Вы тут

Смачна і «ніякай хіміі». Даведаліся, якія прысмакі можна купіць «па дарозе»


Дасведчаныя вандроўцы заўсёды закладваюць у бюджэт любой аўтамабільнай паездкі выдаткі на пакупкі: на прыдарожных рыначках, якія ўзнікаюць уздоўж трас, часам можна набыць тое, што не купіш больш нідзе. З надыходам вясны прыдарожныя міні-рынкі ажываюць. Удакладняем, што і пачым можна зараз купіць «па дарозе»?


Дарэчы, не такі ўжо прыдарожны гандаль у нашы дні нецывілізаваны. Некалькі гадоў таму было прынята рашэнне аб арганізацыі міні-рынкаў каля вёсак, каб вяскоўцы маглі прадаваць лішкі са свайго саду-агарода. Такіх і было абсталявана ў дастатку (звыш як 250 толькі ў сталічнай вобласці, больш за 40 з іх — каля магістральных і рэспубліканскіх аўтадарог: відавочна, што чым больш ажыўлены рух па трасе, тым байчэйшы гандаль). Словам, стыхійны гандаль у нашы дні практычна перастаў быць стыхійным. Вядома, восенню, падчас збору ўраджаю, імправізаваныя «прылаўкі» з табурэтак і скрынь узнікаюць нават на невялікіх дарогах мясцовага значэння. І ўсё ж на сёння прыдарожны гандаль у асноўным перамясціўся на спецыяльна абсталяваныя гандлёвыя пляцоўкі — прылаўкі пад навесамі. І гэта, безумоўна, плюс не толькі для тых, хто прадае — яны абароненыя ад ветру і ападкаў, але і для кіроўцаў. У мінулыя гады Дзяржаўтаінспекцыя пастаянна папярэджвала і тых, хто едзе па трасе, і тых, хто прадае сельгаспрадукцыю на яе абочыне, аб небяспецы прыдарожнага гандлю. Супрацоўнікі ДАІ казалі, што ў патоку машын кіроўцы памяншаюць хуткасць і перастройваюцца на іншую паласу, адцягваюць увагу ад дарогі, імкнучыся разглядзець, што прадаюць. Спыніўшыся на супрацьлеглым баку трасы, перабягаюць дарогу ў неўстаноўленым месцы. Прадаўцы часам усталёўваюць прылавак вельмі блізка да дарогі, каб з акна машыны лягчэй было разгледзець іх тавар. І ўсё гэта правакуе магчымасць ДТЗ. Менавіта таму навесы з прылаўкамі звычайна размешчаны ў дарожных «кішэнях» — кіроўца з'язджае з трасы, можа спакойна прыпаркавацца і рабіць пакупкі, не ствараючы аварыйную сітуацыю.

«Экаяйкі» па чатыры пяцьдзясят

На трасе Р-28 прыдарожны гандаль пачынаецца кіламетраў праз 35—40 пасля МКАД. «Першыя ластаўкі» — за кіламетр-два да абсталяванага міні-рынку — табурэткі, выстаўленыя да дарогі (яйкі, яблыкі, казінае малако і тварог).

— У мяне дзясятак яек па чатыры рублі, там далей па пяць будуць, — папярэджвае праз плот гаспадыня. — Наогул, цяпер яйкі па 5 рублёў усюды па вёсцы прадаюць, проста ў мяне апошні дзясятак.

Яблыкі яна прапануе і зусім задарма: рубель пяцьдзясят — пяцілітровае вядзерца. Кажа, летам шмат нарасло, зімой добра захаваліся, «вазьміце хоць на сок!» Але ў асноўным за свежыя яблыкі позніх гатункаў са свайго саду цяпер уздоўж дарог просяць ад трох да пяці рублёў за вядзерца.

Гаспадар імправізаванага прылаўка праз два дамы ад яе разводзіць рукамі:

— Яек сёння ўжо няма. Купілі. Па чатыры пяцьдзясят аддаў. Яек заўсёды толькі дзясятак выношу на продаж, гэта ж не птушкафабрыка. Тваражок пакуль не прадаў — ён таксама зусім свежы, пакаштуйце...

Яйкі на такіх рынках — запатрабаваны тавар, які разбіраюць у першую чаргу. Аказваецца, любы, хто разводзіць курэй, лёгка адрозніць «сапраўднае» яйка ад фабрычнага — і не, не па наяўнасці або адсутнасці кляйма на шкарлупіне. І нават не па колеры жаўтка — патрэбнай яго яркасці ў сучасных умовах можна дамагчыся на любой птушкафабрыцы пры дапамозе дабавак да камбікорму. Аказваецца, у вясковых «экаяек» шкарлупіна танчэйшая, чым у фабрычных. Яна не гладкая, а шурпатая, і яйкі ў дзясятку — рознага памеру і колеру. Ну, а галоўнае адрозненне першых ад другіх — тое, што куры на «свабодным выгуле» спажываюць натуральную ежу (траву, насякомых, слімакоў) і атрымліваюць карысныя рэчывы, дзякуючы якім і яйка становіцца карысным, сказаў суразмоўца.

Зараз яйкі на міні-рынках у дэфіцыце. У натуральных умовах утрымання куры добра нясуцца толькі ў цёплы час. Узімку, каб яек было столькі ж, патрэбны спецыяльны корм... Але цяпер будзе станавіцца цяплей, і яек на продаж на міні-рынках, адпаведна, будзе ўсё больш. З мінулага года цэны на іх выраслі на пяцьдзясят капеек—рубель:
у 2022-м дзясятак звычайна аддавалі па 4 рублі, распавялі мне.

Купляць яйкі «з рук», вядома, рашаецца не кожны — цалкам разумна для спажыўца баяцца сальманелёзу, ад якога ты застрахаваны, купляючы яйкі ў краме. І ўсё ж, кажа мужчына, пакупнікоў заўсёды хапае. І пра яйкі яны пытаюцца пастаянна.

«Закаткі добра купляюць»

Упарадкаванне прыдарожнага гандлю пацягнула за сабой і пэўны кантроль тавару, выстаўленага на продаж. Так, яго «арганічнасць» і «аўтэнтычнасць» цяпер пакупніку гарантаваная. Перапродаж на такіх гандлёвых пляцоўках не дапускаецца. Каб мець права гандляваць на прыдарожных міні-рынках, трэба атрымаць даведку ў сельскім выканаўчым камітэце аб тым, што вы — уласнік зямельнага ўчастка. Прадстаўнікі сельвыканкама фіксуюць, што на вашым участку вы вырабляеце тую сельгаспрадукцыю, лішкі якой і будзеце прадаваць. Напрыклад, што ў вас ёсць пчальнік, або вы трымаеце парсючкоў, або вырошчваеце буякі... Так што на такіх міні-рынках вам не прапануюць тое, што раніцай купілі на аптовым рынку — толькі тое, што вырашчана сваімі рукамі. Іншымі словамі, тое, што ўжывае і сам прадавец, і яго сям'я.

Зразумела, купляючы «па дарозе», важна аддаваць сабе справаздачу, што прадукты харчавання, якія прадаюцца ўздоўж трас, не праходзяць жорсткага кантролю якасці і бяспекі. У групе рызыкі — малочныя прадукты, сала, мяса і каўбасы, яйкі і, вядома, хатнія закаткі. А яны на пачатку вясны — адзін з галоўных тавараў прыдарожнага гандлю. І пакуль медыкі катэгарычна не раяць набываць закаткі, якія прадаюць у месцах стыхійнага гандлю, у прадаўцоў — свая праўда. Урачы кажуць, што такія «прысмакі» могуць надоўга пакласці ў бальнічную палату: у анаэробных умовах цэлы шэраг патагенных мікраарганізмаў здольны актыўна развівацца і вылучаць таксіны, якія выклікаюць атручэнне. Прадаўцы на гэта адзначаюць: маўляў, вось жа мы, заўсёды тут, хаты нашы побач з міні-рынкам, знайсці нас лёгка, калі што не так. І раз гандлюем спакойна ўжо не першы год і нават маем «пастаянных кліентаў», значыць, закаткі нашы пакупнікі ядуць і нахвальваюць.

— Гатую і на продаж, і для сваёй сям'і аднолькава, — кажа пенсіянерка, якая прапануе закаткі на адным з прыдарожных міні-рынкаў пад Маладзечнам. — Мы нясём поўную адказнасць за сваю прадукцыю — можа, нават большую, чым прадаўцы на любым мінскім рынку або ў краме.

Ці можна зарабіць на закатках у нашы дні?

— Можна. Закаткі добра купляюць, — распавядае Наталля (яна гандлюе на прыдарожным рынку на трасе Р-28). — Было 115 слоікаў агуркоў, цяпер ужо два слоічкі ўсяго засталося, астатнія за зіму прадала. У месяц больш за 100-150 рублёў на закатках можна зарабіць. Калі ставіць увосень, як я, дзве тысячы слоікаў... Таматавы сок вельмі добра ідзе, марынаваныя памідоры, агуркі.

Асартымент закатак — леча, салат, самых розных аджык і салянак, грыбных асарці — на прыдарожным рынку на выездзе з сяла Краснае сапраўды надзвычайны. У сярэднім за паўлітровы слоічак тут просяць 5—6 рублёў. Вельмі шмат варэння — з малін (лясных і садовых), вішань, чарніц, брусніц, клубніц, сліў...

— Учора заязджала жанчына, некалькі слоікаў слівовага варэння купіла, сёння ўзяў з запасам, — дзеліцца прадавец.

Самая «складаная» і дарагая закатка звычайна не перавышае па цане 7—8 рублёў. Трохлітровая банка вішнёвага кампоту, праўда, абыдзецца пакупніку ў дзясятку.

— Можна было б і танней аддаць, але трохлітровы слоік каштуе 3 рублі, — кажа жанчына за прылаўкам. — Была б у вас банка наўзамен, аддала б кампоцік па сем рублёў. Нават па шэсць...

Дарагоўля тары ўплывае і на кошт кіслай капусты — прадаўцы кажуць, саступілі б вядзерца за тры, але само вядзерца каштуе паўтара рубля, так што аддаюць па чатыры.

Капуста, дарэчы, у кожнага прадаўца — па ўласным фірмовым рэцэпце. І — са свайго агарода.

Паўлітровы слоічак марынаванага шчаўя — дзе тры, а дзе чатыры рублі. Столькі ж — палова літра марынаваных падзялёнак. Лісічкі будуць даражэйшымі — у сярэднім 5-6 рублёў за паўлітровы слоік.

У вас тавар, у нас купец

Што яшчэ ў асартыменце? З цікавага, напрыклад, — ператоплены свіны тлушч. Той самы смалец, за які сёння выступаюць дыетолагі ў процівагу звыкламу для гараджаніна смажанню на раслінных алеях (імі лепш салаты запраўляць). Успамінаю, як кіраўнік Гільдыі кухараў Беларусі распавядаў, што любіць гатаваць на смальцы (дык вось, аказваецца, як гэты смалец выглядае: беласнежны і без паху) — маўляў, гэта здаровы і карысны прадукт, і ніякіх канцэрагенаў пры награванні.

— Я таксама заўсёды на смальцы гатую, — заўважае прадавец Васіль Іванавіч.

Смалец ён прапануе за ўсё тыя ж 5 рублёў — паўлітровы слоік.

Самы дарагі прадукт на яго прылаўку (і ў цэлым на прыдарожным рынку) — напэўна, мёд: 20 рублёў за літр.

— Гэта майскі, а гэта — ліпеньскі збор. Адразу з медагоначкі ліўся ў слоік, таму — бачыце? — фруктоза выступіла. Ён не грэўся, ніяк не апрацоўваўся — самы сапраўдны, карысны мёд, — тлумачыць суразмоўца.

Прыцягваюць увагу прыгожыя, важкія залатыя і фіялетавыя звязкі цыбулі — іх хочацца купіць нават проста як упрыгожванне кухні. Адзін такі звязак «зацягвае» на 2—3 кг.

— А яшчэ ў мяне вельмі шмат рознага часнаку. Вось гэты — яравы. А вось сушаны. Калі перамалоць яго ў кавамолцы і дадаць у мяска або каўбаску — водар проста надзвычайны! — распавядае Васіль Іванавіч.

Важкі мяшок марожанага гарбуза, вычышчанага і парэзанага кубікамі, абыдзецца пакупніку ў 2 рублі. Ну, а сушаныя яблыкі і грушы (апошнія храбусцяць і падобныя на чыпсы) вам шчодра насыплюць у падстаўленыя коўшыкам рукі — спрабуйце!

— Колькі каштуе сушаная груша? А я не ведаю, — усміхаецца жанчына за прылаўкам. — Ну, колькі дасце...

У будні рух на дарозе ажыўлены: спыняюцца каля прылаўкаў і дальнабойшчыкі, і першыя дачнікі, якія вырашылі наведаць свае «соткі» пасля зімы, і наогул усе, чый шлях ляжыць у бок Вілейкі і Нарачы або адтуль — у Мінск.

На такіх міні-рынках прадаўцы не абвешваюць і не аблічваюць, а пакупнікі не асцерагаюцца, што «добрае пакладуць толькі зверху» — наадварот, тут усё трымаецца на даверы. Гэта рынак у сваім першапачатковым выглядзе: у вас тавар, у нас купец. У прадаўцоў вагаў або бязмена часцяком і зусім няма, усё мераецца «на вока», вядзерцамі і слоікамі. Ды і цэны, пагадзіцеся, невысокія, асабліва калі ўявіць, колькі працы ўкладзена, каб усё гэта вырасціць і прыгатаваць. Тым больш што таргавацца на такіх рынках, як на ўсходнім базары, не забараняецца і нават вітаецца. Таму што адна з галоўных функцый прыдарожнага гандлю — чалавечыя зносіны, магчымасць з некім паразмаўляць.

— Мы ўсе людзі пажылыя, вы бачыце. Мне 68, ёй — 80, далей вунь — 65. Сумна ўвесь час сядзець перад тэлевізарам. А тут мы і пагаварыць можам, і на людзей паглядзець, — усміхаецца пенсіянерка за прылаўкам.

Справа ў тым (тлумачыць суразмоўніца), што, калі легчы і нічога не рабіць, так і застанецца толькі памерці. Не, трэба жыць, працаваць, і гэта — сакрэт даўгалецця, упэўнена яна. І да таго ж, «хіба ж такое ў краме купіш? Тут толькі натуральныя прадукты, ніякай хіміі!»

У размову ўступаюць ахвотна, «скінуць цану» лёгка згаджаюцца, а ўпадабанаму пакупніку яшчэ і дадуць што-небудзь у дадатак бясплатна, пакаштаваць. Не задаючыся пытаннем, ці вернецца ён яшчэ калі-небудзь да гэтых прылаўкаў.

Гандлююць цяпер на прыдарожных рынках, зразумела, і вясковым прадуктам нумар адзін — салам. «Белым» і з мяснымі праслойкамі. А таксама «пальцам пханай» каўбаскай — адным з брэндаў сапраўднай беларускай кухні. Па яе дарогу сюды праклалі ўжо многія мінчане, расказалі прадаўцы. Сала на мінскіх рынках сёлета б'е ўсе рэкорды — у студзені цана даходзіла аж да 32—33 рублёў за кілаграм. Наталля трымае парсючкоў сама. І цану можа выстаўляць любую. Сала прадае па 24 рублі за кіло, вэнджанае — па 26 рублёў.

— А каўбаску ўсю разабралі. І паляндвічку таксама ўжо ўсю сёння прадала. Ды вы спрабуйце, — і яна шчодра адразае лусту сапраўды вельмі смачнага сала.

Наталля распавядае, што, акрамя парсючкоў, трымае бычкоў, бройлерных курэй, трусоў.

— Як жа вы ўсё паспяваеце: і гаспадарка такая вялікая, і сад-агарод, і закаткі, і на рынку стаяць? Тым больш цяпер ужо мала хто ў вёсках гаспадарку трымае...

— Напэўна, прывыкла працаваць... Мне пашанцавала: побач муж і сын, усё робім разам. Муж працаваў дальнабойшчыкам. У адзін дзень усё абарвалася: стаў інвалідам першай групы. Кажа, што ж цяпер рабіць, гарэлку піць? І заняўся гаспадаркай. Я выйшла на пенсію: у красавіку будзе ўжо год, як не працую. Унукаў у нас пакуль няма: дачка нядаўна выйшла замуж (яна жыве ў горадзе), сын яшчэ не ажаніўся. Так што часу на ўсё хапае, і працоўных рук таксама. Летась пасадзілі 100 кустоў буякоў — сын вырашыў, што гэта цікава і перспектыўна. Так што са мной блізкія людзі, гатовыя падтрымаць і дапамагчы. І сумаваць на пенсіі няма калі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».