Вы тут

Таямніцы знаходак. У літаратурным музеі выступілі юныя даследчыкі


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла ІV навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!», якая сабрала юных літаратуразнаўцаў і краязнаўцаў з Мінска і Мінскай вобласці.


Фота: pixabay.com

Для ўдзелу было пададзена каля 140 заявак вучняў VІІІ-ХІ класаў.

Адкрываючы канферэнцыю, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Сяргей Усік заўважыў, што сёлета было прадстаўлена ў два разы больш работ, чым летась. Гэта сведчыць, што цікавасць да айчыннай літаратуры сярод вучнёўскай моладзі расце. Даследчыцкая дзейнасць узбагачае, садзейнічае фарміраванню асобы, яе патрыятычнаму выхаванню.

Школьнікі ў сваіх работах звярнуліся да жыцця і творчасці пісьменнікаў-юбіляраў: Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Яўгеніі Янішчыц, Адама Міцкевіча, Ніны Мацяш, Янкі Маўра.

У краязнаўчай секцыі дзеці выступалі з дакладамі, прысвечанымі народным святам, абрадам, прыказкам і прымаўкам, тапаніміцы. Юныя даследчыкі праводзілі апытанні дзяцей і бацькоў, уважліва вывучалі дакументы, звязаныя з пэўнымі літаратарамі, шукалі незвычайныя падыходы, каб раскрыць творчасць і асобу пісьменніка. Так, Варвара Кулікова, якая прадстаўляла сталічную гімназію № 38, прасачыла за падарожжамі Уладзіміра Караткевіча па Палессі, знайшла дакументы і ўспаміны пісьменніка, якія паказваюць яго ўражанні, звярнула ўвагу на творы, нарысы і сцэнарыі, што былі напісаны класікам пасля кожнай з вандровак.

Дзяўчаты з Ананіцкай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Кацярына Крывашэй і Валерыя Дубравец азнаёміліся з творчасцю пісьменнікаў, чый лёс быў звязаны з іх малой радзімай, адшукалі радкі, у якіх згадваюцца гарады і вёскі Пухавіччыны, і стварылі паэтычны зборнік, на аснове якога можна зрабіць экскурсійны маршрут ці нават творчую вечарыну.

Лаханская Ганна разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры кіруе Народным гісторыка-краязнаўчым музеем «Невычэрпная крыніца гісторыі» 25-й сталічнай гімназіі. Як распавяла дзяўчына, у навучальнай установе сярод гімназістаў прынята выбіраць лідара, здольнага ўзяць на сябе такія няпростыя абавязкі. Ганна расстаўляе экспазіцыі, праводзіць экскурсіі для малодшых школьнікаў, а таксама для шматлікіх гасцей гімназіі, якія, дарэчы, тут бываюць часта, бо 25-я гімназія стала адной з першых у краіне школ міру. На канферэнцыі старшакласніца прэзентавала маршрут «Мінскімі сцежкамі Янкі Маўра», у які ўключыла музеі, дзе можна ўбачыць прыватныя рэчы, дакументы і кнігі класіка, а таксама адрасы, звязаныя з пісьменнікам. Дарэчы, экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку, ёсць і ў самой гімназіі. Ствараць яе дапамагала ўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Дзеці наведвалі яе дома, знаёміліся з сямейным архівам, яе фотаздымкі і дакументы былі выкарыстаны пры распрацоўцы турыстычнага маршруту.

«Зямля, на якой мы жывём, — таямніца шматлікіх гістарычных знаходак», — заўважыла вучаніца сярэдняй школы № 3 горада Любані Соф'я Кавалеўская, што прысвяціла сваю работу 200-годдзю Уладзіслава Сыракомлі. У школе створаны музей «Любаншчына літаратурная», дзе захоўваюцца сотні экспанатаў, сярод якіх ёсць і каштоўныя. Напрыклад, мініяцюрны зборнік «Lіra Polska», які быў надрукаваны ў 1882 годзе і ўключае ў тым ліку вершы «лірніка вясковага». Дзве экспазіцыі музея прысвечаны знакамітым землякам — Уладзіславу Сыракомлю і Паўлу Шпілеўскаму. Музей падтрымлівае сувязі са сваякамі Сыракомлі, яго стрыечная праўнучка перадала школе здымкі з сямейнага архіва. Соф'я ўпэўненая, што каб любіць радзіму, яе трэба добра ведаць, і паабяцала, што любанскія школьнікі ўсё зробяць дзеля таго, каб захаваць памяць пра знакамітага земляка...

Работы юных даследчыкаў будуць сабраны ў электронным варыянце і размешчаны на сайце музея гісторыі беларускай літаратуры.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.