Вы тут

Строілі планы, абмяркоўвалі перспектывы… Як прайшоў XVIII з’езд Беларускага саюза кампазітараў


Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў уключае больш за дзясятак аб’яднанняў, створаных у розныя часы і з рознымі мэтамі. У кожнага з іх свой лёс, як і ў Беларускага саюза кампазітараў, дзе сёння адбываюцца важныя падзеі.


Уладзімір Пракапцоў і Алена Атрашкевіч.

Святкаваць гэты дзень

Беларускаму саюзу кампазітараў сёлета спаўняецца 90 гадоў. Ён быў створаны ў 1933 годзе: але тады гэта была аўтаномная секцыя пры Саюзе пісьменнікаў. Праз год адбылася I Усебеларуская канферэнцыя кампазітараў, падчас якой вырашылі перайменаваць кампазітарскую секцыю пры пісьменніцкай арганізацыі ў аргкамітэт Саюза кампазітараў Беларусі (з 1938 года — Саюз савецкіх кампазітараў Беларусі). Да 1992 года грамадская арганізацыя ўваходзіла у склад Саюза кампазітараў СССР. І толькі ў 1999-м аб’яднанне стала Беларускім саюзам кампазітараў, тым, якім мы сёння яго ведаем.

Першым старшынёй аб’яднання быў Ісаак Любан, затым яго ўзначальвалі Анатоль Багатыроў, Мікалай Аладаў, Яўген Цікоцкі, Рыгор Шырма, Ігар Лучанок… А ў 2019 годзе ўпершыню ў гісторыі кіраўніком Беларускага саюза кампазітараў стала жанчына — кампазітар, грамадскі дзеяч, педагог Алена Атрашкевіч. Яна лаўрэат тэлевізійных конкурсаў нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра» ў намінацыі «Найлепшы кампазітар года». За плённую творчую дзейнасць удастоена Ганаровага знака Міністэрства культуры Беларусі, звання «Чалавек года Міншчыны», медаля Францыска Скарыны… Яе вучні неаднаразова станавіліся фіналістамі міжнародных конкурсаў і фестываляў.

Да юбілею Беларускага саюза кампазітараў быў прымеркаваны чарговы, XVIII з’езд, які адбыўся 2 сакавіка. Падчас афіцыйнай сустрэчы, на якой традыцыйна ўздымаліся важныя пытанні і гучалі шматлікія прапановы, Алена Атрашкевіч безальтэрнатыўна была перавыбрана старшынёй Саюза кампазітараў. Алена Віктараўна сказала: «Сёлета праца з’езда цягнулася 4 гадзіны: строілі планы, абмяркоўвалі перспектывы… Я рада, што побач сябры і паплечнікі! Хочацца падзякаваць калегам за цудоўную працу».

Дырыжор Аляксандр Анісімаў і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.

Сёння структура саюза — некалькі секцый: эстрадна-песенная (кіраўнік Алена Атрашкевіч), дзіцяча-юнацкая (кіраўнік Аліна Безенсон), музыказнаўчая (кіраўнік Наталля Ганул), міжнародных сувязей (кіраўнік Дзмітрый Лыбін), музычных праектаў (кіраўнік Канстанцін Яськоў) і інфармацыйная (кіраўнік Віктар Кісцень). Такім чынам, суполка аб’ядноўвае прафесійных кампазітараў і музыказнаўцаў, займаецца папулярызацыяй беларускай акадэмічнай музыкі, выступае культурна-інфармацыйным цэнтрам па развіцці айчыннага музычнага мастацтва, прэзентуе яго за межамі краіны. Аб выніках працы лепей за ўсё сведчаць святочныя канцэрты, якія адбыліся 2 і 3 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Прэм’еры, яркія выступленні і шэраг цікавостак — гэтым імпрэзы запомняцца тым, хто раздзяліў радасць свята з Саюзам кампазітараў. Сярод такіх — старшыня Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

Юбілейная праграма склалася з двух канцэртаў: сімфанічнай і харавой музыкі. Два канцэрты — традыцыя ў дні з’езда Беларускага саюза кампазітараў. Аднак сёлетняя праграма пабудавана па прынцыпе прэм’ер (мінулыя гады гучала класіка знакамітых беларускіх кампазітараў, якія пайшлі з жыцця). Каб паўдзельнічаць у святочнай падзеі, кампазітары падавалі заяўкі, што разглядаліся праўленнем Саюза кампазітараў і творчымі калектывамі.

Між тым 90-годдзе Беларускага саюза кампазітараў будзе адзначацца на працягу ўсяго года. Абяцаюць цэлы шэраг святочных імпрэз.

Што прынесла вясна…

У праграме першага канцэрта — «Музыка Беларусі» — прэм’еры твораў для сімфанічнага аркестра айчынных кампазітараў розных пакаленняў. Фармат не проста займальны — у адзін вечар ацаніць тое, чым на працягу дзесяцігоддзяў займаліся сучасная кампазітары, дарагога вартае. Своеасаблівы дайджэст цікавы не толькі самім стваральнікам, не толькі слухачам, але і выканаўцам — усё ж гэта пэўны эксперымент і, бясспрэчна, рызыка. Аднак што толькі не пад сілу Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру Беларусі? Дырыжыравалі яго музычны кіраўнік Аляксандр Анісімаў, а таксама Валерыя Рыбінская і Юрый Караваеў.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Р. Шырмы.

Адкрыла канцэрт музыка Вячаслава Кузняцова — прагучала сюіта «Знак Белабога». Першае выкананне было прысвечана светлай памяці Аляксея Дударава. Твор гарманічны, велічны, чароўны… Гучала 2 сакавіка і музыка такіх сучасных кампазітараў, як Уладзімір Браілоўскі (дзве часткі з сімфоніі № 1), Сяргей Бельцюкоў (сюіта з балета «Клеапатра»), Андрэй Цалко (кампазіцыя «No time to explain!»), Віктар Кісцень (твор «Небыліца»), Аляксандр Іваноў (вальс сі-мінор для струннага аркестра). Вельмі розныя па настроі, кампазіцыі былі «раскіданы» па розных частках канцэрта. Між тым адрозніваў іх не толькі пасыл думак і пачуццяў — нават гучанне: дзесьці больш класічнае, дзесьці — даволі асучасненае, а ў некаторых выпадках скіраванае і на традыцыю, і на наватарства.

Запамінальнымі (і, натуральна, больш працяглымі) сталі канцэрт Аліны Безенсон «Да Цябе заклікаю» для кларнета з аркестрам (саліст Міхаіл Стэльмах), канцэрт-сімфонія Віктара Войціка для трубы і аркестра (саліст Максім Паліенка), а таксама канцэрт-паэма Ігара Комара «Сэрца і час» для фартэпіяна з аркестрам (саліст Іван Андрухоў). Кожны з іх — таленавітае прачытанне знаёмых старонак культуры. Між тым не кожны можа быць успрыняты прыхільна. Сумненні ўзнікаюць і сыходзяць, запэўніваюць і супярэчаць
адно аднаму… І ўсё гэта ёсць наканаванне любога сучаснага твора мастацтва.

Адметнае завяршэнне канцэрта — зварот да фальклору. Так, прагучала кампазіцыя «Паазер’е» Ніны Сіняковай для трох фальклорных галасоў і сімфанічнага аркестра. Выканалі яе ўдзельніцы заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Фальклорнай групы “Купалінка”». «Ой, вясна-красна, // Што ты нам прынясла? // О-го-го, што нам прынясла», — радкі народнай песні з п’есы «Паазер’е» цалкам змянілі настрой вечара на мажорны, а падмацаваўся гэты эфект «Благавестам» Людмілы Шлег. Трапяткія мелодыі надзеі прагучалі ў выкананні ансамбля цымбалістак (пад кіраўніцтвам Веранікі Прадзед).

У пошуках сэнсу 

Наступным вечарам слухачоў радавалі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (дырыжор Андрэй Саўрыцкі) і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Р. Шырмы (дырыжор Вольга Янум). «Харавая сімфонія» аб’яднала музыку Людмілы Шлег, Вячаслава Пяцько, Алега Молчана, Галіны Гарэлавай, Сяргея Бугасава, Аліны Безенсон, Ігара Лучанка, Дзмітрыя Далгалёва, Леаніда Захлеўнага і Алены Атрашкевіч. Андрэй Саўрыцкі, які не з’яўляецца членам Беларускага саюза кампазітараў, таксама выступіў са сваёй сучаснай бездакорнай апрацоўкай народнай песні «Ой, рана на Йвана». Пераважная частка канцэрта — песні на словы знакамітых беларускіх паэтаў і паводле народных тэкстаў. Астатняе (за некалькімі выключэннямі) — творы рэлігійнай тэматыкі. Найбольш уражальным было выкананне кампазіцый «А ў полі, полі» (Леанід Захлеўны, словы народныя), «Отче наш» (Алег Молчан), «Плакала лета» (Вячаслаў Пяцько, словы Максіма Багдановіча), «Ой, мае вы чайкі» (Дзмітрый Далгалёў, словы Уладзіміра Пецюкевіча). Завяршыўся канцэрт вызначальным для айчыннай культуры творам «Мой родны кут» (Ігар Лучанок, словы Якуба Коласа), які праспявалі ўсе ўдзельнікі.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і дырыжор Андрэй Саўрыцкі.

Галоўная ж падзея праграмы 3 сакавіка — прэм’ера твора Алега Хадоскі, які выступае (і канцэрт — таму пацвярджэнне) як эксперыментатар. Кампазіцыя аўтара, напісаная яшчэ ў 2021 годзе, — сімфонія для хору a capella «Missa», але гэта сінтэз сімфоніі і месы, скіраваны на адлюстраванне тэмы сэнсу жыцця. Твор складаецца з шасці частак: «Gloria», «Credo», «Sanctus», «Agnus Dei», «Kyrie eleison», прызначаных перш-наперш для таго, каб захаваць знешнія рысы месы як духоўнага жанру музыкі на кананічныя тэксты каталіцкага богаслужэння. Аднак у цэлым кампазіцыя падпарадкавана галоўным сімфанічным законам. Выконвала сімфонію для хору a capella «Missa» Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Р. Шырмы. Ёсць спадзяванні, што ў найбліжэйшы час яе пачуюць як мага больш слухачоў, знаёмых з узорамі месы і здольных ацаніць новы твор.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».