Вы тут

На «Беларусь 3» пакажць прыгодніцкі фільм «Зямля Саннікава»


На тэлеканале «Беларусь 3» на выхадных можна паглядзець прыгодніцкі фільм «Зямля Саннікава», створаны рэжысёрамі Альбертам Мкртчанам і Леанідам Паповым у 1973 годзе.


Хоць кінастужка, знятая па матывах аднайменнага навукова-фантастычнага рамана Уладзіміра Обручава, з'явілася паўстагоддзя таму, але і сёння яна па-ранейшаму цікавая для аўдыторыі. Дарэчы, сам літаратурны твор, што стаў асновай для фільма, быў напісаны ў 1924 годзе, а ўпершыню апублікаваны толькі ў 1926-м. Сцэнарый да будучага фільма пісаў ужо Уладзіслаў Федасееў. Аднак адзін з рэжысёраў Мкртчан прыняў рашэнне перапрацаваць сцэнарый і звярнуўся з тым да Марка Захарава, які ў той час актыўна займаўся публіцыстыкай. І потым рэжысёр згадваў: «Мы напісалі зусім іншую гісторыю, да сюжэта Обручава яна амаль не мае ніякага дачынення. Адзінае, што засталося ад аўтара, — гэта ідэя: невядомая зямля, якую патрэбна адкрыць».

Для натуральных здымак выкарыстоўваліся экзатычныя мясціны: лядовы паход здымалі на Фінскім заліве, а Зямлю Саннікава — у Даліне гейзераў (Краноцкі запаведнік на Камчатцы). Сцэну пад'ёму Крастоўскага на званіцу здымалі ў Выбаргу, на Гадзіннікавай вежы. Дарэчы, у выкананні трука пад'ёму бралі ўдзел леніградскія альпіністы. Падчас здымак сцэны аператар заўважыў, што ў кадр трапляюць тэлевізійнныя антэны на дахах суседніх дамоў. Давялося ўдзельнікам здымачнай групы паднімацца туды і здымаць антэны. З-за гэтага жыхары дамоў не змаглі паглядзець футбольны матч, што выклікала абурэнне ў людзей, і яны выйшлі на вуліцу. Каб згладзіць скандал, мясцовым жыхарам па ўказанні рэжысёра выдалі па 100 рублёў... Што датычыцца акцёрскага складу, то першапачаткова па рэжысёрскай задумцы туды павінны былі ўвайсці Армен Джыхарханян, Ігар Ледагораў, Яўген Міронаў. Але ў выніку героя Ільіна сыграў Уладзіслаў Дваржэцкі, катаржніка Губіна — Юрый Назараў, а роля здрадніка Ігнація дасталася Георгію Віцыну.

Пазнавальны фільм яшчэ і сваёй кампазіцыяй «Есть только миг», версіі якой выконвалі Алег Анофрыеў, Алег Даль, Мікалай Растаргуеў. У самой карціне яе выконвае Анофрыеў (ён выконвае ўсе кампазіцыі ў фільме), аднак на экране гледачы бачаць у гэты момант Алега Даля. Дарэчы, першапачаткова да ўдзелу ў фільме планавалі далучыць Уладзіміра Высоцкага. Ён так натхніўся сюжэтам карціны, што напісаў для яе тры песні. З-за збегу абставін яны так і не трапілі ў «Зямлю Саннікава», як і сам Высоцкі, бо на адведзеную яму ролю (Крастоўскага) запрасілі Алега Даля.

«Больш за сто гадоў таямніца зямлі, згубленай паміж арктычных ільдоў, хвалявала вандроўнікаў, але ніхто не мог дасягнуць яе...» — гаворыцца ў апісанні сюжэта. А самі героі апавядаюць гісторыю сваёй вандроўкі з экрана, нібы нагадваючы, што авантурызм — рыса непераможная, пытанне толькі, чым такія памкненні могуць скончыцца. Не прапусціце сустрэчу з класікай прыгодніцкага кіно 11 і 12 сакавіка днём у эфіры сацыякультурнага тэлеканала.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».