Вы тут

Фуфламіцыны ў нос: якія кроплі бескарысныя і небяспечныя


Кроплі ад насмарку са срэбрам — аптэчны шлягер прастуднага сезона і ў нас, і ў іншых краінах. Блогеры і зоркі шоу-бізнесу з ЗША цешацца, што ніколі яшчэ лячэнне такой неэстэтычнай хваробы, як насмарк, не было такім элітным. А галоўнае — ніякай медыцынскай хіміі.


Зарэгістравана дастаткова шмат гандлёвых марак ад розных кампаній, і практычна ўсе яны змяшчаюць двухпрацэнтны раствор срэбра. Гэта — сродкі ад насмарку, і амаль усе яны — адзін і той жа фармацэўтычны кактэйль, вядомы пад назвай пратаргол з кроплямі раствора срэбра, жывёльнага бялку, які не дае срэбру зліпнуцца, і жэлаціну. Яго актыўна рэкамендуюць аптэкары і раяць народныя лекары.

Аднак ці такі бясшкодны гэты прэпарат? Срэбра — гэта не толькі каштоўны, але і цяжкі метал другога класа небяспекі. Пры гэтым не існуе такога паняцця, як дэфіцыт срэбра, тлумачаць урачы, бо арганізму гэтае рэчыва не патрэбна наогул. Яно не ўдзельнічае ні ў якіх фізіялагічных працэсах. Пры гэтым, як і ўсе цяжкія металы, срэбра назапашваецца ў органах, у тым ліку і ў скуры.

Шкода срэбра перавешвае яго бактэрыцыдныя ўласцівасці, а менавіта таму лекі на яго аснове забаранілі Мінздароўя ЗША і Аўстраліі. У любых формах і відах. Да таго ж ацёк носа ў 90 % выпадкаў выклікаюць вірусы, а супраць іх срэбра бяззбройнае. Яно здольна пашкодзіць толькі клеткавыя мембраны бактэрый.

Іншы аптэчны хіт, які разлятаецца з вітрын у сезон грыпу, — сасудазвужальныя кроплі і спрэі. Такія лекі здольныя прабіць нават самы цяжкі насмарк. Калі ў арганізм трапляюць вірусы ці бактэрыі, імунная сістэма ў адказ пачынае ўзмоцнена выпрацоўваць лімфацыты — клеткі крыві, якія адпраўляюцца душыць заразу. А каб як мага хутчэй даставіць гэты спецназ, напрыклад, у нос, арганізм пашырае магістралі для праезду — гэта значыць сасуды, сеткай з якіх тая ж слізістая носа літаральна ўсыпаная. З-за гэтага нос і ацякае. Паветраныя каналы становяцца вузкімі, дыхаць становіцца цяжэй.

Аблегчыць дыханне могуць прэпараты, якія ўмеюць сасуды назад звужаць. Адмысловыя стымулятары ў іх складзе дзейнічаюць на рэцэптары слізістай, і тыя сілком прымушаюць сасуд скарачацца. Ацёк спадае, і пакуль лекі дзейнічаюць, дыхаецца лёгка. Трэба толькі не забывацца, што імунныя механізмы ад гэтага не адключаюцца. Таму ў інструкцыі да такіх прэпаратаў паказана, што выкарыстоўваць іх можна пару разоў у суткі, не больш.

Калі рабіць гэта часцей, то ў слізістай утвараюцца новыя сасуды, і ўсе яны навучацца пашырацца мацней, чым звычайна, і дыхаць без прэпарата стане яшчэ складаней. Так з'яўляецца залежнасць: без кропель ужо не ўдыхнуць, нават калі вірусы ці бактэрыі пераможаны.

Аднак ёсць у такіх кропель пабочка і больш страшная. Самы вядомы сродак — нафтызін з дзейным рэчывам нафазалін, якое паважаюць за эфектыўнасць і таннасць, аказваецца, смяротна небяспечны. Пра гэта мала хто ведае, але нафтызін, асабліва калі яго капнуць крыху больш, з лёгкасцю пераадольвае так званы гематаэнцэфалітычны бар'ер — гэта своеасаблівы «вартаўнік» арганізма, які не дае пракрасціся ў мозг небяспечным рэчывам з крыві. Менавіта таму ў ЗША такія кроплі спачатку забаранілі даваць дзецям да 12 год, а потым і дарослым.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».