Вы тут

З якімі думкамі дэлегаты едуць на ўстаноўчы з'езд партыі «Белая Русь»


18 сакавіка ў Мінску збярэцца ўстаноўчы з'езд Беларускай партыі «Белая Русь». Яму папярэднічалі ўстаноўчыя сходы грамадскай арганізацыі ва ўсіх рэгіёнах, грамадскае абмеркаванне праекта праграмы будучай партыі.

Cтварэнне новай партыі — падзея невыпадковая, гэта рашэнне рыхтавалася самім жыццём, лічыць старшыня грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Алег Раманаў, яно «адпавядае самому духу і сэнсу тых змяненняў, якія былі адобраны беларускім народам на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года».

«Беларусы выказаліся за паступальнае, упэўненае развіццё, за захаванне стабільнасці, пабудаванай на нацыянальных культурных каштоўнасцях, на беларускай гістарычнай памяці, на ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. І дадзеная партыя будзе сілай, якая зможа пакінуць менавіта гэта — беларускую культуру, беларускія патрыятычныя каштоўнасці, нацыянальную і цывілізацыйную ідэнтычнасць, — сказаў Алег Раманаў напярэдадні апублікавання праекта праграмы партыі. — Неабходнасць забеспячэння адзінства, устойлівасці, стабільнасці нашага грамадства, адначасова з гэтым неабходнасць забеспячэння ўзыходзячага, устойлівага, прагрэсіўнага развіцця беларускага грамадства — палітычная партыя будзе вырашаць у тым ліку і гэтыя задачы».


Фота: БелТА.

«Настрой — рашучы»

Руслан Абрамчык, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, член арганізацыйнага камітэта па стварэнні Беларускай палітычнай партыі «Белая Русь»:

— У краіне ў чарговы раз праходзіць максімальна адкрыты працэс абмеркавання сацыяльна значных пытанняў. Маецца на ўвазе праект праграмы будучай партыі «Белая Русь». Дакумент абмяркоўваюць у працоўных і вучэбных калектывах, грамадскіх аб'яднаннях, у сацыяльных сетках. Прысутнічае і крытыка. Дарэчы, заўвагі па праекце праграмы выказваліся і падчас пасяджэння арганізацыйнага камітэта. Напрыклад, уносілася прапанова дадаць новыя раздзелы, якія варта было б адлюстраваць у першай рэдакцыі праграмы палітычнай партыі «Белая Русь».

Яшчэ адзін важны аспект дадзенага працэсу датычыць кансалідацыі канструктыўных сіл на новай платформе, на платформе партыйнага будаўніцтва. Упершыню найбуйнейшае грамадскае аб'яднанне заяўляе аб сабе як аб палітычным фактары. Гэта значыць, што цяпер партыя зможа вылучаць сваіх дэлегатаў на выбары ўсіх узроўняў. Кандыдатаў будзе падтрымліваць афіцыйная партыйная структура.

Хацеў бы адзначыць характар ідэалогіі і намеру самой партыі, які адлюстроўваецца і ў праграме. Якія ў яе каштоўнасці? У першую чаргу — стабільнасць, суверэнітэт, сацыяльная справядлівасць і сацыяльныя гарантыі для ўсіх катэгорый грамадзян. У такім кірунку будзе працягвацца далейшае будаўніцтва партыйнай сістэмы.

Важна разумець, што праграма — пачатковы дакумент, які павінен сабраць вакол сябе аднадумцаў. У далейшым будуць распрацоўвацца канкрэтныя планы мерапрыемстваў, якія будзе рэалізоўваць наша партыйная супольнасць — дэпутаты розных узроўняў і члены партыі, што знаходзяцца на пасадах выканаўчай улады.

Аргкамітэтам пазначана, што партыя аб'яднае вялікую колькасць нераўнадушных, ініцыятыўных людзей, якія падтрымліваюць нашу ідэалогію, ідэю дзяржавы сацыяльнай справядлівасці. Гэта яшчэ і прафесіяналы ў розных сферах дзейнасці. Іх думкі, дзякуючы партыі, могуць быць данесены па вертыкалі хутка і аператыўна да асоб, што прымаюць рашэнні.

Усе мэты і задачы, прапісаныя ў праграме партыі, павінны дасягацца канкрэтнымі крокамі. Напрыклад, у акругах будуць працаваць па праектах розных кірункаў — ці тое дзіцячы спорт, ці падтрымка ветэранаў, ці навядзенне парадку, ці праекты па ахове навакольнага асяроддзя. Гэтыя кірункі вядомыя, таму планы дастаткова аб'ёмныя.

Вядома, мы будзем імкнуцца да таго, каб у партыі было як мага больш членаў. Наперадзе вельмі шмат работы, таму і настрой у дэлегатаў з'езда, на маю думку, рашучы. Разам з тым, мы не бачым перашкод для сваёй дзейнасці.

Ідэя стварэння партыі ўжо агучана, яна падтрымана і VІ Усебеларускім народным сходам. Цяпер чакаем правядзення з'езда для таго, каб зацвердзіць наш статут і перадаць пакет дакументаў у Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі партыі. Пасля пачнецца работа па афіцыйным прыёме ў члены партыі, будуць стварацца арганізацыйныя структуры на месцах. Трэба спрацаваць канструктыўна і аператыўна, каб паўнавартасна і якасна ўвайсці са сваімі праектамі і планамі ў выбарчую кампанію 2024 года. Вельмі важна правесці гэту кампанію на высокім узроўні. Таму наш настрой скіраваны на тое, каб з'езд выканаў усе неабходныя паўнамоцтвы па арганізацыі, каб партыя пачала сваю штодзённую сістэмную дзейнасць па выкананні пастаўленых задач.


Наша мэта — захаваць моцную незалежную Беларусь

Старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Алена Клеянкова прадставіць на рэспубліканскім форуме Мсціслаў.

— Наша раённая арганізацыя аб'ядноўвае 830 чалавек, прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Сярод нас шмат работнікаў адукацыі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, органаў дзяржкіравання і гэтак далей. Мы прымаем актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. Гэта і патрыятычныя акцыі, дабрачыннасць, падтрымка народных ініцыятыў. Шмат працуем з насельніцтвам, прымаем удзел у вырашэнні надзённых пытанняў, сустракаемся з моладдзю, арганізоўваем і ўдзельнічаем у дыялогавых пляцоўках, даводзім да грамадства пазіцыю краіны. Але прыйшоў час стаць нам яшчэ больш дзейным рычагом. Апошнім часам недружалюбныя краіны кідаюць Беларусі сур'ёзныя выклікі. «Белая Русь» — менавіта тая арганізацыя, якая можа аб'яднаць грамадства, абараніць яго інтарэсы і стаць надзейнай апорай для беларускай дзяржавы. У якасці палітычнай партыі яна стане больш магутным і функцыянальным інструментам у адстойванні інтарэсаў нашага народа. Члены партыі стануць актыўнымі ўдзельнікамі электаральных кампаній, будуць удзельнічаць у прыняцці важных для краіны рашэнняў, рыхтаваць кадравы рэзерв для палітычнай сістэмы, садзейнічаць фарміраванню палітычнай культуры і свядомасці грамадзян.

Фота з архіва Алены Клеянковай.

Праграма палітычнай партыі ўжо рыхтуецца. Перад тым, як будзе прынятая, пройдзе ўсенароднае абмеркаванне. Любы ахвотны зможа азнаёміцца з ёй і ўнесці свае прапановы. Ідэйнай асновай партыі стане ідэалогія беларускай дзяржаўнасці, нормы, закладзеныя Канстытуцыяй. Наша партыя будзе накіравана на вырашэнне праблем, якія стаяць перад грамадствам. Мы гатовы рабіць усё для таго, каб перадаць нашым дзецям моцную і незалежную Беларусь.


У кантэксце запыту на новую палітычную культуру

Ігар Гетман, галоўны рэдактар Брэсцкай абласной газеты «Заря»:

— Не толькі падзеі апошняга часу, але і ў цэлым развіццё краіны, развіццё грамадства даўно патрабавалі новага вітка палітычнай культуры. Думаю, усе разумеюць, што пытанне не ўзнікла знянацку: сёння выказалі ініцыятыву, заўтра правялі сходы, паслязаўтра — устаноўчы з'езд.

Размовы, дыспуты, абмеркаванні ў гэтым кірунку вядуцца даўно, у грамадстве ёсць запыт на новую палітычную культуру, у аснове якой будзе ў тым ліку і партыйнае жыццё. Яны, партыі, у нас як быццам бы ёсць, але іх ніхто асабліва не ведае, бо яны малалікія. Не хачу нікога пакрыўдзіць, ёсць партыі з добрымі праграмамі, высакароднымі мэтамі, але давайце разважаць аб'ектыўна: ну чые інтарэсы можа абараніць партыя, якая налічвае паўтары сотні чалавек?

А заяўленая новая партыя — сур'ёзная перадумова паяўлення на палітычным гарызонце магутнай цэнтрысцкай сілы, якая будзе імкнуцца згуртаваць здаровыя сілы грамадства, што, у сваю чаргу, дапаможа пазбягаць крызісаў. Такім чынам, гэтая партыя набудзе пэўную ахоўную функцыю, стане той сілай, якая паспрыяе захаванню стабільнасці, што надзвычай важна.

Грамадская арганізацыя «Белая Русь» паўтара дзясятка гадоў была побач з уладай, цяпер яна прэтэндуе на тое, каб стаць палітычнай сілай. Такім чынам, партыя ўзнікае не на роўным месцы, у самой грамадскай арганізацыі вялікі вопыт работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Успомніце, усе значныя падзеі ў грамадстве, у дзяржаве былі адзначаны прысутнасцю «Белай Русі». Можна згадаць творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, падтрымку самых розных ініцыятыў. Праблемы культуры, пытанні дабрабыту людзей заўсёды былі ў полі зроку актывістаў арганізацыі. Згадаю тое, што мне бліжэй, — адзначалі маладых журналістаў на конкурсе «Залатое пяро Белай Русі», заахвочвалі школьнікаў за перамогу ў конкурсах творчых работ патрыятычнай накіраванасці. Праходзяць аўтапрабегі — актывісты з сімволікай аб'яднання там першыя, нарадзіліся дзеці ў памятныя для краіны даты — бацькоў павіншавалі сябры «Белай Русі». А колькі людзей прайшло праз грамадскія прыёмныя нашага аб'яднання! Там заўсёды стараліся выслухаць кожнага, па магчымасці дапамагчы, для гэтага накіроўвалі запыты ў выканаўчыя органы ўлады, падключалі дэпутатаў. Усё пералічанае, несумненна, спатрэбіцца ў партыйнай рабоце. Бо партыя аб'яўлена народнай, для якой інтарэсы народа, прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва будуць стаяць на першым плане.


Ведаць запыты і патрэбы людзей

Вольга Бруй, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат»:

— На прадпрыемстве працую каля 9 гадоў. Спачатку ўзначальвала фінансавы аддзел. Затым кіраўніцтва разгледзела ў мяне якасці, якія дазваляюць знаходзіць агульную мову з людзьмі. І вельмі ганаруся, што мне прапанавалі такую адказную пасаду. Гэта жывая работа, пастаянныя сустрэчы з людзьмі. Мы часта сустракаліся з работнікамі падчас вядомых падзей 2020 года і здолелі данесці ім сутнасць сітуацыі, растлумачыць, хто за ёй стаіць. Не ўсе людзі з розных прычын маглі разабрацца ў перыпетыях, хтосьці верыў фэйкам, якімі былі запоўнены інтэрнэт і апазіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, нехта рабіў памылковыя вывады наконт таго, што дзеецца, не разумеў, што ідзе інфармацыйная вайна. Але ў цэлым работнікі разабраліся.

Сітуацыя з санкцыямі нагадвае прыказку «не было шчасця, ды няшчасце памагло». Мы пачалі інакш працаваць, шукаць новыя формы работы і ў 2022 годзе выйшлі на прыбытак, выканалі даведзеныя эканамічныя паказчыкі, камбінат быў дастаткова загружаны сыравінай. Прадукцыю прадаём у Расію, таму вялікіх праблем з рэалізацыяй няма. Словам, усе — кіраўніцтва, спецыялісты, рабочыя — працавалі на вынік.

Што датычыцца асабіста мяне, то, здаецца, лёгка знаходжу кантакт з людзьмі. Таму ў вырашэнні нейкіх пытанняў цяжкасцяў не ўзнікае. Заўсёды адкрытая да дыялогу. Работнікі прыходзяць з просьбамі, прапановамі, як па рабоце, так і па асабістых пытаннях.

Мы разам з мужам ужо 25 гадоў. Маёй дачцэ-студэнцы 21 год, яна такая ж адкрытая да людзей, актыўная ў грамадскім жыцці. Стараліся выхоўваць у яе пачуццё патрыятызму, прывіць сямейныя і духоўныя каштоўнасці. Сям'я падзяляе мае перакананні, ва ўсім падтрымлівае, цікавіцца, на якіх прынцыпах будзе дзейнічаць партыя «Белай Русі».

У Слуцку прайшоў устаноўчы сход па стварэнні партыі пад рабочай назвай «Беларуская палітычная партыя «Белая Русь». Фарміраванне новай партыі з'яўляецца важным момантам у палітычным жыцці дзяржавы. Жыхарам Беларусі спрабуюць навязаць ідэалогію звонку, таму мы абавязаныя заявіць на ўвесь голас аб сваёй пазіцыі. Сёння наша грамадзянская супольнасць дастаткова саспела, каб будаваць партыйную сістэму, ствараць моцную палітычную сілу ў падтрымку інтарэсаў беларускага народа, Рэспублікі Беларусь, кіраўніка дзяржавы.

Ідэя партыі — гэта запыт грамадства: людзі хочуць самі будаваць сваю будучыню, будучыню сваіх дзяцей. Фундамент падзеі закладваўся не адно дзесяцігоддзе.
Грамадства мае патрэбу ў палітычным фарміраванні, якое аб'яднае ўсе сілы, што падтрымліваюць дзяржаву, яе палітычны курс і курс Прэзідэнта, нацыянальныя інтарэсы. Для арганізацыі новай партыі створана прававая база. 14 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Закон аб асновах грамадзянскай супольнасці і папраўкі ў законы аб дзейнасці партый.

Ад партыі «Белая Русь» я чакаю мэтанакіраванай работы па падтрымцы дзяржаўнай улады, захавання нашых духоўных каштоўнасцяў, гістарычнай праўды, а таксама сацыяльных дасягненняў, якімі мы ганарымся. У сённяшняй знешнепалітычнай сітуацыі мы павінны мабілізаваць усе сілы для абароны нацыянальных інтарэсаў. І ў той жа час, помніць станоўчы вопыт работы грамадскага аб'яднання «Белая Русь» з насельніцтвам падчас электаральных (выбарчых) кампаній, пастаянна ўзаемадзейнічаць з простымі людзьмі, ведаць, чым яны жывуць, чаго чакаюць ад дзяржавы.

Сёння ў свеце неспакойная сітуацыя, у якую нас імкнуцца ўцягнуць. Таму, каб супрацьстаяць любому негатыву, нам трэба трымацца разам, каб наш голас быў гучнейшы. Партыя, якая нас аб'яднае і будзе вырашаць канкрэтныя пытанні, успрымаецца як заканамернасць. Гэта будзе новая сіла, што валодае заканадаўчай ініцыятывай, будзе адстойваць інтарэсы беларускага народа, стане надзейнай апорай для краіны, кіраўніка дзяржавы, існуючай мадэлі развіцця.


Розныя па прафесіі, адзіныя па грамадскім запале

Cтаршыня Гомельскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», старшыня Чонкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Гомельскага раёна Аляксей Кобзараў:

— Актыў раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь» падтрымаў ініцыятыву аб стварэнні партыі. Ад Гомельскага раёна былі вылучаны шэсць дэлегатаў рэспубліканскага ўстаноўчага з'езда. Варта адзначыць, што абраныя людзі прадстаўляюць самыя розныя сферы дзейнасці: сельскую гаспадарку, адукацыю, ахову здароўя, спорт і турызм, сацыяльную абарону і сферу дзяржаўнай службы.

Між тым, ва ўстаноўчым сходзе раённай арганізацыі змаглі ўзяць удзел не толькі члены пярвічных арганізацый грамадскага аб'яднання, але ўсе ахвотныя жыхары населеных пунктаў раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў. На ініцыятыву адгукнулася 88 чалавек. Гэта тыя жыхары раёна, якія выказалі жаданне стаць членамі партыі.

Дарэчы, падчас устаноўчага з'езда ў раёне яго ўдзельнікі цікавіліся далейшай грамадскай дзейнасцю непасрэдна рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» і задачамі, якія ставіць перад сабой увогуле грамадскі рух. Бо для нашых актывістаў асабліва важныя ідэі «Белай Русі» па падтрымцы дзяржаўнасці нашай краіны, непасрэдны актыўны ўдзел ў грамадска-палітычным жыцці і патрыятычнай рабоце.


«Еду з вялікімі спадзяваннямі»

Адзін з тых, каму выпала ганаровая місія прадстаўляць інтарэсы Віцебскай вобласці на з'ездзе ў сталіцы, — настаўнік фізікі і інфарматыкі Вымнянскай базавай школы імя Героя Савецкага Саюза А. Я. Углоўскага Віцебскага раёна Вячаслаў Марозаў. Амаль чвэрць стагоддзя ён дапамагае асвойваць школьнікам азы фізічных працэсаў і праграмавання, а яшчэ больш за 10 гадоў займаецца пошукавай работай, вяртаючы з небыцця імёны загінулых герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Мястэчка Вымна ў Віцебскім раёне — яго радзіма. Захапленне пошукам для настаўніка фізікі пачалося з сямейнай гісторыі: калі ў доступе з'явіліся архіўныя дакументы, Вячаслаў Марозаў знайшоў інфармацыю пра свайго прадзеда Фядоса Лазукава і прадзеда жонкі Мікалая Вайцешку, аднак звесткі аказаліся вельмі скупыя. Тады нарадзілася ідэя дапамагчы дзясяткам іншых сям'ёй, чые родзічы загінулі на тэрыторыі Вымнянскага сельсавета. Ён стварыў інтэрнэт-праект «Цаною жыцця» — лакальны сайт з архіўнымі данымі аб вызваліцелях Віцебшчыны.

На тэрыторыі Вымнянскага сельсавета знаходзіцца 14 брацкіх пахаванняў і адна магіла безыменнага салдата. Намаганнямі вясковага настаўніка і педагагічнага калектыву школы на сёння ўдакладнена звыш 8 тысяч імёнаў, каля 2800 з іх раней не значыліся ў аўтаматызаваным банку даных «Кніга Памяці» Рэспублікі Беларусь. Вячаслаў Мікалаевіч сам прымае ўдзел у добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, усталяванні новых мемарыяльных дошак. У найбліжэйшых планах — выданне мясцовай кнігі памяці ў гонар землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

За вялікую патрыятычна-выхаваўчую работу ў 2016 годзе педагог быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2015». Для адносна новага школьнага музея хлеба, які ўваходзіць у гісторыка-краязнаўчы цэнтр «На скрыжалях часу», Вячаслаў Марозаў распрацаваў інтэрактыўную гульню, якая карыстаецца вялікім попытам у навучэнцаў і наведвальнікаў.

Акрамя значнай настаўніцкай нагрузкі, заўсёды знаходзіў час і для актыўнай дзейнасці пад сцягам рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». «Па меры сіл і магчымасцяў браў удзел у розных мерапрыемствах і акцыях. Бачыў, як актывісты блізка да сэрца ўспрымаюць усе падзеі ў краіне і свеце, жыва рэагуюць на іх. Актыўную работу па розных кірунках вялі і мае калегі па грамадскім аб'яднанні. Зразумеў, што функцыі і задачы, якія бралі на сябе актывісты, даўно выйшлі за межы кампетэнцыі грамадскага аб'яднання. На ўстаноўчы з'езд еду з вялікімі спадзяваннямі і ўпэўненасцю, што ў нас усё атрымаецца: будзе створана магутная і аўтарытэтная палітычная партыя, якая аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва», — расказаў дэлегат.

Матэрыялы падрыхтавалі Аляксандра ГВОЗДЗЕВА,  Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?