Вы тут

Аб'ём утварэння адходаў залежыць ад узроўню жыцця насельніцтва і эканомікі


Аб'ём утварэння адходаў залежыць найперш не ад таго, якім чынам іх збіраюць, а ад узроўню жыцця насельніцтва і эканамічнага развіцця краіны. Чым вышэйшы дабрабыт, тым больш адходаў утвараецца. Прычым узрастае якраз-такі аб'ём палімерных адходаў, а арганічных — меншае, упэўнены Іван Бараноўскі, намеснік дырэктара Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі:


Фота аўтара.

— У краме людзі набываюць гатовыя харчы ў прыгожай упакоўцы. І яна імгненна становіцца адходамі, як толькі ежа ўжытая. Папяровых адходаў становіцца менш, бо друкаваныя рэсурсы ў многім замяніў інтэрнэт. Тым не менш каля 450 тысяч тон паперы і кардону ў Беларусі штогод ствараецца.

Высокі працэнт збору і шкла, асабліва пасля ўводу ў 2020 годзе прынцыпу пашыранай адказнасці вытворцаў і пастаўшчыкоў для асобных відаў тавараў. Механізм яго дзеяння мае на мэце павелічэнне памеру платы для вытворцаў і пастаўшчыкоў пластыкавай тары і зніжэнне такой платы для тых, хто пастаўляе і вырабляе экабяспечную ўпакоўку. Дзякуючы такому механізму эканамічнага стымулявання збор другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) у Беларусі павялічыўся ў разы.

Згодна з законам, уласнік адходаў — чалавек, які іх стварыў. Як толькі смецце вынесена на пляцоўку ў кантэйнер, правы ўласнасці на яго аўтаматычна пераходзяць да арганізацыі, якая займаецца іх зборам на пэўнай тэрыторыі. Крадзеж ДМР з кантэйнера іншымі асобамі — гэта ўжо парушэнне заканадаўства, якое пераследуецца.

З іншага боку, людзі, якія збіраюць другасную сыравіну (не толькі з кантэйнераў, але і з іншых месцаў, дзе яе проста выкідваюць неабачлівыя асобы) і здаюць яе на нарыхтоўчыя пункты, ствараюць значную частку аб'ёму ДМР. Таму, пакуль у нас няма дастатковай колькасці прамысловых магутнасцяў для сартавання ўсіх адходаў, такія «санітары горада» робяць добрую справу, мяркуе спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.