Вы тут

Ад чэрлідзінгу да музыкі на старадаўніх народных прыладах


Лепшыя творчыя калектывы Гомельскай вобласці прадставілі свае нумары на заключным этапе VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!».


Свята сабрала ў Гомелі 50 калектываў з 18 раёнаў рэгіёна. У журы конкурсу вайшлі прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На іх суд было вынесена 60 нумароў.

Гонар выступіць на заключным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу выпаў удзельнікам фальклорнага калектыву «Брачынскія музыкі» Акцябрскай раённай гімназіі.

— Наша школа, якая стала потым гімназіяй, пабудавана ў мястэчку Брачын, цяпер гэта раён Акцябрскага. Раней там праводзіліся мясцовыя святы. Таму наш калектыў менавіта так і называецца. Мы любім сваю традыцыйную культуру. Маем стасункі з носьбітамі фальклору. Слухаем, як яны граюць і спяваюць, запісваем мелодыі на слых. Хлопцы граюць, а дзяўчаты танцуюць. Удзельнічаюць і самыя малодшыя нашы — «Брачынскія валачобнікі», — аб дэталях нумара распавяла выкладчык музыкі Акцябрскай раённай гімназіі і кіраўнік фальклорнага калектыву «Брачынскія музыкі» Вольга Дульская.

Падчас выступлення знаёмімся з настаўнікам хіміі Ліплянскай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна Кацярынай Юніцкай. Былая вучаніца вярнулася ў родную школу працаваць ужо педагогам. Яна з задавальненнем працягвае не толькі выкладаць свой прадмет, але і танцаваць разам са школьнікамі. Настаўнік сумяшчае работу настаўніка-прадметніка і кіраўніцтва школьным фальклорным калектывам «Карагод».

— Так, сама не так даўно танцавала ў гэтым калектыве і зараз вось вучу дзяцей народна-побытавым танцам, — падзялілася малады педагог.

Бальныя танцы ўсім вельмі патрэбныя — асабліва хлопчыкам: будучыя мужчыны ў танцы вучацца быць галантнымі з дзяўчынкамі. Так аб сакрэтах у рабоце з дзецьмі, якія матывуюць развівацца, распавяла малады педагог Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» Уладзіслава Сяргеенка. Яна — харэограф па бальных танцах, майстрам спорту па спартыўных танцах — прайшла творчы шлях у заслужаным калектыве Рэспублікі Беларусь, узорным ансамблі спартыўнага бальнага танца «Элегія». З нядаўняга часу кіруе малодшай танцавальнай групай жлобінскай «Эўрыкі». 

— Канешне, хвалююся за дзяцей. Мне пакуль крыху складана, але я спраўляюся. Мы падрыхтавалі да выступлення венскі вальс, — прадставіла свой нумар харэограф.

Гонар Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» на конкурсе абаранялі і ўдзельнікі групы чэрлідзінгу «Ніка»: 19 прадстаўніц старшай групы выступілі з праграмай «Лепшыя дзяўчаты Беларусі».

Магчымасць паказаць сваю творчасць на конкурсе выпала і ўзорнаму фальклорнаму калектыву «Найгрыш» сярэдняй школы № 30 Гомеля. На эмблеме навучальнай установы не выпадкова — музычны ключ. Адзін з кірункаў работы ў школе — музычна-харавы.

— Дуда, жалейкі, акарына, цымбалы, гліняныя флейты: на конкурсе мы вырашылі здзівіць журы выкананнем музыкі на старадаўніх народных прыладах. Яны не часта выкарыстоўваюцца нават у фальклорных калектывах, — падзялілася кіраўнік «Найгрышу» Вікторыя Федзяй

Між тым, у занальных этапах агляду-конкурсу, якія прайшлі ў студзені-лютым па ўсёй Гомельшчыне, прынялі ўдзел больш 30 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Дзіцячая творчасць ацэньвалася ў дзесяці намінацыях: вакал, харэаграфія, фальклор, інструментальная музыка, арыгінальны жанр, тэатр моды, тэатральнае, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і анімацыйны фільм.

У канцы сакавіка ў Мінску пераможцы агляду-конкурсу з рэгіёнаў прымуць удзел у гала-канцэрце VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!» і рэспубліканскай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці «Радзіма мая, у марах, у песнях, у словах...».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.