Вы тут

Жыццялюбства, летуценнасць, рэалізм, і надзея - «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне...»


Да 19 сакавіка ў галерэі «Палац мастацтва» працуе рэспубліканская выстаўка «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне...». Між тым афіша і назва праекта могуць збянтэжыць: толькі за гэты год адкрылася некалькі выставак, прысвечаных творчасці народнага мастака: напрыклад, да 2 красавіка можна ўбачыць экспазіцыю ў Нацыянальным мастацкім музеі. Куды больш для мінскага гледача? Насамрэч, у Палацы мастацтва прадстаўлена толькі некалькі работ майстра. Астатняе — карціны жывапісцаў, для якіх мастацкі метад Леаніда Шчамялёва не чужы. Засяродзім увагу на некаторых характарыстыках асобы мастака і прадставім некалькі найбольш яркіх работ «Прысвячэння». Узнёсласць.


Андрэй Кальга «Мір», 2020 г.

«Яго талент вызначальны сваёй жыццядзейнай сілай: мастак быў здольны перадаць сваё ўсхваляванае адчуванне прыгажосці ад кожнага схопленага імгнення, ад сустрэчы з чалавекам, ад беларускіх даляглядаў дзівосна светлымі і яркімі фарбамі», — кажуць ставаральнікі экспазіцыі пра Леаніда Шчамялёва. Між тым на выстаўцы «Прысвячэнне» было даволі складана адшукаць твор, блізкі да той узнёсласці, якую зацвярджаў у сваёй творчасці народны мастак. Калі і сустракаліся падобныя матывы, то зусім не радавала рэалізацыя… Адметна, што ўзнёсласці думак і пачуццяў знайшлося месца ў невялічкім творы, ледзь не эцюдзе «Адвячорак» (2021) Інгі Карашкевіч. Гэта просты нацюрморт-пейзаж са сланечнікамі, якія, трэба заўважыць, удаюцца не кожнаму — з іх жывым цяплом і радасным святлом нялёгка саўладаць. Аднак калі ў кампазіцыі захавана гармонія, знойдзены кантраст, адшуканы свой рытм — яна прываблівае.

Жыццялюбства. Тут без доўгіх тлумачэнняў. Адчуванне прыгажосці зямлі і чалавека, імкненне спазнаць свет, задумацца аб яго сутнасці і сваім прызначэнні — усё гэта складнікі карцін Леаніда Шчамялёва. Ён лічыў: мастацтва павінна несці чалавеку жаданне жыць. І куды тут без суб’ектыўнасці? Аднаго можа натхніць сціплы нацюрморт, а іншы засмуціцца ад знаёмства з выразнай і насычанай яркімі вобразамі тэматычнай карцінай… Вось і прыклад з выстаўкі «Прысвячэнне»: у экспазіцыі шмат пярэстых нацюрмортаў, светлых, не перагружаных нічым абстракцый, галерэя яркіх партрэтаў… А прывабіў сціплы на колеры пейзаж Андрэя Кальгі «Мір» (2020). Дзіва, як з дапамогай нешматлікіх мастацкіх сродкаў можна перадаць такую любоў да жыцця і свайго краю.

Аляксандр Даманаў «Вячэра» (з серыі «Малыя галандцы»), 2022 г.

Летуценнасць. У Леаніда Шчамялёва часта пыталі: чаму на працягу столькіх гадоў ён малюе коней? Было шмат здагадак, але праўда аказалася іншай: конь — сімвал міру, прыгажосці, грацыі — для мастака быў яшчэ і сімвалам мары… Пошук сімвала, вечнага і блізкага душы, уласцівы і Зоі Літвінавай, якая, здаецца, да сёння вандруе па свеце фантазій і па крупінках збірае свае шматслойныя кампазіцыі — знайсці ў змесце зразумелае і асэнсаваць сказанае кожны павінен самастойна. Яркая дэталь твораў Зоі Літвінавай — золата, якое лічыцца знакам боскай сілы, мудрасці і высакароднасці… Аднак нават гэтыя сур’ёзныя катэгорыі не перашкаджаюць лічыць мастачку летуценніцай. Вобразы і нават колеры, якія выкарыстоўвае Зоя Літвінава, адлюстроўваюць імкненне да невядомага, прагу свабоды і лёгкасці, пошук асаблівай прасторы. Як галоўны доказ — птушкі, якія часта сустракаюцца на яе палотнах (на выстаўцы гэта «Інспірацыя» 2022 года і «Залаты танец» 1989-га з цыкла з красамоўнай назвай «Людзі і птушкі»).

Рэалізм. Так ці інакш, Леанід Шчамялёў адлюстроўваў рэальнае жыццё, але, як любы мастак, рабіў гэта па-свойму. Ды тая ж Зоя Літвінава сцвярджае, што яна рэаліст… Аднак адзін з першых сучасных беларускіх мастакоў, хто ўспамінаецца ў кантэксце гэтага кірунку, — Аляксандр Даманаў, чыё палатно «Вячэра» (2022) прадстаўлена ў экспазіцыі. Твор уваходзіць у серыю «Малыя галандцы», і яе назва цалкам тлумачыць тое, аб чым разважае мастак і што знаходзіцца сёння ў цэнтры яго ўвагі. Дзякуючы ўласнаму майстэрству жывапісец прыўносіць у традыцыі еўрапейскага мастацтва новыя матывы, даволі містычныя і нават змрочныя. Аднак і яны не перашкаджаюць любавацца дасканалымі, нават гіперрэалістычнымі выявамі, у якіх адлюстравана любоў да навакольнага свету.

Зоя Літвінава «Інспірацыя», 2022 г.

Надзея. Убачыць свет лепшым, чым ён ёсць, — задача, на думку, Леаніда Шчамялёва, вартая мастака, але, вядома, надзвычай складаная. Аптымізм, важны для майстра, здольны перахапіць не кожны творца, прытым гэта не асаблівасць сучаснасці. Аднак надзеі работы беларускіх жывапісцаў не пазбаўлены: яна гучыць у многіх творах — недзе ціха, недзе гучна, а месцамі нават заглушае ўсё астатняе, што не ідзе на карысць. Хапае ідэалізацыі — а можа, у гэтым ёсць спроба паказаць свет іншым, чым мы яго лічым? Прынамсі, у жывапісца Віктара Нямцова атрымалася няблага: пейзаж «Цэнтр сусвету» (2021) увабраў у сябе некаторыя рысы сентыменталізму і даў падставу для разважанняў аб магчымасці паўнавартаснага звароту сённяшніх жывапісцаў да гэтага кірунку.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.