Вы тут

З архіўных крыніц. Пра жыллёвыя ўмовы пісьменнікаў. Год 1947...


Пісьменнікі даволі часта ў сваіх успамінах расказваюць пра тое, дзе жылі, дзе, у якіх умовах пісалі свае творы. Асабліва — першыя аповесці і раманы... І ўсё гэта зразумела. Такія ж, як і ўсе, — жывыя людзі, са сваімі клопатамі пра ўласны побыт. А яшчэ калі ўлічыць тое, што творчасць патрабуе пэўных умоў, найперш — цішыні навокал, адзіноты, асобнага кабінета ці проста пакоя, у якім можна надоўга засяродзіцца над чыстым аркушам паперы... Так, часам легендарныя творы нараджаліся і ў даволі неспрыяльных абставінах: у чыстым полі, на лузе, каля стажка сена, у астрозе... Нараджэнне і жыццё ў твораў — самае рознае. Пятро Бітэль пераклаў «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча ў шахце, у перапынках паміж працай па здабычы вугалю. Якуб Колас пачаў пісаць «Новую Зямлю» у мінскім астрозе...


А яшчэ пісьменніцкім домам у Мінску завецца вось гэты — на Карла Маркса, 36.

І ўсё ж тэма стварэння прымальных жыллёвых умоў для пісьменнікаў ужо ў савецкія часіны была ў полі зроку ўлады. Цікавымі з вышыні сённяшняга часу падаюцца два дакументы — Пастанова Савета Міністраў Беларускай ССР N 1466 «Аб паляпшэнні жыллёвых умоў пісьменнікаў Беларускай ССР» і N 1467 «Аб будаўніцтве Дома працаўнікоў літаратуры і мастацтва ў г. Мінску». Абедзве — з кастрычніка 1947 года. Зазірнём у першы з названых дакументаў, першаштуршком для якога стала яшчэ і пастанова Савета Міністраў СССР «Аб паляпшэнні жыллёвых умоў», прынятая таксама ў 1947 г. Беларускі ўрад прымае наступнае рашэнне:

  • «1. Устанавіць, што жылая плошча, якую займаюць пісьменнікі ў г. Мінску і іншых гарадах і раённых цэнтрах рэспублікі, у выпадку вызвалення перадаецца ў распараджэнне Праўлення Саюза Савецкіх пісьменнікаў БССР. 
  • 2. Абавязаць выканкам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных (т. Длугашэўскага) выдзеліць у IV квартале 1947 года ў г. Мінску пісьменнікам, якія маюць вострую патрэбу ў жыллёвай плошчы, 5 кватэр, пачынаючы з 1948 года, штогод выдзяляць Праўленню Саюза Савецкіх пісьменнікаў БССР па 8 кватэр. 
  • 3. Абавязаць Галоўнае Упраўленне па аднаўленні г. Мінска пры Савеце Міністраў БССР (т. Катаводава): 

а) пабудаваць у 1948 г. дзесяцікватэрны дом для пісьменнікаў;

б) ажыццявіць у 1948 годзе будаўніцтва аднакватэрнага жылога дома для пісьменніка К. Крапівы (К. Атраховіча). 

  • 3. Дзяржплану Савета Міністраў БССР (т. Чорнаму) прадугледзець у бюджэце 1948 года неабходныя сродкі і будаўнічыя матэрыялы на жыллёвае будаўніцтва. 
  • 4. Абавязаць выканкамы абласных і гарадскіх Саветаў дэпутатаў працоўных прадстаўляць пісьменнікам жыллёвую плошчу на ўзроўні з вучонымі ў першую чаргу. 
  • 5. Пабудаваць для пісьменнікаў у 1948 — 1949 гг. 12 лецішчаў. 

Абавязаць Дзяржплан Савета Міністраў БССР (т. Чорнага) прадставіць да 1 студзеня 1948 года ў Савет Міністраў БССР прапановы аб мрапрыемствах па забеспячэнню будаўніцтва лецішчаў пісьменнікам. 

Старшыня Савета Міністраў Беларускай ССР П. Панамарэнка. 

Кіраўнік справамі Савета Міністраў Беларускай ССР І. Карпякоў». 

Тое, што так асобна быў вылучаны Кандрат Крапіва, відавочна, сведчыць пра яго месца ў іерархіі літаратурных аўтарытэтаў таго часу. Да 1947 года аўтар напісаў цэлы шэраг вострых, запатрабаваных тэатрамі драм і камедый — «Партызаны» (пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939), «Мілы чалавек» (1945)... Яшчэ ў 1941 годзе пісьменнік адзначаны званнем лаўрэата Сталінскай прэміі. 

Другі дакумент — «Аб будаўніцтве Дома працаўнікоў літаратуры і мастацтваў у г. Мінску»: «Савет Міністраў Беларускай ССР ПАСТАНАЎЛЯЕ:  

  • Пачаць будаўніцтва ў 1948 г. у г. Мінску Дома працаўнікоў літаратуры і мастацтваў. Будаўніцтва ўскласці на Галоўнае Упраўленне па аднаўленню г. Мінска пры Савеце Міністраў БССР. 
  • Для будаўніцтва ўказанага дома замацаваць зямельны ўчастак па Падгорнаму зав. N 4. 
  • Дзяржплану Савета Міністраў БССР (т. Чорнаму ) прадугледзець у плане 1948 г. неабходныя сродкі і будаўнічыя матэрыялы на будаўніцтва Дома працаўнікоў літаратуры і мастацтваў. 

Старшыня Савета Міністраў Беларускай ССР П. Панамарэнка. 

Кіраўнік Справамі Савета Міністраў Беларускай ССР І. Карпякоў». Пастанова была прынята 16 кастрычніка 1947 г. 18 кастрычніка яна трапляе ў Мінскі гарадскі Савет. Яго кіраўнік 21 кастрычніка накладвае рэзалюцыю: «Азнаёміць Гал. Архітэктара». 

Пытанні будаўніцтва, пытанні спрыяння ў атрыманні жылля ў 1947-1948 і наступныя гады — гэта выключна важныя, значныя падзеі. Час быў такі, што ў многіх вёсках Беларусі, дзе свае драпежніцкія дзействы фашысты ажыццявілі асабліва па-драконаўску, жылі ў зямлянках. Вартасць, значнасць увагі, канешне ж, разумелі і самі пісьменнікі, спрабуючы ў адказ на такія праявы ствараць цікавыя і патрэбныя грамадству, шырокаму колу чытачоў творы. У 1950 годзе выходзіць аповесць Янкі Брыля «У Забалацці днее», якую праз два гады адзначаць Сталінскай прэміяй. У 1949 годзе — зборнік вершаў Аркадзя Куляшова «Камуністы», у 1949-м — яго паэма «Простыя людзі», у 1951-м — паэма «Новае рэчышча»... З’яўляецца адна з лепшых кніг беларускай паэзіі пасляваеннага дзесяцігоддзя — зборнік «Каб ведалі» (1948), які быў адзначаны Сталінскай прэміяй... Беларуская літаратура пасляваеннага перыяду набірала сваю моц. Спрыяла гэтаму і дзяржаўная ўвага да пісьменнікаў. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».