Вы тут

«Нам таксама ёсць чым падзяліцца, пра што расказаць». Адбыўся круглы стол на тэму беларускага пераклада


Якуб Колас лічыў гэты від літаратурна-мастацкай дзейнасці справай дзяржаўнай важнасці і неабходным сродкам для ўзбагачэння роднай мовы, Янка Купала называў «ператлумачэннем» і надаваў яму вядучую ролю ў міжлітаратурных стасунках, а Максім Багдановіч, як ніхто іншы, актуалізаваў адзначанае ў сваёй творчасці і тым самым вывеў беларускую літаратуру на еўрапейскі ўзровень…


Безумоўна, гаворка ідзе пра мастацкі пераклад і перакладазнаўчую навуку. Вывучэнне праблем мастацкага перакладу з’яўляецца асабліва актуальным ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму і пры наяўнасці вялікага аб’ёму перакладной літаратуры з розных моў свету, што характэрна для культурнай сітуацыі нашай краіны.

Таму ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы», у якім узялі ўдзел навукоўцы і пісьменнікі-перакладчыкі: дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў; першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніца-перакладчыца Алена Стэльмах; пісьменніца-перакладчыца Іна Фралова; перакладазнаўцы Алена Лапцёнак, Наталля Якавенка і мовазнаўца Ірына Ялынцава, якія працуюць у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі; перакладазнаўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Інга Бязлепкіна; вядомы беларускі перакладчык і перакладазнаўца Міхась Кенька.

Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з абмеркавання, агучаныя цікавыя факты з гісторыі і сучаснай практыкі мастацкага перакладу, найбольш важныя думкі, выказаныя ўдзельнікамі круглага стала.

Пераклад — старажытны і складаны від моўнай камунікацыі, перакладчык — даўняя прафесія, якая бярэ свой пачатак ад шумерскай цывілізацыі канца IV тысячагоддзя да нашай эры. Прыкладна да VII стагоддзя да нашай эры пераклад выконваў выключна інфарматыўную функцыю, бо ў ім была неабходнасць падчас гандлёвых кантактаў, дыпламатычных
і ваенных перамоў. Зразумела, што ў гэтых выпадках пераклад меў толькі сінхронную, вусную форму. Са з’яўленнем пісьменнасці пачаў распаўсюджвацца пісьмовы пераклад, які спачатку таксама меў на мэце толькі перадачу інфармацыі, закладзеную ў зыходным тэксце. Пазней, калі пачаліся першыя спробы перакладу багаслоўскіх і літаратурных тэкстаў, узнікла неабходнасць перадаваць разам з інфармацыяй эмацыянальна-эстэтычныя, мастацкія асаблівасці арыгіналаў. Так узніклі і застаюцца да сёння актуальнымі і запатрабаванымі два асноўныя віды перакладу — інфарматыўны (сінхронны, грамадска-палітычны, навуковы, тэхнічны, ваенны) і мастацкі — самы складаны і ў той жа час самы цікавы від перакладчыцкай дзейнасці.

Паколькі мова — аснова мастацкай літаратуры, заканамерным стаў той факт, што мовазнаўцы першымі ў гісторыі мастацкага перакладу сталі ўзнімаць надзённыя пытанні, звязаныя з перакладчыцкай справай, а пазней да іх далучыліся літаратуразнаўцы. Ёсць гістарычная заканамернасць і ў тым, што менавіта ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося абмеркаванне актуальных пытанняў айчыннага перакладазнаўства. Да ўдзелу ў абмеркаванні лінгвісты запрасілі літаратуразнаўцаў і перакладчыкаў, якія прадстаўляюць вядучую літаратурна-мастацкую арганізацыю краіны — Саюз пісьменнікаў Беларусі. 

Ігар Капылоў: «Традыцыі айчыннага перакладу былі закладзены яшчэ Францыскам Скарынам. Дзякуючы яго перакладчыцкаму майстэрству мова біблейскіх кніг стала зразумелай для шырокага кола людзей, што ў выніку дало магутны імпульс развіццю беларускай літаратурнай мовы і выяўленню яе лексіка-стылістычных сродкаў. Тую ж мэту — данесці да простага люду Слова Божае на роднай мове — ставілі перад сабой і паслядоўнікі Скарыны: Васіль Цяпінскі і Сымон Будны. Актывізацыя перакладчыцкай дзейнасці садзейнічала развіццю такога напрамку, як перакладная лексікаграфія.

У ХІХ стагоддзі, нягледзячы на забарону беларускай мовы ў афіцыйнай сферы, ствараліся перакладныя слоўнікі. У ХХ стагоддзі асабліва актывізавалася праца ў галіне перакладной лексікаграфіі, традыцыі якой падтрымліваюцца і развіваюцца ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства ў цяперашні час, пра што сведчаць нядаўнія публікацыі “Кітайска-беларускага. Беларуска-кітайскага слоўніка”, “Французска-беларускага слоўніка прававой лексікі”, падрыхтоўка рукапісу “Італьянска-беларускага слоўніка”. Зараз распрацоўваецца канцэпцыя першага “Узбекска-беларускага слоўніка”, плануецца выкананне сумесных праектаў у галіне перакладной лексікаграфіі з вучонымі іншых краін СНД».

Алена Стэльмах: «Нам таксама ёсць чым падзяліцца, пра што расказаць. У прыватнасці, ідзе стварэнне Анталогіі літаратур краін СНД, удзел у якой прымаюць і беларускія літаратары. Прапанавана выбраць найбольш вядомыя творы ў жанрах “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура” за апошнія 30 гадоў — момант незалежнасці краін СНД. Прыемна, што пад адной вокладкай у перакладзе на рускую мову збярэцца шматгалоссе нацыянальных літаратур, у якіх будзе адлюстраваны няпросты, пераломны шлях новай эпохі.
Да таго ж мае калегі спрычыніліся і да перакладаў сучаснай рускай паэзіі і прозы.

Алена Стэльмах.

Падчас сустрэч у Маскве мне давялося пазнаёміцца з калегамі з розных краін СНД. Цікава, што пераважная большасць з іх прадстаўляюць менавіта нацыянальныя Саюзы пісьменнікаў. Гэта не засталося незаўважным, і асабіста мяне парадавала, што ў краінах постсавецкай прасторы саюзы пісьменнікаў захаваліся, ёсць дзяржаўныя, як і мы. Перакладамі ў большасці сваёй і займаліся пісьменнікі.

І скажу, што, хоць я перакладчык без вялікага вопыту, гэты працэс і мне, і маім калегам вельмі спадабаўся. У выніку ў нас працавала своеасаблівая творчая лабараторыя.

Акрамя таго, прыемна, што далучыліся пісьменнікі не толькі сталічныя, але і з рэгіёнаў. Напрыклад, мяне парадавалі Брэстчына — Таццяна Дземідовіч, Расціслаў Бензярук, Гродзеншчына — Людміла Кебіч, Надзея Салейка, Таццяна Яцук, Ала Клемянок.

Своеасаблівыя ўрокі перакладу атрымалі і студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. І вопытныя майстры слова, і моладзь адчулі смак двухмоўя. Думаю, што гэта пашырыла як іх слоўнікавы запас, так і светапогляд наогул».

Іна Фралова: «У межах гэтага праекта я працавала з адным з самых цікавых аўтараў — Святланай Кекавай. Яе творы — падарунак для перакладчыка, бо тэксты «шматпавярховыя», пад фабульнай, умоўна кажучы, першай версіяй хаваюцца іншыя сэнсы, іншыя сімвалы. Гэта падштурхоўвае і да творчага пошуку, і да звароту да шматлікіх крыніц, каб пасля зверыць курсы, свой і аўтарскі. У тэкстах такога роду перадаць аб’ектыўнасць аўтарскай пазіцыі, трапіць у патрэбную танальнасць — задача не другасная.

Таксама перакладала і дзіцячыя вершы Міколы Чарняўскага, ужо на рускую мову. На першы погляд, нічога складанага, але зрабіць пераклад на мову, якая з’яўляецца роднай для будучага чытача, — задача архіадказная. Было няпроста і таму, што ведаю Мікалая Мікалаевіча не толькі як вядучага аўтара ў дзіцячай літаратуры, але яшчэ і як цудоўнага перакладчыка. Ведаю, на якім узроўні зроблены ім аўтапераклады. На ступень адказнасці паўплываў і маштаб асобы самога аўтара. Хацелася, каб паважаны пісьменнік, на творах якога выхоўвалася яшчэ маё пакаленне, загучаў на іншай мове не горш, чым на роднай».

Нягледзячы на даўнія традыцыі перакладу і пашыраную перакладчыцкую практыку, развіццё перакладазнаўства ў Беларусі, да сённяшняга дня застаецца многа важных праблем, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.

Так, з’яўленне даследчых прац перакладазнаўчага характару ў межах розных дысцыплін (мовазнаўства, методыка выкладання замежных моў, літаратуразнаўства і г. д.) носіць дэцэнтралізаваны, раз’яднаны характар, тэорыя перакладу развіваецца пераважна ў ВНУ, звычайна ў межах падрыхтоўкі перакладчыкаў-практыкаў.

Пакуль што ў Беларусі не існуе навуковага перакладазнаўчага цэнтра, тады як, напрыклад, у Маскве ёсць Інстытут перакладу і Вышэйшая школа перакладу (факультэт) Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, навукова-даследчыя перакладазнаўчыя цэнтры дзейнічаюць у Кіеве, Ерэване, Тбілісі, Бялградзе, Сафіі, Празе, Лейпцыгу і інш. Таму наспела неабходнасць арганізацыі ў межах НАН Беларусі як галоўнай навуковай установы краіны такога структурнага падраздзялення, якое б займалася распрацоўкай пытанняў гісторыі, тэорыі і практыкі мастацкага перакладу, падагульняла і дапаўняла айчынны вопыт перакладазнаўства з далейшым стварэннем фундаментальных навуковых прац у кантэксце міжмоўнай камунікацыі».

Ігар Капылоў: «Неабходнасць стварэння цэнтра перакладазнаўства (структурнага падраздзялення), у якім бы на прафесійнай аснове вырашаліся важныя пытанні тэорыі і практыкі перакладу, абумоўлена шэрагам прычын. Па-першае, перакладазнаўства павінна стаць неад’емным складнікам філалагічнай адукацыі. Па-другое, трэба актывізаваць падрыхтоўку кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый у сферы перакладазнаўства як міждысцыплінарнай і шматгаліновай навукі. Па-трэцяе, неабходна больш актыўна развіваць нацыянальную перакладную лексікаграфію, працаваць над стварэннем іншамоўна-беларускіх і беларуска-іншамоўных слоўнікаў, якія павінны знайсці шырокае прымяненне ў практыцы перакладу».

Алена Стэльмах: «Мастацкі пераклад — наша агульнае поле дзейнасці. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі, як вядома, ёсць розныя секцыі: прозы, паэзіі, драматургіі, дзіцячай літаратуры, ёсць і секцыя перакладу, якую ўзначальвае Іван Чарота. Мы ведаем яго як выдатнага перакладчыка, даследчыка і тэарэтыка перакладу.

Для Саюза з’яўляецца актуальнай задача мэтанакіраванай работы ў галіне перакладу, таму наша сённяшняя сустрэча вельмі патрэбная. Цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі дапаможа разам выпрацаваць сістэму ўзаемадзеяння. Падтрымліваю ідэю стварэння перакладазнаўчага структурнага падраздзялення ў Інстытуце, а можа, і пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Структура вельмі патрэбная, гэта адназначна».

На пачатку ХХІ стагоддзя асабліва вострым стала пытанне запатрабаванасці беларускамоўных перакладаў, звязанае са спецыфікай моўнай сітуацыі ў Беларусі, якая праяўляецца перш за ўсё ў тым, што беларуская з’яўляецца адной з дзяржаўных моў і на сваёй этнічнай тэрыторыі функцыянуе і развіваецца выключна ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму. Раней адзін з родапачынальнікаў айчыннай перакладазнаўчай навукі Давід Фактаровіч гаварыў, што веданне большасцю чытачоў арыгінальнай рускамоўнай літаратуры і незапатрабаванасць перакладу на беларускую мову твораў, якія больш-менш зразумелыя і без яго, перарастае ў пагрозу выдавецкай практыцы. Пра тое, што адбываецца цяпер на самай справе, а таксама пра некаторыя цікавыя выпадкі з гісторыі і практыкі мастацкага перакладу гаворка пойдзе далей».

Працяг будзе

Падрыхтавала Наталля ЯКАВЕНКА

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».