Вы тут

Лекаванне… пяром і словам! Што цікавага знайшлі ў рукапісах Караткевіча


Рэдактар і лекар… Здавалася б, што можа быць агульнага ў дзвюх такіх розных прафесіях? А, між тым, азнаёміўшыся з асобнымі фрагментамі рукапісаў Уладзіміра Караткевіча і параўнаўшы іх з адпаведнымі кавалкамі ў друку перыяду 1960—1980-х гадоў, дакладна магу сказаць: агульным павінен быць прынцып «не нашкодзь».


Экскурс у гісторыю рэдактарскай справы і аналіз усіх яе аспектаў і асаблівасцей зроблены ў манаграфіі Пятра Жаўняровіча «Рэдагаванне твораў Уладзіміра Караткевіча: сігніфікацыя і экстралінгвістыка» (работа летась пабачыла свет у сталічным выдавецтве БДУ).

Без Караткевіча ўявіць айчынную літаратуру сёння нельга. Незвычайны талент пранікнуць у любую гістарычную эпоху і паказаць яе сутнасныя характарыстыкі і асаблівасці неадрыўна ад сучаснасці і пры гэтым займальна, захапляльна і з вялікім эмацыянальна-пачуццёвым напалам — вось у чым неардынарнасць і нават геніяльнасць творцы. Але яго імкненне ўплываць на працэсы сучаснасці, давесці народу пра найлепшыя рысы ўласнага менталітэту, прыгажосць беларускай душы і яе адметнасць у сусветнай супольнасці не заўсёды знаходзіла паразуменне ў працэсе падрыхтоўкі твораў пісьменніка да выдання.

Аўтар манаграфіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання БДУ, даследчык тэорыі і практыкі рэдагавання Пятро Жаўняровіч, акрамя ўсяго, з’яўляецца караткевічазнаўцам: здаўна вывучае яго творчасць, перакладае на рускую мову раманы, аповесці, эсэ і вершы У. Караткевіча, уклаў асобныя тамы 25-томнага Збору твораў.

У манаграфіі П. Жаўняровіч зрабіў акцэнт на шматбаковасць рэдагавання, разглядзеў праведзеныя змены ў творах У. Караткевіча з улікам часу іх напісання і выдання, прымяніўшы прынцыпы дыскурснага аналізу шляхам супастаўлення рукапісаў, машынапісаў з тэкстамі, надрукаванымі ў кнігах, часопісах і газетах. Аўтар класіфікаваў адрозненні па экстралінгвістычных і лінгвістычных параметрах. Экстралінгвістычныя змены П. Жаўняровіч даследаваў з экстрапаляцыяй на тагачаснае сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне і панаванне адпаведнай ідэалогіі. Усё, што праходзіла ў друк у часы Савецкага Саюза, кантралявалася Галоўлітам. Дакументы, якія былі створаны ў рабочым працэсе гэтых органаў і па якіх мы можам меркаваць аб асаблівасцях працы тагачасных рэдактараў, сёння знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Даследаванне аўтарам гэтых дакументаў стала адным з аспектаў аналізу рэдагавання ў савецкія часы. Так, калі шырока праводзілася антыалкагольная кампанія і прапагандаваўся здаровы лад жыцця, з тэкстаў выкрэсліваліся, здавалася б, самыя бяскрыўдныя згадкі аб ужыванні віна падчас застолляў ці ў іншых урачыстых момантах. П. Жаўняровіч не дае ніякіх ацэнак, галоўная яго мэта — зафіксаваць, канстатаваць тое, што было, патлумачыўшы акалічнасці і магчымыя прычыны.

Важнай тэарэтычнай часткай даследавання з’яўляецца тое, што аўтар паказаў на прыкладах, чым адрозніваецца рэдактарскі аналіз і рэдактарская праўка, макраўзровень і мікраўзровень аналізу ў працэсе падрыхтоўкі твора да друку, разгледзеў асаблівасці рэдагавання ў блогасферы і ў СМІ Беларусі. Акрамя таго, даследчык давёў, чаму тэрмін «літаратурнае рэдагаванне» патрабуе ўдакладнення і дапрацоўкі, спыніўся на асаблівасцях тэрміналогіі ў замежных дапаможнікаў па рэдагаванні, вылучыў асноўныя падыходы да працы з тэкстам будучага твора. Колькі існуе рэдактараў у рэдакцыях сродкаў масавай інфармацыі, выдавецтвах, але нямногія з іх разумеюць розніцу ўжывання паняццяў «крытыка маўлення» і ўласна «рэдагаванне», праблемнасць тэрміну «аўтарэдагаванне».

Манаграфія Пятра Жаўняровіча будзе вельмі карысная любому рэдактару для прафесійнага ўдасканалення і росту, а таксама зацікавіць усіх неабыякавых да творчасці Уладзіміра Караткевіча дый увогуле аматараў прыгожага пісьменства.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.