Вы тут

Падведзеныя вынікі работы тэатраў Беларусі за мінулы год


Кожны шосты беларус стаў гледачом беларускіх дзяржаўных тэатраў у 2022 годзе. Такую статыстыку прывяла кансультат Упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Лізавета Грынкевіч падчас канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры «Пытанні развіцця тэатральнага мастацтва ў Беларусі на сучасным этапе». 


Фота: Белпрэсцэнтр

Лізавета Грынкевіч акцэнтавала ўвагу на тым, што беларускія тэатры могуць прывабіць рэпертуарнай праграмай гледача любога ўзросту, і гэта можна пацвердзіць афіцыйнай статыстыкай: 

— У 2022 годзе беларускія тэатры правялі каля 9000 розных мерапрыемстваў, якія наведала 1,5 мільёна чалавек. 

Спікер ад Міністэрства культуры таксама агучыла планы на цяперашні год. Сярод іх — правядзенне «Нацыянальнай тэатральнай прэміі» — Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва. Ён праводзіцца раз у два гады, і апошнім разам быў у 2021 годзе. Акрамя гэтага, аматараў тэатра чакаюць некалькі буйных форумаў і фестываляў у гэтым годзе. Па словах Лізаветы Грынкевіч, у Беларусі пройдуць Міжнародны маладзёжны форум «M.@rt кантакт», на якім будуць прадстаўлены ўдзельнікі з блізкага і далёкага замежжа, і Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа», які таксама збірае ўдзельнікаў з розных краін свету.

Для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы гэты год таксама абяцае быць багатым на падзеі: 

— Мы вядзем актыўную гастрольную дзейнасць па ўсёй Беларусі. Летась мы выехалі 46 разоў, паказвалі спектаклі на разнастайных пляцоўках, у дамах культур, — кажа намеснік генеральнага дырэктара тэатра Алег Пракапчук.

14 красавіка тэатр прыме ўдзел у XIII Міжнародным фестывалі «Астроўскі ў доме Астроўскага». У Маскве, на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Малога тэатра Расіі гледачы змогуць паглядзець спектакль «Гарачае сэрца» па пьесе Аляксандра Астроўскага. Дарэчы, літаратурная першакрыніца была перакладзена на беларускую мову, таму на сцэне маскоўскага тэатра спектакль пакажуць з падрадковым перакладам.

Таксама гледачоў чакае пашырэнне рэпертуарнай праграмы. Па словах Алега Пракапчука, у афішы тэатра зараз 14 пастановак, але у цяперашнем годзе плануюць выпусціць не меней за 4 новыя пастаноўкі, у тым ліку і дзіцячыя спектаклі. Бліжэйшая казка для дзяцей — у красавіку.

— Тэатр працягвае працу па выхадзе на рынак паслуг. На сайце можна набыць квіткі не толькі на нашы пастаноўкі, але і на спектаклі любога дзяржаўнага тэатра Беларусі, — адзначыў Алег Пракапчук.

Змяняецца з часам і Маладзёжны тэатр эстрады. Па словах яго дырэктара Сяргея Мядзведзева, тэатр выйшаў за тыя межы, якія былі пры яго стварэнні, мяняе канцэпцыю. З канцэртнай дзейнасці ён набліжаецца да драматычнага тэатру. 

— Наш творчы персанал дазваляе нам адчуваць сябе больш вольна ў адрозненне ад драматычных тэатраў, якія абмежаваны сваім статусам. Мы можам даць гледачу тое, чаго ён больш жадае сёння. Менавіта таму ў нашым рэпертуары так шмат мюзіклаў рознай накіраванасці: прыпавесць, біяграфія.

Падводзячы вынікі мінулага года, Сяргей Мядзведзеў адзначыў, што у рэпертуары тэатра з’явілася 6 новых пастановак, і сёлета ёсць намер працягваць гэтую працу. На трэці квартал 2023 года запланавана прэм’ера спектакля, заснаванага на рэальных падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны. 

Маладзёжны тэатр эстрады надае ўвагу гастрольнай дзейнасці: летась 33 разы трупа выязджала з Мінску, але у гэтым годзе, 22 красавіка, плануецца паказ спектакля «Гур’янаў» у Дзелавым культурным комплексе пры пасольстве Беларусі ў Маскве.

Тэатр эстрады — гэта невялікая зала (усяго 256 месцаў), таму важна знайсці выхад на вялікую сцэну. У мінулым годзе гэта ўдалося, таму ў планах на цяперашні год таксама ёсць правядзенне двух мерапрыемстваў у Палацы Рэспублікі: гэта канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, і канцэрт да Дня маці. 

Адказваючы на пытанні журналістаў, Лізавета Грынкевіч адзначыла, што па выніках 2022 года са 150 новых пастановак — 45 першакрыніц былі напісаны беларускімі аўтарамі. Гэта не толькі класічныя творы, але і пьесы маладых аўтараў. Найбольш актыўна з моладдзю працуе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Канстультат Упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры анансавала новы конкурс, прысвечаны менавіта п’есам пачаткоўцаў. Перамога дае аўтару магчымасць убачыць свой твор на сцэне. Азнаёміцца з умовамі конкурсу можна будзе ўжо на наступным тыдні на сайце Міністэрства культуры. 

Анастасія МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».