Вы тут

«Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ—ХХI cтагоддзяў»


Гаворка пойдзе аб новай кнізе «Літаратурныя дыялогі: мастацкія пошукі беларускай літаратуры ХХ—ХХI cтагоддзяў» (Мінск, Выдавецкі цэнтр БДУ, 2022). Аўтар кнігі літаратар, навуковец, педагог з Гродна Аліна Сабуць стала пераможцам галоўнага літаратурнага спаборніцтва Гродзенскай вобласці — IV Абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Крытыка і літаратуразнаўства».


Зрэшты, дзякуючы перамозе ў конкурсе рукапісаў, фармат якога апошнім часам набывае папулярнасць, і нарадзілася гэтая кніга. Літаратурная крытыка — справа няўдзячная. І лёс яе ўвогуле шматпакутны. Але ў свеце ўсё імкліва мяняецца; жыццё рухаецца па спіралі. Сёння мы назіраем узмацненне пазіцый крытычнага слова ў сацыяльных і культурных працэсах агульнанацыянальнага і глабальнага маштабаў. Сучасная літаратурная крытыка ўспрымаецца не толькі як частка мастацтва, але і як рухавік яго развіцця. Усё проста. Уявіце сабе: чалавек чытае кнігі, падрабязна вывучае іх асаблівасці, затым са сваіх уражанняў, высноў стварае ўласную кнігу. І пра яе таксама варта напісаць. Рэфлексія за рэфлексіяй, досвед за досведам: карціны свету мастацтва змяняюць адна адну. Такі своеасаблівы кругаварот адлюстраванняў магчымы толькі дзякуючы даследчыкам літаратуры, стваральнаму характару іх крытычнага мыслення.

Але ж нельга недаацэньваць і ролю прадметаў даследавання. Як відаць з назвы кнігі, у цэнтры ўвагі Аліны Сабуць, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — сучаснасць і недалёкае мінулае айчыннага мастацтва слова. З-пад увагі даследчыка не выпадае ні адна нязначная дэталь, ні адзін нюанс бязмежнай касмічнай прасторы, імя якой — прыгожае пісьменства. Аўтару ўдалося ўзвесці складаны кангламерат з характэрных рыс айчыннай літаратурнай спадчыны, з яе пачуццёвага, ментальнага ўспрымання і прымусіць гэта ўзаемадзейнічаць, працаваць, як зладжаны механізм. Дыялогамі Аліны Сабуць акцэнтуюцца сацыяльнае, грамадзянскае гучанне літаратурнага свету; папулярызуюцца кампетэнцыі, веды, культурныя ўзаемасувязі, пераемнасць традыцый — будаўнічы матэрыял для нашага агульнага беларускага дома. «Дыялог літаратур — адзін са складнікаў культурна-эстэтычнага развіцця грамадства», — з такога тэзіса пачынаецца аўтарская прадмова з акадэмічнай назвай «Уводзіны». Так, усё нагадвае пра навуковасць гэтай кнігі: крыніцы і спасылкі на іх; выкарыстаная ў кампазіцыі кнігі выключна навуковая жанравая форма — параграф; спецыяльная лексіка: «дыскурс», «канцэпт», «мадыфікацыя»... Не бяда, што адзін сказ можа займаць амаль палову старонкі.

Як і належыць навуцы, канчатковая мэта — развіццё. На прыкладзе гэтай кнігі можна канстатаваць, што літаратурны крытык сёння — грамадскі актывіст-асветнік, краязнаўца, выхавальнік інтэлектуальнай эліты і асобаснага патэнцыялу кожнага адукаванага грамадзяніна. Тут вас чакае інтэлігентная, добразычлівая гутарка з сучаснікам на мове яскравай, эфектнай, напоўненай вобразнасцю, вытанчанасцю і жаночым шармам.

«Кожны творца і кожны мастацкі твор — гэта непаўторны індывідуальны свет-бачанне, свет-адлюстраванне, свет-сцвярджэнне. У творчай асобе тоіцца патэнцыял мастацкай дзейнасці. Унутраны свет твора і ўнутраны свет чалавечай асобы невычарпальныя», — напэўна, кожны з нас гатовы падпісацца пад аксіёмамі Аліны Сабуць. Самы час зазірнуць углыб нашага персанальнага мастацкага свету і азірнуцца вакол, пачаць бачыць, адлюстроўваць, сцвярджаць, нібыта нагадвае аўтар кнігі. На шляху спасціжэння аўтарскіх ісцін чытач умацоўваецца ў думцы аб тым, што літаратура — гэта нашмат больш, чым проста мастацтва: падмурак для існавання чалавека як асобы. Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Цётка, Адам Міцкевіч, Леў Клейнбарт, Алег Лойка, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін — пералік удзельнікаў «Літаратурных дыялогаў» Аліны Сабуць, апісаных у першым і другім раздзелах кнігі («Класіка: суразмоўны дыялог праз стагоддзе» і «Слова пра класікаў і класіка слова: актуальнасць запаветаў»), здольны абудзіць гонар за нашу нацыянальную культуру, культуру слова і стаўлення да яго.

У трэцім раздзеле «Сучасны літаратурны свет» на старонкі кнігі трапілі вобразы беларускіх пісьменнікаў, якія рака часу паспела аднесці не так далёка: Максім Танк, Рыгор Барадулін, Леанід Галубовіч, Яўгенія Янішчыц, Генадзь Пашкоў, Вольга Русілка і іншыя. Мне падаецца, што эпітэт «сучасны» для апісання гэтай тэрыторыі айчыннага літаратурнага свету ўжыты Алінай Сабуць таксама ў дыялогавым кантэксце, у сэнсе судакранання і суіснавання — «су-часны». Сучаснасць тут — хутчэй не якасна-ўтылітарная, а філасофская катэгорыя, якая ўказвае на ўстойлівую цэласнасць часоў і частак — гістарычных эпох як асобных элементаў адзінага цэлага. Большасць узаемасувязей маюць наогул пазачасавы і пазапрасторавы характар; амаль нічога не падзяляе паняцці «свет» і «сусвет». Калі першы і другі раздзелы кнігі — пра пераемнасць літаратурных традыцый, то трэці ў большай ступені прысвячаецца іх развіццю.

З хваляваннем мной прачытаны чацвёрты раздзел «Літаратурных дыялогаў» Аліны Сабуць — «Літаратурная Гродзеншчына сёння». Ігар Жук, Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль, Людміла Кебіч, Людміла Шаўчэнка, Анатоль Апанасевіч, Віктар Кудлачоў і Ірына Фамянкова — са старонак «дыялогаў» чуюцца імёны, галасы блізка знаёмых нам людзей, землякоў, сяброў. Калі творца і чытач адчуваюць на сабе ўвагу аўтара гэтай кнігі, наша літаратурнае сёння атрымлівае прагрэсіўны імпульс. Духоўнае жыццё мастацкага слова на старонках кнігі выглядае займальным і гарманічным. Больш за тое: прапанаваныя навукоўцам веды пра мастацтва нясуць прыклады людскога паразумення, святло надзеі на лепшае.

Пісьменніца выказвае шчыры клопат пра лёс беларускай кнігі, разбіраецца з рэцэпцыяй сусветнай літаратуры ў нашым беларускім мастацтве, слова аналізуе лёсы некаторых перакладаў… Сувязь ідэі дыялогу з працэсам пошуку, гэта значыць, з высакароднай традыцыяй стваральнай працы, бачыцца мне непарыўнай, лагічнай, уласцівай айчыннаму мастацтву і навуцы аб ім. Нездарма Аліна Сабуць называе мастацкае майстэрства «імкненнем да новага, вышэйшага ўзроўню пазнання, да “звышлітаратуры”». Пяты раздзел мае назву «Беларуская літаратура ў cусветным кантэксце» і прысвячаецца інтэграванасці беларускай літаратурна-дыялогавай традыцыі ў глабальны палілог, супольнасць сусветных мастацкіх дыялогаў. Літаратуразнаўца даследуе мастацкае судакрананне Максіма Багдановіча і Поля Верлена, Рыгора Барадуліна і Федэрыка Гарсія Лоркі, Рыгора Барадуліна з Барысам Пастарнакам і Андрэем Вазнясенскім, Алеся Разанава і Мацуа Басё.

Творы, імёны, перапляценні шляхоў… Насамрэч, у сваёй кнізе пра літаратуру мая калега гаворыць на тэмы надзвычай важныя сёння. Вялікім творчым дыялогам, як альтэрнатывай вечнай несустрэчы, рухаецца наша жыццё. Сапраўднае мастацтва грунтуецца на ўзаемасувязях. Пра гэта сказана і ў «Глыбах і слаях» Максіма Багдановіча, і ў Цётчынай «Лучынцы», а таксама ў «Вавілонскай бібліятэцы» Х. Л. Борхеса, у рускага вучонага-філолага М. М. Бахціна… Калі творчы чалавек застаецца ў адзіноце, замыкаецца на сабе, вымушаны сам пісаць пра свае працы, займацца аўтарэцэнзаваннем, — прагрэс мастацтва, гэты сімвалічны кругаварот адлюстраванняў, спыняецца. (Пра гэта згадвае, напрыклад, Уладзімір Набокаў у сваім рамане «Дар».) Памятаецца, Аліна Эдмундаўна вельмі тактоўна прапанавала мне спачатку толькі анатацыю да сваёй кнігі. Але, на шчасце, пазней уручыла для знаёмства і саму кнігу. Знаёмства адбылося. Кніга — тым больш.

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.