Вы тут

Надвор’е: У нядзелю будзе ісці снег, а ўжо ў аўторак прыгрэе да плюс 12


У першы месяц вясны ў нашай краіне амаль заўсёды «гуляе» вельмі няўстойлівае надвор'е. У гэты час серыя атмасферных франтоў, чаргуючыся, працягне аказваць свой уплыў на кліматычныя ўмовы. Вось і ў найбліжэйшыя 5 дзён будзе то холадна, то амаль горача, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У пятніцу ўплыў франтальнага раздзела распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі краіны. Таму ў гэты дзень снег, мокры снег, па паўднёвай частцы — з дажджом, будуць адзначацца ў большасці раёнаў. Па паўднёва-заходняй частцы краіны чакаюцца моцныя ападкі, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Месцамі туман, іней. У асобных раёнах мяцеліца. Максімальная тэмпература паветра складзе ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла, а ў паўднёвых раёнах — да плюс 8 градусаў.

У суботу надвор'е пачнуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, які ссоўваецца з Польшчы на Латвію. Яны абумовяць на большай частцы тэрыторыі краіны ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай месцамі слабы галалёд, па паўночным усходзе слабая мяцеліца, наліпанне мокрага снегу. На асобных участках дарог галалёдзіца. Месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад плюс
5 градусаў па паўднёвым захадзе да мінус 7 градусаў па паўночным усходзе, у сярэдзіне дня слупкі тэрмометраў пакажуць плюс 1—7 градусаў, па поўдні — да 10 градусаў цяпла.

А вось 12 сакавіка цыклон перамесціцца на паўночна-заходнія раёны еўрапейскай часткі Расіі, а тэрыторыя Беларусі акажацца ў яго тылавой частцы. Адразу пахаладае на ўсёй тэрыторыі краіны. У гэты дзень паўсюдна чакаюцца кароткачасовыя ападкі, у асноўным снег, мокры снег. Месцамі слабая завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад 0 да мінус 6 градусаў, а днём — ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла.

Паводле папярэдняга прагнозу айчынных сіноптыкаў, няўстойлівае з ападкамі надвор'е захаваецца і ў пачатку наступнага тыдня. У панядзелак ноччу ў асноўным па паўднёвым захадзе, удзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца снег і мокры снег, днём пераходзячы ў дождж. Месцамі слабы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да мінус 1—7 градусаў, а па поўначы — да мінус 9 градусаў. Днём будзе мінус 1 — плюс 5 градусаў, па паўднёвым захадзе — да 8 цяпла.

А ў аўторак ноччу яшчэ будзе водгулле зімы, а днём — амаль сапраўдная вясна. 14 сакавіка часам прагназуюцца ападкі, у асноўным дождж, ноччу па паўночным усходзе снег, мокры снег. Месцамі туман. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 5 градусаў па паўднёвым захадзе да мінус 5 градусаў па паўночным усходзе. Днём паветра прагрэецца да плюс 3—10 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах — да плюс 12 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.