Вы тут

Леанід Левін расказаў усяму свету пра трагедыю беларускага народа ў гады ВАВ


Леанід Левін быў філосафам у архітэктуры. Яго работы — не проста напамін аб пэўным гістарычным факце, падзеі, чалавеку. Яго ідэі, мемарыялізаваныя ў тым ліку ў суаўтарстве з іншымі мастакамі, прымушаюць думаць, разважаць. Мемарыялы, створаныя Леанідам Левіным, без перабольшання, ведае кожны беларус.
І не таму, што інакш сорамна (а ў прынцыпе так яно і ёсць). Работы майстра, прастора, створаная архітэктарам, назаўсёды пакідаюць след у душы таго, хто хоць аднойчы там пабываў. І кожны раз, калі туды вяртаешся, адчуваеш непадробныя, самыя шчырыя эмоцыі. Зноў плачаш у Хатыні, не можаш дыхаць у Красным Беразе, чуеш, як моцна б'ецца сэрца каля мінскай Ямы...


Галіна Левіна.

Леанід Мендэлевіч пайшоў з жыцця ў сакавіку 2014 года. След, які ён пакінуў пасля сябе, застанецца на стагоддзі. Імя чалавека, які ў сваёй творчасці здолеў перадаць увесь боль і пакуты, што перажыў народ Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, назаўсёды ў памяці многіх пакаленняў нашчадкаў пераможцаў. Яго архітэктурная спадчына ўсё так жа праўдзіва і бескампрамісна будзе расказваць людзям або той цане, якую некалькі дзесяцігоддзяў таму заплацілі нашы продкі за сённяшні мірны дзень. За кожным унікальным творам майстра — свая гісторыя, прасякнутая пачуццямі-перажываннямі аўтара.

Як стваралася Хатынь, чаму Леанід Левін імкнуўся ўвекавечыць памяць дзяцей, у якіх фашысты адабралі дзяцінства, і як распавёў усяму свету пра трагедыю яўрэяў Беларусі, расказала яго дачка. Галіна Левіна — архітэктар і кіраўнік творчай майстэрні архітэктара Леаніда Левіна.

Архітэктар, які гаварыў аб вайне

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны — ключавая ў творчасці Леаніда Мендэлевіча. Галіна Леанідаўна, чаму менавіта ёй прысвяціў свае знакавыя работы архітэктар?

— Мы заўсёды задаём такое простае, зразумелае і дакладнае пытанне — чаму? Але чакаць, што атрымаем просты адказ, калі гаворым аб творчасці Леаніда Левіна, няправільна. Нельга сказаць — таму, што маленькім хлопчыкам ён перажыў вайну. Гэта будзе прымітыўна і недакладна. Ён марыў стаць архітэктарам. Знаходзячыся ў бежанцах у Кіргізіі, маляваў. Гэтыя дзіцячыя малюнкі, створаныя ім у пяці—шасцігадовым узросце, захаваліся ў сямейным архіве. Ён маляваў і адразу ж пасля вайны — у студыі Сяргея Каткова ў мінскім Палацы піянераў. У яго была прыродная патрэба, неабходнасць быць сам-насам з сабой, з фактамі, якія яго атачалі, з гісторыяй і перадаваць свае пачуцці праз мастацтва. У памяці бацькі заўсёды была карціна, калі ён разам з братам бег з Мінска падчас бамбёжак — з жанчынамі ўсёй вялікай сям'і Левіных: з маці, бабулямі, цёткамі, сястрычкамі. Можна толькі ўявіць, што ён адчуваў, калі памерла яго мама. Якія эмоцыі перапаўнялі, калі вярнуўся ў Мінск і зразумеў, што наведаць магілу маці ён не можа, бо сучаснае развіццё горада затаптала яго асабістую памяць. Усе гэтыя пачуцці далі нам дзівосна адчувальнага архітэктара Беларусі, які гаварыў аб вайне. Прычым такой мовай, якая была не фармальнай і не фарматнай па тым часе. Але важна, што яго філасофія асэнсавання ваенных падзей зразумелая многім. І не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Гэта культура памяці аб ваенных падзеях, якая разбурае межы. Персанальная культура, якая стала здабыткам грамадства.

— У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што ў тэме вайны Леанід Левін разбураў стэрэатыпы...

— Ніколі не зразумееш, што такое вайна, калі табе будуць казаць пра яе фармальна. Яго першыя помнікі (канец 1950-х — пачатак 1960-х), якія называлі камсамольскімі помнікамі — Фені Конанавай у Любані, Мікалаю Гастэлу ў Радашковічах, братам Цубам у Салігорскім раёне, падпольшчыкам Асінторфа, Колі Гойшыку ў Івацэвічах, — ужо тады парушалі звыклую прастору памяці. Усё-такі пасля вайны (не кажам, добра гэта ці дрэнна, мы проста канстатуем факт) усё было накіравана на ўстаноўку абеліскаў на трагічных месцах. Яго работы, у тым ліку ў складзе калектыву, разбурылі стэрэатып абеліска. Хатынь стала пераломнай у асэнсаванні вайны. Аўтары мемарыяла ўпершыню паказалі прастору вайны, а не кропку памяці, як у абелісках. Гэта было неабходна, і дзякуй богу, што так рабілі: калі б гэтыя месцы не былі ў свой час зафіксаваны абеліскамі, то тапаграфія памяці звузілася б. Хатынь стала першым месцам памяці, якое разбурыла стэрэатыпы. Калі б тры маладыя архітэктары — Градаў, Занковіч і Левін — не ўбачылі б так гісторыю знішчэння Хатыні, яна засталася б адной з вёсак, спаленых нацыстамі на акупаванай тэрыторыі. Хатынь жа стала сімвалам усіх знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны населеных пунктаў. Праз мастацкае, архітэктурнае мысленне аўтары расказалі аб трагедыі, знайшлі правільныя і шчырыя словы, якія пашыраюць межы фармальнага аповеду аб вайне. Хатынь стала першай асабістай гісторыяй кожнага загінулага жыхара ў гэтай вёсцы. Таму, калі мы кажам аб разбурэнні стэрэатыпаў, маецца на ўвазе не толькі мастацкае асэнсаванне, наватарства ў архітэктуры і мастацтве, але і тэмы, якія ўздымаў аўтар, ствараючы свае мемарыялы. І гэта не толькі Хатынь — гэта і яго больш сучасныя работы.

Мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкім раёне.

— Мемарыялы Леаніда Левіна канца 1980-х — пачатку 2000-х гадоў таксама нетыповыя для таго часу...

— Мы ўсе са школьных гадоў выхаваны на Шталагу-352, што ў Масюкоўшчыне. Аднак разумеем, што словы і факты, зафіксаваныя ў дакументах, для нас не матэрыялізуюцца, пакуль мы не наведаем гэтае месца, не ўбачым, як памяць увекавечана, пакуль не захочам вярнуцца сюды яшчэ раз. Аб'екты Леаніда Левіна нефармальныя з пункту гледжання наведвання іх 9 Мая, 3 Ліпеня, 22 Чэрвеня або ў гадавіну трагедыі. Незалежна ад даты, для людзей яны становяцца месцам роздуму. Леанід Мендэлевіч праўдзіва паказаў лёс ваеннапалонных. Шталаг-342 у Маладзечне — гэта таксама месца роздуму. Будучы там, пачынаеш уяўляць, як людзей сабралі пад адкрытым небам, прыніжалі іх годнасць, разумееш, што значыць аказацца на краі ямы, дзе кожны камень — нумар магілы. Ты бачыш камень пад нумарам 52 і думаеш, як гэта шмат, бо магілы былі вялікімі. Але ты ідзеш далей і бачыш камень пад нумарам 220... Крочыш па гэтым шляху і разважаеш. Гарадзея, месца знішчэння яўрэяў, — гэта таксама месца роздуму, сімвал памяці яўрэяў Беларусі. Вайна падзяліла жыхароў беларускіх вёсак на яўрэяў і неяўрэяў — аб гэтым нагадвае сцяна з акном, устаноўленая на гарызонце калгаснага поля, дзе была выкапана яма для знішчэння людзей. Гэта роздум над тым, як беларусы, палякі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія заставаліся ў вёсцы, з болем глядзелі на тых, каго вядуць на расстрэл, не ведаючы, што будзе з імі. А ўсе яўрэі Гарадзеі, якія ішлі на смерць, зазіралі ў вокны сваіх суседзяў, сяброў. Адна з апошніх яго работ — помнік на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, які ён ужо не ўбачыў. Праектныя работы, рэалізацыю задумкі мы разам са скульптарам Аляксандрам Шапо і архітэктарам Аляксандрам Капыловым завяршалі ўжо пасля яго сыходу. Вельмі важна ведаць гісторыю стварэння кожнага мемарыяла. Як казаў Леанід Мендэлевіч, Хатынь не з'явілася як грыб-баравік пасля дажджу.

Лёс Хатыні стаў іх лёсам

— Мала хто ведае, што на праект мемарыяла ў Хатыні быў аб'яўлены конкурс...

— І выйгралі яго маладыя архітэктары: Градаў, Занковіч і Левін. Гэта цікавая гісторыя. Усе ўдзельнікі прыязджалі ў Хатынь, слухалі Іосіфа Камінскага. Але толькі трое маладых, у добрым сэнсе дзёрзкіх, творчых людзей знайшлі такі вобраз Хатыні. Пры гэтым трэба разумець, што яны прыязджалі ў чыстую прастору, акружаную лесам. Там ужо стаяла скульптура — тыпавая, якая ўстанаўлівалася ў пасляваенны час. Гэта была скульптура жанчыны, якая смуткуе. Здаецца, як, будучы ў гэтых гектарах, можна было так убачыць, так адчуць. У гэтым і ёсць мастацтва. Няма рэцэпта, механізму геніяльных архітэктурных рашэнняў. Дарэчы, многія іншыя работы, якія ствараў Леанід Левін, у тым ліку ва Узбекістане, Украіне, Расіі, былі конкурснымі. У апошнія гады вельмі многае, у тым ліку Красны Бераг, ён ініцыяваў сам. Бацька ўмеў заразіць сваім аповедам аб той задумцы, якая нараджалася ў яго сэрцы і знаходзіла ўвасабленне ў архітэктурных эскізах, не толькі архітэктараў, мастакоў, скульптараў, беларускіх пісьменнікаў, а ўсіх, ад каго залежала прыняцце рашэнняў. Нават свае тлумачальныя запіскі да кожнага праекта, што было неабходна пры ўзгадненні, экспертызе, ён пісаў вельмі эмацыянальна — яны не ўпісваліся ў шаблон, які патрабуюць афіцыйныя дакументы. Але адна справа — расказаць, іншая — знайсці архітэктурнае адлюстраванне. Леанід Левін пісаў сваю архітэктуру. Ён быў і застаецца для мяне архітэктарам-філосафам, архітэктарам-пісьменнікам.

— Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — адзін з сімвалаў Беларусі, створаны ў тым ліку Леанідам Мендэлевічам. Сам архітэктар называў работу на праектам мемарыяла ў спаленай вёсцы адным з самых цікавых этапаў свайго творчага жыцця...

— Як пісаў Леанід Левін, усё іх жыццё было на гэтым маленькім кавалку зямлі ў Хатыні. Пры гэтым трэба разумець, што ў гэты час архітэктары працавалі і над іншымі аб'ектамі. Бацька з'яўляўся супрацоўнікам інстытута «Мінскпраект», і ў гэты час разам з Баткоўскім і Градавым яны рабілі павільён ВДНГ. Аднак большасць свайго часу яны прысвячалі Хатыні. Калі атрымалі Ленінскую прэмію ў 1970 годзе, бацьку было 33 гады. Яны былі вельмі маладыя. Ваенныя падзеі яшчэ свежыя — усё яшчэ датычылася кожнага з іх яго. Усё жыццё вайна датычылася бацьку.

Мемарыял «Шталаг-342» у Маладзечне.

— Ці праўда, што Леанід Левін вельмі шкадаваў, што не запісаў першых успамінаў Іосіфа Камінскага, які стаў правобразам няскоранага чалавека ў вядомай хатынскай скульптуры?

— Бацька лічыў гэта сваёй самай вялікай памылкай. Справа ў тым, што гэта быў першы аповед Камінскага. Бацька расказваў, што, калі Камінскі ўжо потым паўтараў трагічную гісторыю, а даводзілася гэта рабіць неаднойчы, усё гучала па-іншаму.

— Аб тым, як ствараўся сімвал усіх спаленых беларускіх вёсак, Леанід Левін напісаў у сваёй кнізе «Хатынь». Ён перадаў свае пачуцці, якія адчуваў падчас работы над мемарыялам, у дэталях узнавіў этапы яго стварэння. А ці памятае сям'я, як ён перажываў усю гэтую гісторыю?

— Пастаянна да кнігі вяртаюся, бо ў ёй адказы на многія, калі не на ўсе, пытанні. Ён факусіруе ўвагу на тым, што адчуваў. Бацька ўмеў бачыць галоўнае — у любым: і ў архітэктуры, і ва ўзаемаадносінах, і ў падзеях. У гэтай кнізе ён акурат расказвае галоўнае. Прычым у дробязях, дэталях. Па кожным яго запісе ў дзённіку можна аднавіць, што адбывалася ў Хатыні падчас праектавання і будаўніцтва мемарыяла. Калі стваралася Хатынь, я была вельмі маленькая, таму ў той час мне было вельмі складана нешта зразумець. Аднак добра памятаю, што ў сям'і закладваўся нефармальны аповед аб вайне. Вядома, я ведала крыху больш за тое, што было ў школьных падручніках. Бацька мяне вазіў у ліцейку, калі адлівалі дошкі і тэксты, заўсёды браў мяне маленькую ў Хатынь. Я мала што помню — мне было ўсяго пяць-шэсць гадоў.

— А якой была першая ўсвядомленая паездка ў Хатынь?

— Я памятаю вельмі добра, як бацька прыходзіў у школу, каб расказаць пра гісторыю Хатыні. Ленінскую прэмію ён атрымаў, калі я пайшла ў першы клас. Памятаю, як вазіў наш клас у мемарыяльны комплекс. Цяпер ты бачыш Хатынь на ўзроўні метр семдзесят, тады яна ўспрымалася хутчэй праз руку бацькі. Менавіта праз яго далонь я бачыла Хатынь. Расказваючы пра трагедыю вёскі, ён заўсёды знаходзіў нефармальныя словы. Так нават не складваюць словы ў сказы, як ён гаварыў аб вайне. Думаю, менавіта таму гэтая тэма зачапіла мяне, як і многіх маладых скульптараў, з якімі ён працаваў. У яго вучыліся памяці.

— Якія ўзаемаадносіны былі паміж творцамі, якія працавалі над мемарыялам? Леанід Левін пісаў, што лёс Хатыні стаў іх агульным лёсам...

— Яны былі захоплены гэтай работай, працавалі на адным дыханні. Інакш было проста немагчыма. Інакш не з'явілася б той Хатыні, якую мы ведаем. Для мяне гэта прыклад творчага і жыццёвага яднання калектыву. У кожнага склаўся лёс па-рознаму. Кожны потым займаўся сваёй работай. Тады Хатынь была для іх цэлым светам, у якім яны жылі, ствараючы ўнікальны твор архітэктуры. Бацька і Юрый Градаў вельмі сябравалі, гэта была больш чым работа. Здараліся і паездкі ў лес па грыбы, і святкаванні дзён нараджэння... Дарэчы, Ленінскую прэмію калектыў атрымаў не ў галіне мастацтва або культуры, а за архітэктуру. На той час гэта было прызнанне архітэктуры Беларусі. Вышэйшай па тым часе ўзнагароды не было. Як казаў Леанід, гэта быў «Оскар» у галіне архітэктуры.

— З першых дзён праектаванне і будаўніцтва мемарыяла ў Хатыні курыраваў Пётр Машэраў. Як на гэта рэагавалі мастакі?

— Пётр Міронавіч неаднойчы быў у гэтай майстэрні (творчая майстэрня архітэктара Леаніда Левіна. — «Зв».). Машэраў добра ведаў, што адбылося на акупаванай тэрыторыі Беларусі, таму разумеў, чаму важна захаваць памяць аб мірных жыхарах, якія загінулі падчас вайны. Мемарыял у Хатыні стаў першым помнікам на савецкай прасторы, які расказаў аб трагедыі чалавека. Неабароненага чалавека. Машэраў быў тым, хто ведаў мінулае (блізкае мінулае) і бачыў далёкую будучыню. Невыпадкова ён падтрымліваў мастакоў у пошуку нетрывіяльных ідэй, разумеў іх творчыя задумы, адчуваў, што неабходна менавіта так, як яны прапаноўваюць.

Гаварыў так, што яго чулі

— Тэма трагедыі яўрэяў, Халакосту, займала асаблівае месца ў творчасці архітэктара...

— Усё жыццё ў Леаніда Левіна была ўнутраная адказнасць — расказаць, што адбывалася з яўрэямі на тэрыторыі Беларусі. Гэтая тэма таксама некаторы час была невядомая: і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, і за мяжой. І ён разам з былымі вязнямі Мінскага гета пачынае ініцыяваць стварэнне мемарыяла «Яма». Не ўсё ўдалося рэалізаваць, але гэтая работа — таксама парушэнне стэрэатыпаў. «Хатынь» расказала свету аб трагедыі людзей, спаленых у сваіх вёсках. «Яма» адкрыла ўсёй сусветнай супольнасці трагедыю беларускіх яўрэяў, знішчаных падчас Другой сусветнай вайны. Больш як 800 тысяч яўрэяў-жыхароў Беларусі былі знішчаны толькі таму, што былі яўрэямі. Сёння мы разумеем, што гэта лічба можа быць большай — Генеральная пракуратура ўстанаўлівае ўсё новыя факты генацыду ў дачыненні да мірнага насельніцтва.

Мемарыял на месцы вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне, дзе 22 мая 1943 года карнікі зажыва спалілі людзей.

— Першым Леанід Левін расказаў і аб трагедыі дзяцей у гады вайны. Чым было абумоўлена стварэнне помніка дзецям-ахвярам фашыстаў у Красным Беразе?

— Бацька лічыў несправядлівым, што сярод створаных помнікаў ключавым падзеям вайны, военачальнікам не было помніка дзецям. Леанід Левін хацеў адкрыць свету трагедыю дзіцяці ў гады вайны. Для бацькі было важна не проста паставіць скульптуру маці з дачкой або з сынам, або з дзецьмі. Мы разумеем, што жаночае сэрца не адраджаецца пасля смерці дзяцей. Аднак такі ж боль адчувалі і мужчыны. Згадаць таго ж Іосіфа Камінскага. Сам факт таго, што ён выжыў, сведчыць аб тым, што і мужчыны шмат перажывалі: будучы на фронце, яны ведалі, што людзей знішчаюць у гета, што іх сёстры і маці, якія заставаліся на акупаванай тэрыторыі, гінулі ў партызанах, да іх даходзілі звесткі, што карнікі палілі вёскі... Мемарыял у Красным Беразе стаў сімвалам лёсу дзіцяці ў гады вайны. Гэта рэтраспекцыя ў вайну праз сучаснасць: пусты клас, дошка, карта Беларусі з указаннем месцаў знішчэння людзей, яблыневы сад, плошча сонца з дзіцячымі малюнкамі. Можна было паставіць там помнік маці і дзецям, але бацька не пайшоў шляхам стэрэатыпаў. Ён прапанаваў пры ўваходзе ўстанавіць скульптуру дзяўчынкі — «Неабароненае дзяцінства», якую вельмі тонка і па-майстэрску зрабіў скульптар Аляксандр Фінскі. Мы бачым дзяўчынку без бацькоў. Не з маці — калі побач стаіць маці, у дзіцяці ёсць нейкі спакой. Мы ж бачым дзяўчынку, дзіця, якое адно засталося ў гады вайны. І так было. Мемарыял прысвечаны не толькі дзецям, якія загінулі або прайшлі праз перасыльны лагер у Красным Беразе, а, як ён сам напісаў, — усім дзецям, у якіх адабралі дзяцінства. Асабістыя перажыванні былі асновай яго творчасці. Асабісты боль Леаніда Мендэлевіча лёг у апошні праект — Трасцянец.

— Я памятаю, як на адной з мінскіх пляцовак майстар прадстаўляў праект рэканструкцыі ўрочышча Благаўшчына (частка мемарыяльнага комплексу «Трасцянец»), дзе ў гады вайны адбываліся масавыя расстрэлы яўрэяў Мінскага гета, а таксама дэпартаваных яўрэяў з Германіі і Аўстрыі. Аднак рэалізаваць задуманае архітэктар ужо не паспеў...

— Самае галоўнае, што ён пакінуў ідэю і пасыл: гэта павінна быць зроблена. У 2013 годзе ў прысутнасці архітэктараў, скульптараў ён прадставіў эскізны праект гораду, грамадскасці, а 1 сакавіка 2014 года яго не стала. Мы разумелі, што работа ў Благаўшчыне-Трасцянцы можа спыніцца з яго сыходам з жыцця і трансфармавацца ў нерэалізаваную ідэю. Але ж зрабілі галоўнае. На жаль, скульптуры не ўсталяваны па фінансавых прычынах. Спадзяюся, што ўсё будзе завершана. Мемарыял у Трасцянцы быў задуманы як мемарыял агульнай памяці. Беларусь зрабіла ўсё, каб гэты факт генацыду, Халакосту, у дачыненні да мірных людзей быў зафіксаваны.

— Хатынь, Шунеўка, Красны Бераг, мінская Яма, мемарыял «Прарыў» ва Ушачах — мемарыялы, непадобныя адзін на аднаго. Аднак выклікаюць адны і тыя ж пачуцці — жах і боль. А ці быў у Леаніда Левіна асаблівы мемарыял, якім месцам памяці найбольш даражыў?

— Хатынь стала яго жыццём. Яна была заўсёды з ім. Хатынь не скончылася для бацькі 1970 годам. У яго творчай майстэрні рабіліся ўсе рэканструкцыі, якія праводзіліся да цяперашняга моманту. Людзі, якія працавалі ў мемарыяльным комплексе, заўсёды прыходзілі да яго ў майстэрню па параду. Ён беражліва адносіўся да Хатыні, да рэстаўрацыі — з'яўленне новых элементаў для яго ўвогуле было немагчымым. Леанід Левін быў анёлам-ахоўнікам Хатыні. Шмат пісаў аб ёй, адкрываў Хатынь для тых, хто прыязджаў у Беларусь. І, знаходзячыся за мяжой, заўсёды расказваў пра Хатынь: умеў гаварыць так, што яго не проста слухалі, а чулі. Адгукаўся на прапановы і сустракаўся з рознымі людзьмі: прадстаўнікамі дзяржаўных дэлегацый, групамі з іншых краін, якія прыязджалі ў Хатынь, дзецьмі. Не мела ніякага значэння, хто перад ім: бацька заўсёды быў адкрытым і дзяліўся сваім аповедам аб Хатыні. Мы вельмі беражліва захоўваем усё, што было створана: яго эскізы, абмеры ў мемарыяльным комплексе. Спадзяёмся, што ў далейшым гэта будзе цікава, і, магчыма, з'явіцца кніга «Хатынь Леаніда Левіна», выпушчаная ўжо сучаснікамі. Плануем у архітэктурнай майстэрні Леаніда Левіна правесці прэзентацыю эскіза Хатыні 1960-х гадоў: усе ахвотныя змогуць прыйсці і ўбачыць эскіз, створаны творча смелымі маладымі людзьмі — Градавым, Занковічам і Левіным.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з асабістага архіва Галіны ЛЕВІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».