Вы тут

«Ліст, які ляціць скрозь гады» — пранікнёны твор пра жахі вайны


Упершыню на гэтую тэму мы загаварылі гадоў дзесяць таму. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» на адной з праваслаўных выставак з удзелам Таццяны Дашкевіч прэзентавала чарговую кнігу з серыі «Дзеці вайны». У той дзень пад акампанемент гітары ў яе выкананні гучалі шчымлівыя песні пра Вялікую Айчынную вайну. Пранікнёныя словы, прыгожы голас краналі прысутных да слёз. Пасля выступлення Таццяна Мікалаеўна расказала мне пра задуманы праект, які здзяйсняла ўжо амаль пяць гадоў: яна шукала відавочцаў жудасных падзей і занатоўвала іх аповеды пра перажытае ў дзіцячыя гады. Вобраз кнігі, зразумела, на той час ні ў мяне, ні ў яе нават і не вымалёўваўся. Але адчувалі, што сабраны ёю матэрыял павінен з рукапісаў выліцца ў нейкую іншую форму.


На маё пытанне, чаму яна занялася гэтым, адказ, мабыць, тады быў, але да канца я зразумела пісьменніцу, калі прачытала прадмову да кнігі ў дасланым у 2022 годзе рукапісе:

«…Толькі ў сорак гадоў я зразумела, навошта мне, маленькай дзяўчынцы, бацька расказваў на ноч не казкі, а выпадкі са свайго ваеннага дзяцінства. Аднойчы я прачнулася з думкай: “Іх трэба запісаць”. Гэта ж узрушальныя гісторыі! У іх — праўда, у іх — жыццё. І ўсе апошнія пятнаццаць гадоў свайго жыцця я шукаю і знаходжу тых, хто ў дзяцінстве быў відавочцам ваеннай штодзённасці».

Наўрад ці ўспомняцца іншыя падрабязнасці нашай размовы, але падалося, што з таго часу мы былі на моцнай душэўнай сувязі. А аднойчы, прачытаўшы матэрыял пра паэта Мікалая Шыпілава, я даведалася, што Таццяна — жонка гэтага неардынарнага чалавека. Пятнаццаць гадоў была шчаслівая з ім. Разумею, які няпросты быў яе лёс, і асабліва калі яго не стала. Мабыць, таму душа яе так востра адчувае чужы боль і так шчыра адгукаецца на яго.

Таццяна Дашкевіч — хрысціянка, праваслаўны чалавек — насамрэч змагла «пачуць» самае галоўнае з таго, што распавялі ёй людзі. Яна з душэўным трапятаннем, вельмі асцярожна, беражліва апрацавала іх гісторыі і, на мой погляд, змагла данесці да чытача тую самую праўду.

Кніга Таццяны Дашкевіч «Ліст, які ляціць скрозь гады» — вынік шматгадовай працы — убачыла свет у серыі «Дзеці вайны». З любоўю прэзентуючы яе чытацкай супольнасці, хачу нагадаць, што праца над серыяй у выдавецтве працягваецца. Створаная ў 2010 годзе да 65-годдзя з дня Вялікай Перамогі, яна няспынна папаўняецца творамі знакамітых пісьменнікаў ды і іншых, тых, хто не можа больш трымаць у сабе набалелае і вырашыў падзяліцца ўспамінамі пра сваіх родных — бацькоў, дзядоў, для якіх вайна не была пустым гукам. Адна з гераінь кнігі «Ліст, які ляціць скрозь гады», сказала пра гэта простымі словамі:

На чистейшие страницы

Боль души моей ложится,

Время лучшее придет —

Кто-то боль мою прочтет.

От веселья иль от скуки

Вдруг возьмут тетрадку в руки:

«Не судите очень строго —

Все дается нам от Бога.

Неумело и нескладно,

Вы простите меня — ладно?

Просто я молчать не стала,

А взяла и записала».

Я ўдзячна тым аўтарам, хто спрычыніўся да нашай кніжнай серыі, у якой ужо выйшла 38 кніг, яшчэ і за тое, што яны асабіста мне дапамаглі сцішыць пачуццё віны перад сваімі роднымі, асабліва перад бацькам. Ён жа ваяваў, на фронце быў танкістам, пасля ранення — ужо ў партызанскім атрадзе. І з жыцця пайшоў у 1999 годзе — у ноч з 8 на 9 мая, чакаючы свята. У мяне ж за штодзённай мітуснёй не хапіла ні часу, ні розуму паслухаць, занатаваць. Таму, відаць, выспела ідэя такой серыі. А з выхадам кожнай новай кнігі — не толькі радасць, але і палёгка.

Сёння ўсе выразна ўсведамляюць: каб мець будучыню, трэба помніць мінулае. Упэўнена, што цяпер той час, калі неабходна ўзнімаць «градус» увагі да літаратуры пра падзеі страшэннай трагедыі, што адбылася на нашай зямлі ў XX стагоддзі. Час ад часу задумваешся: колькі яшчэ недасказана, недапісана, не апублікавана! Кожны з нас можа сказаць пра сябе: «калі не ты, то хто паклапоціцца, каб не згасла гістарычная памяць». Так лічыць і наша аўтарка, бо напрыканцы сваёй прадмовы да кнігі яна напісала: «Часам мне здаецца, што мае суразмоўцы вайну так і не змаглі перажыць — так выразна паўстае яна перад вачыма з іх апавяданняў. І абыякавасць будзе злачынствам. Бо для іншых кніг, падобных да гэтай, ужо падрастаюць новыя героі… Дзеці — на новай вайне».

Галоўная выснова, якую можна зрабіць, прачытаўшы гэтую кнігу: у злачынстваў няма тэрміну даўнасці, іх нельга дараваць, іх нельга забыць.

Ліліяна АНЦУХ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.