Вы тут

Сумесныя праекты Беларусі і Дзяржкарпарацыі «Расатам»


Беларускі і расійскі бакі разгледзелі перспектывы супрацоўніцтва ў сферах экалогіі, развіцця электратранспарту і накапляльнікаў энергіі, ядзернай медыцыны, кампазітных матэрыялаў, выкарыстання тэхналогій 3D-друку ў вытворчасці і лічбавізацыі.


Адным з найбольш перспектыўных напрамкаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва прадстаўнікам Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Мінэканомікі і Банка развіцця Беларусі, якія з рабочым візітам наведалі прадпрыемствы Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Маскве, бачыцца рэалізацыя праектаў і галіне ядзернай медыцыны.

— Мы ўпэўнены, што знойдзем кропкі судакранання і зможам вярнуцца да абмеркавання ўжо дакладных прапаноў. Падчас візіту мы пазнаёміліся з прадпрыемствамі Расатама, якія могуць стаць контрагентамі Беларусі для арганізацыі сумеснай дзейнасці. Для гэтага ў саюзных праграмах ужо створаны ўсе неабходныя арганізацыйна-прававыя інструменты, — заўважыў старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў.

Беларускай дэлегацыі прадставілі, напрыклад, гама-тэрапеўтычны комплекс «Брахіум» для лячэння анкалагічных пацыентаў, які ўжо сёлета плануецца пастаўляць у Беларусь. Комплекс промневай тэрапіі на базе лінейнага паскаральніка часціц выкарыстоўваецца для лячэння амаль 90 % формаў раку за кошт таргетнага апраменьвання (уздзеяння адно на хворыя клеткі) пухлін у пацыентаў, расказалі прадстаўнікі кампаніі «Русатам Хэлскеа», дэманструючы апарат.

Сумесная работа бачыцца і ў сферы сістэм накаплення энергіі для забеспячэння вытворча-тэхналагічнай базы і павелічэння колькасці электратранспарту ў Беларусі. Дэлегацыя наведала маскоўскую вытворчую пляцоўку арганізацыі «Рэнера», дзе наладжаны серыйны выпуск стацыянарных сістэм накаплення энергіі і цягавых акумулятарных батарэй, якія ўжо пастаўляюцца вядучаму беларускаму вытворцу грамадскага электратранспарту BKM Holding.

Адна з найноўшых распрацовак і перспектыўных накірункаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва — выкарыстанне адзіціўных тэхналогій у вытворчасці ад стварэння элементаў тых ці іншых вырабаў да буйных паставак абсталявання. У Цэнтры адзіціўных тэхналогій (ЦАТ), які створаны кампаніяй «Русатам — Адзіціўныя тэхналогіі», беларускай дэлегацыі паказалі магчымасці 3D-друку і яго прымянення для патрэб розных галін прамысловасці. Беларускі і расійскі бакі прапрацоўваюць магчымасць стварэння сумеснага вытворчага ЦАТ, які будзе выкарыстоўвацца прадпрыемствамі энергетыкі і аўтамабілебудавання на базе якарных прадпрыемстваў Беларусі. А тэлекамунікацыйнае абсталяванне для крытычнай інфраструктуры расіяне плануюць прадэманстраваць на сёлетнім беларускім форуме TIBO.

Расатам прадэманстраваў беларусам і свае кампетэнцыі ў сферы лічбавізацыі дзяржкіравання, гарадскога асяроддзя, ЖКГ і транспартнай структуры. У дачыненні да апошняга накірунку кампанія «Русатам Інфраструктурныя рашэнні», якая рэалізуе розныя праекты лічбавізацыі больш як у сотні расійскіх гарадоў, паказала магчымасці кіравання парковачнай прасторай, аўтаматызаваную сістэму кіравання дарожным рухам, інтэлектуальную транспартную сістэму, «разумныя прыпынкі» і «разумныя пешаходныя пераходы». А лічбавыя рашэнні для жыллёва-камунальнай гаспадаркі дазваляюць дасягнуць эканамічнай эфектыўнасці, павысіць якасць і надзейнасць рэсурсазабеспячэння.

Сістэма бяспечнага абыходжання з адходамі I і II класаў, якая дазваляе развіваць тэхналогіі замкнёнага цыклу і ўцягваць прамысловыя адходы ў другасны зварот, — прадукт, прадстаўлены спецыялістамі Федэральнага экалагічнага аператара, з якім таксама азнаёміліся беларускія ўдзельнікі сустрэчы. Яны даведаліся і пра іншыя экалагічныя праекты па ліквідацыі найбуйнейшых аб’ектаў назапашанай экалагічнай шкоды.

Кампанія Расатама «Цыфрум» і аб’яднанне «Русатам лічбавыя рашэнні» паказалі лічбавыя прадукты, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў высокатэхналагічных галінах прамысловасці. А яшчэ — прадэманстравалі лічбавую сістэму кіравання атамнай галіной «Навігатар», якая створана з прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту і з’яўляецца эфектыўным інструментам павышэння хуткасці прыняцця і якасці кіруючых рашэнняў. Свае лічбавыя рашэнні ў праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі складаных інжынерных аб’ектаў прадставіла і кампанія «Атамбудэскпарт».

Беларускім гасцям прэзентавалі шматмэтавы даследчы рэактар на хуткіх нейтронах, які ствараецца ў межах федэральнага праекта комплекснай праграмы «Развіццё тэхнікі, тэхналогій і навуковых даследаванняў у галіне выкарыстання атамнай энергіі ў РФ на перыяд да 2024 года» і павінен стаць наймагутнейшым даследчым рэактарам у свеце. Расіяне запрасілі беларусаў разгледзець розныя варыянты удзелу ў гэтым праекце для правядзення сумесных даследаванняў.

— Дзяржкарпарацыя «Расатам» паспяхова супрацоўнічае з Беларуссю ў энергетычнай сферы і гатова пашыраць галіну ўзаемадзеяння, прапануючы беларускім партнёрам высокатэхналагічныя рашэнні ў неэнергетычных галінах, — падкрэсліў першы намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар блока па развіцці і міжнародным супрацоўніцтве Дзяржкарпарацыі «Расатам» Кірыл Камароў. — Расатам адкрыты для рэалізацыі сумесных праектаў.

Па выніках сустрэч бакі дамовіліся аб працягу рабочых кантактаў, у тым ліку ў фармаце рабочых груп па розных перспектыўных праектах.

Ірына СІДАРОК

 Фота дадзена дэпартаментам камунікацый Дзяржкарпарацыі «Расатам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?