Вы тут

«Гатоўнасць да здачы АЭС у эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года»


Другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўвядуць у прамысловую эксплуатацыю ў кастрычніку 2023 года. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы па пытаннях беларускай АЭС, перадае БелТА.


Фота: БелТА

У красавіку запланавана першае пробнае ўключэнне ў сетку другога энергаблока. Пры гэтым магутнасць рэактарнай устаноўкі будзе паднята да 40 працэнтаў. «У красавіку-верасні будуць паслядоўна ажыццяўляцца работы па асваенні магутнасці рэактарнай устаноўкі да намінальнай з правядзеннем выпрабаванняў у рамках доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гатоўнасць да здачы АЭС у цэлым у адпаведнасці з праграмамі ўводу ў эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года», — расказаў Віктар Каранкевіч.

Міністр нагадаў, што першы энергаблок быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года. У 2022 годзе ён прайшоў першы планава-папераджальны рамонт і цяпер працуе на намінальнай магутнасці.

«Агульная будаўнічая і тэхналагічная гатоўнасць другога энергаблока складае каля 98 працэнтаў. Вядуцца падрыхтоўчыя работы на завяршальнай стадыі для запуску ланцуговай рэакцыі і вываду рэактарнай устаноўкі на мінімальна кантралюемы ўзровень — гэта 1 працэнт магутнасці рэактара», — адзначыў кіраўнік Мінэнерга.

Як падкрэсліў у час нарады Прэзідэнт, радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі атамнай станцыі — прыярытэт з прыярытэтаў. «Мы доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні на этапе прыняцця вельмі сур’ёзнага рашэння аб будаўніцтве станцыі, улічылі ўвесь сусветны вопыт. Тут выкарыстоўваюцца найвышэйшыя тэхналогіі. Гэта здабытак нашага народа. Таму ўсе пытанні будаўніцтва і работы атамнай станцыі патрабуюць асаблівай увагі і ўзважанага падыходу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

З моманту ўключэння першы энергаблок выпрацаваў ужо больш за 12,5 млрд кВт⋅гадз, што дало магчымасць замясціць звыш 3 млрд кубаметраў газу і сэканоміць для краіны больш за $400 млн.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце «АЭС-2006», які адносіцца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення павышанай бяспекі. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць — унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Будынак рэактара ўкрыты двайной ахоўнай абалонкай. Рэактар не пацерпіць у выпадку землетрасення, урагану, паводкі.

Тэхналогія ВВЭР на сённяшні дзень з’яўляецца самай запатрабаванай і апрабаванай у свеце. З яе выкарыстаннем на працягу апошняга дзесяцігоддзя ўведзены ў эксплуатацыю АЭС у КНР і Індыі, а таксама плануюцца да ўводу АЭС у Егіпце, Турцыі, Венгрыі, Бангладэш, Узбекістане.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».