Жанчыны здольныя на многае. І спорт, дзе прысутнічаюць вялікія фізічныя і нервовыя нагрузкі, дзе працуюць да сёмага поту, гэта толькі пацвярджае. Журналісты часта жартуюць, што ў беларускага спорту жаночы твар. І часцей гэта не жарт, бо на многіх турнірах беларускія дзяўчаты паказваюць вынікі лепшыя, чым мужчыны. І кожны раз робяць гэта неверагодна і захапляльна. У Міжнародны жаночы дзень прапануем асвяжыць у памяці імёны беларускіх спартыўных гераінь.
АІ актыўная навуковая дзейнасць, і спорт патрабуюць шмат часу і самаадачы. Здавалася б, як іх можна сумясціць? Аказваецца можна, і пры тым паспяхова. Алена Бялова паралельна з выступленнямі за зборную СССР скончыла педагагічны інстытут, аспірантуру, Вышэйшую партыйную школу. А падрыхтоўку да турніру «Сем нацый» у 1978 годзе сумясціла з абаронай кандыдацкай дысертацыі на нарадзе псіхолагаў у Ленінградзе. У актыве Алены Дзмітрыеўны — чатыры залатых медалі Алімпі йскіх гульняў. На сваёй першай Алімпіядзе 1968 года Алена Бялова была самай маладой спартсменкай у камандзе, і яе паставілі выступаць у асабістых спаборніцтвах. А літаральна за некалькі дзён да старту на размінцы яна пацягнула мышцу бядра. Дадатковую нагрузку дадавала высакагор’е. Траўма, цяжкая адаптацыя — у такіх умовах Алена Бялова лічыла мегапоспехам выхад у фінал. Але стала алімпійскай чэмпіёнкай. У 1972 годзе на Алімпіядзе ў Мюнхене яна заваявала каманднае золата. Затым — золата ў камандных спаборніцтвах у Манрэалі-76. Сярэбраную ўзнагароду каманднага турніру атрымала ў Маскве-80. На адным з мерапрыемстваў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Жак Рагэ сказаў Алене Бяловай: «У вас адной больш алімпійскіх медалёў, чым заваявала ўся Бельгія!».
Такім жа нечаканым, як і для Алены Бяловай, для Таццяны Івінскай (вядомай пад прозвішчам мужа Белашапка) стала золата першага чэмпіяната Еўропы. У 1973 годзе баскетбалістцы было ўсяго 15 гадоў. За гэту перамогу ёй было прысвоена званне майстра спорту Савецкага Саюза. Да Таццяны Івінскай ні адной беларускай баскетбалістцы ў 15 гадоў гэта званне не прысвойвалі. А ў 1980-м яна заваявала першае ў гісторыі айчыннага жаночага баскетбола золата Алімпійскіх гульняў. У 22 гады!
Рэкардсмен па колькасці Алімпійскіх гульняў у айчыннай лёгкай атлетыцы — Эліна Зверава. Упершыню ў Алімпіядзе яна прыняла ўдзел у 1988 годзе ў Сеуле, у складзе зборнай СССР. А праз 20 гадоў у алімпійскім Пекіне прадстаўляла каманду суверэннай Беларусі. Эліна Зверава прайшла пяць Алімпіяд і заваявала два медалі: бронзу Атланты 1996 года і золата Сіднэя 2000. Як прызнавалася сама Эліна Аляксандраўна, яна шкадуе, што не атрымалася ўзяць серабро, каб быў поўны камплект. Але ў яе выпадку справа зусім не ў медалях, а ў сіле духу і мэтанакіраванасці, якія дазволілі перажыць пяць алімпійскіх цыклаў, пераадолець траўмы, выдаленне шчытападобнай залозы і сур’ёзныя праблемы са здароўем. І яшчэ адзін цікавы факт — да трэніровак Эліна Зверава вярнулася праз... 24 дні пасля родаў. Дарэчы, трэніраваў спартсменку яе муж, а іх дачка таксама знайшла сябе ў спорце. Няцяжка здагадацца, у чым крыніца сілы Эліны Зверавай.
Пяць Паралімпійскіх гульняў у сваёй кар’еры пераадолела і Ядвіга Скарабагатая. Бронзавы медаль Паралімпійскіх гульняў 1996 года ў кіданні кап’я, залаты медаль Гульняў 2002 года ў лыжных гонках... Усяго восем медалёў Паралімпійскіх гульняў у скарбонцы дасягненняў легендарнай спартсменкі. І толькі самыя ўважлівыя заўважаць і ацэняць, што медалі яна заваёўвала як на летніх, так і на зімовых Гульнях!
І няхай некаторыя лічаць, што сяброўства паміж жанчынамі не бывае. У спорце камандная жаночая работа прыводзіць да вельмі высокіх вынікаў. Варта ўзгадаць толькі біятлонную жаночую эстафету на Алімпійскіх гульнях 2018 года, калі Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава заваявалі золата. Сакрэты каманднай працы добра ведае экіпаж жаночай байдаркі-чацвёркі — Марына Літвінчук, Маргарыта Махнёва, Надзея Папок і Вольга Худэнка. У 2012 годзе малады экіпаж байдаркі-чацвёркі — Марына Палтаран, Ірына Памелава, Надзея Папок і Вольга Худэнка — на сваёй першай Алімпіядзе заваявалі бронзавы медаль. І гэта была сенсацыя! Гэта быў першы алімпійскі поспех дзяўчат у жаночым веславанні на байдарках і каноэ ў гісторыі суверэннай Беларусі. З тых часоў дзяўчаты не стамляюцца прывозіць медалі з усіх буйнейшых рэгат. У тым ліку і з алімпійскіх. У 2016 годзе у Рыа Маргарыта Махнёва замяніла Ірыну Памелаву, і беларускія дзяўчаты сталі бронзавым прызёрам. Што важна — перамагаюць спартсменкі не толькі ў байдарцы-чацвёрцы, якая ўжо стала брэндам беларускага веславання, але і ў адзіночках, і ў двойках, ды яшчэ і на розных дыстанцыях. Асабліва ўраджайным стаў 2019 год. На чэмпіянаце свету Вольга Худэнка заваявала срэбра ў заездзе на 500 метраў, Марына Літвінчук — бронзу на 5 кіламетрах, разам яны перамаглі ў двойцы на дыстанцыях 200 і 500 метраў. А на дэсерт — серабро ў гонцы байдарак-чацвёрак. Дзяўчыны зрабілі фурор і на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску.
На Алімпійскіх гульнях у Токіа «залатая чацвёрка», як назвалі дзяўчат журналісты, сталі сярэбранымі прызёрамі. Між іншым, на Алімпіяду яны ехалі ўжо ў статусе мам — паспелі нарадзіць дзяцей і вярнуцца ў строй. Хаця ў спорце гэта не навіна. Бронзавы медаль у Токіа на спаборніцтвах па жаночай барацьбе заваявала Ванэса Каладзінская. Яна нарадзіла сына ў 2013 годзе, трэніравалася разам з немаўлём. Але праз некаторы час пасля вяртання ў спорт у Ванэсы дыягнаставалі гарманальнае захворванне. Спартсменка прапусціла Алімпійскія гульні 2016 года. Але на чэмпіянаце Еўропы 2017-га перамагла ўсіх і была прызнана лепшай спартсменкай года ў жаночай барацьбе па версіі UWW. Пасля Алімпіяды ў Японіі Ванэса Каладзінская стала маці ў другі раз. Але апошняга слова ў спорце яшчэ не сказала.
Увасабленнем беларускага спорту традыцыйна лічацца дзве спартсменкі. У зімовых відах — біятланістка Дар’я Домрачава, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі. Дар’я — самая тытулаваная спартсменка ў гісторыі суверэннай Беларусі. У летніх відах гераіня — Кацярына Карстэн, якая адкрыла ўсяму свету беларускае акадэмічнае веславанне. За свае спартыўныя поспехі Кацярына Карстэн узнагароджана ордэнам Айчыны ўсіх ступеней. Ордэны вяслярка атрымала пасля Алімпійскіх гульняў — у 2000, 2004 і 2008 гадах. І стала першай з беларусак, удастоеных такога гонару.
Калі стане цяжка і апусцяцца рукі, можна проста ўспомніць гісторыі беларускіх спартсменак. Больш эфектыўнай матывацыі, здаецца, і прыдумаць цяжка.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.