Вы тут

У Гродне рамеснікі распачалі чарговы сезон вялікім кірмашом


Савецкая плошча сустрэла народнымі песнямі, якія даносяцца са спецыяльна ўладкаванай сцэны. І гэта вельмі дарэчы, бо надвор'е ў гэты дзень не вельмі радуе. То выгляне сонейка, то раптам наляціць моцны вецер і зацярусіць сняжок. Але, здаецца, гэта мала каго палохае, бо наведвальнікі толькі прыбываюць. Свята «Казюкі» гродзенцы даўно ведаюць, яно праводзіцца больш за 20 гадоў, таму ніякае надвор'е не можа іх напалохаць, як дарэчы і майстроў-рамеснікаў.


Мой інтарэс да кірмаша не толькі прафесійны, але і спажывецкі. Ніколі не пакідаю кірмаш без пакупкі, вось і на гэты раз выйшла з цвёрдым намерам парадаваць сябе ці каго-небудзь з блізкіх самабытнымі рэчамі. 

Мая вандроўка па кірмашы пачынаецца з радоў з імяннымі падарункамі — кубкамі, лыжкамі, аўтаручкамі. Кожны можа знайсці сабе патрэбнае імя. Шчыра кажучы, мяне гэта прадукцыя не вельмі цікавіць, таму накіроўваюся далей. Наступны рад — з драўлянымі бытавымі прыладамі, усё, што датычыць сервіроўкі стала, работы з ежай — гэта апрацоўчыя дошкі, лыжкі, чарпакі, міскі, іншы драўляны посуд. Трэба сказаць, на кірмашы даволі шмат такіх вырабаў, мабыць таму, што на іх ёсць попыт. Драўляныя вырабы зараз не проста выконваюць сваю функцыю, але і ўпрыгожваюць стол, кухню. 

Заўсёды цікаўлюся апрацоўчымі дошкамі, бо яны ў майстроў, як правіла, вельмі якасныя, па большасці з бука альбо дуба. Нядаўна я набыла такую дошку на адным з кірмашоў, таму пацікавілася толькі іх коштам. Тут за іх просяць ад 23 да 40 рублёў. 

Як звычайна, на кірмашы вялікая прапанова цацак — мяккіх, вязаных, з тканіны. Для мяне было вельмі цікава ўбачыць ляльку з ваты для навагодняй ёлкі, коштам 15 рублёў. Адну з іх купіла гродзенка, якая паведаміла, што ўпрыгожвае ёлку такімі самаробнымі цацкамі. 

Нямала прапаноў для тых, хто любіць вязаныя рэчы. Асабіста я такія рады ніколі не абыходжу, заўсёды можна сустрэць штосьці арыгінальнае. Напрыклад, ажурныя шалікі, якія ўпрыгожаць кожную жанчыну. Наступны павільён сустракае шляпкамі ручной работы — капялюшы, барэты — на любы густ.

Дарэчы, капялюшы можна было набыць з саломкі. Здаецца, што гэта новы трэнд летніх сезонаў. Саламяныя вырабы, на мой погляд, могуць быць вельмі дарэчнымі падарункамі. 

— Гэта банкуха? — пытаюся ў прадаўца печыва. Вячэслаў кажа, што беларусы называюць гэты дэсерт банкухай, літоўцы — шакоцісам, а палякі сенкачом. У майстра ёсць свая пякарня, попыт на печыва расце, хаця яно і не таннае — адна такая «елачка» каштуе ад 20 да 30 рублёў. Праўда, прадэгусціраваць не ўдалося, хаця жадаючых паспрабаваць было нямала. 
Спыняюся калі арыгінальных браслетаў у спалучэнні нітак і скуры. Па словах майстра Алены цяпер вельмі папулярна менавіта такія спалучэнні — рознага кшталту матэрыялаў. Атрымліваецца мяккі летні варыянт, пасуе да льнянога адзення.

Унікальныя рэчы прывезлі на кірмаш раённыя дамы рамействаў. Напрыклад, у экспазіцыі з Мастоў прадстаўлены элементы дэкора, якія сплецены з травы і лазы. З Іўя — саламяныя вырабы. У раёне працуе некалькі вядомых майстроў, дзякуючы, у тым ліку, іх працы, саломапляценне нядаўна занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. 

Дарэчы, сёлета на «Казюкі» сабралася больш за 150 майстроў. На плошчы Савецкай у гэты ж дзень развярнулася народнае гулянне «Масляніца». Майстрам і наведвальнікам кірмашу пашанцавала, увесь дзень са сцэны гучалі песні аматарскіх і прафесійных калектываў Гродзеншчыны. 

—Мы праводзім разам два традыцыйныя мерапрыемствы — кірмаш рамеснікаў і Масленіцу. Зрабілі ўніверсальны дэкор, акрамя майстроў у цэнтры плошчы размясціліся падворкі прадпрыемстваў і арганізацый горада, арганізвана алея дызайнерскіх лялек, — паведаміла намеснік начальніка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Галіна Ераміновіч.

Трэба сказаць, што само свята «Казюкі» мае далёкую гісторыю і праводзіцца ў гонар ахоўніка рамеснікаў — Святога Казіміра. Такія кірмашы ў гэтыя дні ладзяцца ў Літве і Польшчы. «Казюкі» — вясновае свята і абвяшчае пачатак новага сезона. Лічыцца, як пройдзе першы дзень кірмаша, такім будзе гандль увесь год. 

Заўважаю, што на кірмашы нямала атрыбутаў да Вялікадня. У вочы кідаецца асартымент не толькі плеценых кошычкаў рознага памеру і формы, але і спецыяльных ажурных упрыгожванняў да іх. А галінкі вярбы складзены ў такія неверагодныя букеты, што можна толькі дзівіцца. Многія гродзенцы набылі такія прыгожыя букеты да свята. Дарэчы, гродзенская вярба ўнесена ў спіс нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі. 

З гіпсавых цэглаў прапануе пабудаваць розныя канструкцыі рамеснік Матвей з Гродна. Набор каштуе 40 рублёў. Кажа, што гэта цікава і дзецям і дарослым, цаглінкі склейваюцца па схеме, такім чынам можна «пабудаваць» палац альбо старажытную вежу, ці іншы цікавы аб’ект. Па словах Матвея, такой тэхналогіяй займаецца толькі ён. 

Майстры даволі ветлівыя, з задавальненнем расказваюць пра свае вырабы, дзеляцца прафесійнымі сакрэтамі. У Святланы поўны прылавак плеценых кошычкаў. Кажа, што гэта вынік яе работы за зіму. Усе іх прывезла на першы вясновы кірмаш. Спадзяецца, што гэты сезон пройдзе ўдала, тым больш, што і кошт у яе невялікі — за кожную рэч — 15 рублёў. Многія спыняліся вакол незвычайнай інсталяцыі з самавараў і куфраў. Можа таму, што ад іх ішоў пар і хацелася сагрэцца. Сяргей прывёз сваю цікавую і даволі аб’ёмную калекцыю з Мінска. Аказалася, што тут можна паспрабаваць гарбату на травах, гарачую кукурузу і медавуху. 

Было відавочна, што мала хто з наведвальнікаў пакідаў кірмаш без пакупкі. Вядома, і мне знайшліся рэчы па душы. Для сябе асабіста набыла прыгожыя свечы з натуральнага воску, невялікі кошычак з папяровай лазы і той самы камбінаваны браслет з нітак і скуры, а яшчэ арыгінальныя магніты, іх можна падарыць знаёмым, якія часам завітаюць у госці. Яшчэ некалькі падарункаў для блізкіх. 

Аўтарскія работы сапраўды асаблівыя. Ад іх не ўзнікае сумнення ў дарма патрачаных грошах, бо гэтыя рэчы ўнікальныя і па большасці непаўторныя. Кожны можа знайсці тое, што захаваецца ў душы і будзе выклікаць добры ўспамін. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?