беларускага кіно для свайго ж гледача і вытворчасць новых фільмаў: задачы па развіцці найважнейшага з усіх мастацтваў.


Фота: pixabay.com

Хутка беларускае кіно будзе святкаваць юбілей — ёсць з чым, калі азірнуцца ў мінулае. Ёсць у айчыннага кіно свая біяграфія, было створана шмат, а тое, што не страціла сваёй чалавечай ці гістарычнай актуальнасці, можна паказваць у кінатэатрах, напрыклад, вылучыўшы асобны Дзень беларускага кіно. Па гэтым шляху пайшлі беларускія кінатэатры, павялічыўшы долю айчынных фільмаў у кінапракаце ў мінулым годзе. Школьнікі, моладзь альбо асобныя катэгорыі гледачоў могуць такім чынам наведваць

кінапаказы дзеля асветы і выхавання, у тым ліку глядацкага. Айчынная кінакласіка, трэба думаць, будзе выклікаць гонар у публікі розных пакаленняў (быў такі час), і дазволіць зразумець нашу адметнасць у кіно з пункту гледжання тэм і тэндэнцый у асобных кірунках (ігравы, дакументальны, анімацыйны). Вось толькі складана знайсці гледача, які не марыў бы пра сучасны беларускі вялікі (найперш ігравы) фільм, які выклікаў бы не толькі жаданне пайсці ў кіно, але і сапраўдныя цікавасць і гонар. Гэтая мара застаецца ўпісанай і ў вынікі работы калегіі Міністэрства культуры Беларусі за мінулы год, на якой сярод гаворкі пра развіццё розных відаў мастацтваў асаблівую ўвагу надалі менавіта кіно.

Выніковыя лічбы быццам бы і някепскія: у 2022 годзе забяспечана вытворчасць 11 фільмаў. Адрэстаўрыраваны і алічбаваны 23 кінастужкі. Значна павялічана доля кінасеансаў з паказам фільмаў беларускай кінавытворчасці: 18 працэнтаў пры плане 6. Праведзена 12 дзён беларускага кіно за мяжой — у Таджыкістане, Узбекістане, Казахстане, Індыі, Расіі. Уведзена практыка правядзення Дзён беларускага кіно ва ўсіх рэгіёнах краіны. ХХVIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» сабраў рэкордную колькасць заявак — 1360 ад удзельнікаў з 89 краін. Мерапрыемствы кінафестывалю адбыліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Больш увагі заяўлена да маладых кінематаграфістаў: на кінастудыі «Беларусьфільм» у 2022 годзе створана студыя маладзёжнага кіно.

У той жа час па выніках працы за год рэспубліканскім прадпрыемствам Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» з даведзеных 14 паказчыкаў фінансава-эканамічнай дзейнасці выканана толькі 5. Не ўдалося дасягнуць выканання паказчыкаў па чыстым прыбытку. Рэнтабельнасць продажу мінусавая, атрыманы страты ад рэалізацыі прадукцыі. З мэтай выхаду на дзейнасць без страт у 2023 годзе неабходна забяспечыць эфектыўную сістэму кіравання прадпрыемствам і павышэнне ўзроўню адказнасці як кінастудыі, так і Міністэрства культуры, адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Тут ёсць да чаго імкнуцца, бо калі ў краіне існуе кінастудыя (а гэта вялікае прадпрыемства, якое павінна вырабляць пэўную прадукцыю), то яна павінна працаваць напоўніцу. Без прастояў і страт. Адна з задач на бягучы год — забяспечыць максімальную загрузку вытворчых магутнасцей нашага галоўнага прадпрыемства, пры гэтым вытрымліваючы нарматыўныя тэрміны вытворчасці фільмаў. Што праўда, кінавытворчасць — спецыфічная галіна, да яе ўсё ж складана падыходзіць з выключна колькаснымі меркамі. Бо поспех кіно — найперш у якасці. А тут (незалежна ад таго, якое тэхнічнае абсталяванне і магчымасці маюцца на «Беларусьфільме») уключаецца «чалавечы фактар». Менавіта ад яго залежыць адмысловасць абраных тэм, адметнасць аўтарскага падыходу ці здольнасць зняць цікавы фільм для масавай аўдыторыі. Кінастудыі, паводле генеральнага дырэктара «Беларусьфільма» Уладзіміра Карачэўскага, сёння не хапае кваліфікаваных спецыялістаў розных кірункаў. Між іншым, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў яшчэ ў 2010 годзе быў створаны факультэт экранных мастацтваў. Менавіта таму, што ўзнікла патрэба ў спецыялістах у краіне з набыццём незалежнасці (за савецкім часам іх рыхтавалі па-за межамі рэспублікі, і на тых кадрах, якія прыехалі да нас па размеркаванні, у многім трымалася беларускае кіно).

Але час ідзе, людзі сыходзяць ды і якасць спецыялістаў для сучаснага кіно цяпер патрабуецца крыху іншая. Факультэт павінен забяспечваць патрэбы Беларусі ў спецыфічных кадрах, але іх усё адно не хапае — з розных прычын. На гэта звярнулі ўвагу падчас калегіі, дзе прагучала заклапочанасць недастатковасцю кадраў, асабліва маладых. Але і выказваліся спадзяванні, што патрэбныя кадры для кінагаліны рэальна падрыхтаваць у Беларусі, толькі трэба, каб кантакты паміж кінастудыяй і акадэміяй былі больш актыўныя, а пры магчымасці падключаліся дзяржаўныя органы, якія маюць непасрэдны ўплыў на больш хуткае вырашэнне пытанняў, якія падкідвае жыццё.

— Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача па стварэнні кінапрадукцыі, запатрабаванай у гледача ў Беларусі і за мяжой. У беларускага кіно ёсць сур’ёзныя традыцыі. Але, на жаль, нашы трохгадовыя чаканні атрымаць яркія і запатрабаваныя гледачом праекты пакуль не спраўдзіліся. Відавочна, патрэбны фільм (і не адзін), які захочацца паглядзець некалькі разоў, які стаў бы сур’ёзнай інфанагодай і прыцягнуў бы ўвагу да айчыннага кіно, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».