Вы тут

Дзінара Алімбекава-Смольская — пераможца Кубка Садружнасці


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Фота з архіўных крыніц

Турнір тыдня. У цэнтры зімовых відаў спорту «Жамчужына Сібіры» ў Цюмені прайшоў заключны этап Кубка Садружнасці па біятлоне, удзел у якім узялі наймацнейшыя спартсмены Беларусі і Расіі. Лідарам агульнага заліку стала беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава-Смольская. За 17 асабістых гонак падчас Кубка алімпійская чэмпіёнка 2018 года набрала 1750 балаў. Другое і трэцяе месцы занялі расійскія спартсменкі Вікторыя Сліўко (1680 балаў) і Ірына Казакевіч (1672 балы) адпаведна.

З перамогай у агульным заліку Кубка Садружнасці Дзінару Алімбекаву-Смольскую павіншаваў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «На працягу ўсяго сезона Кубка Садружнасці вы дэманстравалі прыклад прафесіяналізму. Ваша перамога ў агульным заліку — вынік працы ўсёй біятлоннай каманды ў гэтым турніры. Вы паказалі прыклад і для маладых атлетаў, для якіх Кубак Садружнасці — выдатная магчымасць зарэкамендаваць сябе на стартах высокага ўзроўню», — гаворыцца ў віншаванні. Кіраўнік НАК Беларусі пажадаў Дзінары Алімбекавай-Смольскай моцнага здароўя, новых перамог і ўсяго самага добрага!

У топ-3 мужчынскага агульнага заліку ўвайшоў Антон Смольскі. Лідар беларускай каманды з сумай у 1481 бал размясціўся на трэцяй пазіцыі, уступіўшы Эдуарду Латыпаву і Карыму Халілі.

Заключнай гонкай міжнароднага турніру стаў мужчынскі мас-старт. Беларус Мікіта Лабастаў перасёк фінішную лінію трэцім.

Няўдача тыдня. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» пацярпеў паражэнне ў серыі першага раўнда плэй-оф Кубка Гагарына і завяршыў выступленне ў сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. У чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі «зубры» сустракаліся з найлепшай камандай рэгулярнага чэмпіянату — санкт-пецярбургскім СКА. Першая гульня серыі да чатырох перамог завяршылася на карысць мінчан (6:4), два наступныя матчы засталіся за «армейцамі» (5:2 і 4:0). У чацвёртым паядынку мінчане аднавілі парытэт (4:2), але ў вырашальнай пятай гульні саступілі «армейцам» (6:3).

У гісторыі «Дынама-Мінск» гэта трэцяе запар паражэнне ў першым раўндзе плэй-оф КХЛ менавіта ад СКА. У двух папярэдніх сезонах «зубры» прайгравалі серыі з вынікам 1:4 і 0:4. Хакеісты з Санкт-Пецярбурга сталі пятай камандай лігі, якая выйшла ў наступную стадыю Кубка Гагарына. Раней пуцёўкі ў другі раўнд плэй-оф заваявалі «Лакаматыў», «Авангард», «Адмірал» і «Ак Барс».

Аб’ява тыдня. Міжнародная федэрацыя фехтавання (FІE) адобрыла вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў на спаборніцтвы пад сваёй эгідай. Рашэнне прынята на пазачарговым кангрэсе FІE, які прайшоў 10 сакавіка. За вяртанне беларусаў і расіян на міжнародныя старты выступілі 89 удзельнікаў пасяджэння, супраць — 46 галасоў. Пастанова павінна набыць моц у другой палове красавіка 2023 года — да чэмпіянату свету па фехтаванні, які пройдзе ў Мілане ў ліпені. Магчымасць спаборнічаць на турнірах FІE пад нацыянальнымі сцягамі Беларусі і Расіі будзе залежаць ад наступнага рашэння МАК.

Перамога тыдня. Беларускія каманды сталі найлепшымі па выніках сезона Лігі дружбы па баскетболе 3×3, арганізаванага канцэрнам «Расэнергаатам». Па выніках шасці этапаў першае месца заняла нацыянальная зборная Беларусі, за якую ў фінальным туры ў Смаленску выступалі Сяргей Вабішчэвіч, Ян Марынін, Максім Каратцоў і Кірыл Васкаўцоў. Сярэбранымі прызёрамі сталі баскетбалісты «Астраўца», які прадстаўлялі Вацлаў Бугаёў, Кірыл Валодзькін, Раман Верабей і Аляксандр Кудраўцаў. Бронзавыя ўзнагароды Лігі дружбы дасталіся спартсменам расійскага «Байкала».

Старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў адзначыў, што Ліга дружбы — выдатны турнір. У ім беларускія і расійскія баскетбалісты атрымліваюць цудоўную спаборніцкую практыку і павышаюць сваё майстэрства.

Каманда тыдня. Гандбалісты зборнай Беларусі правялі таварыскія матчы супраць зборнай Расіі на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны». У першым матчы наймацнейшымі аказаліся гаспадары — 29:26. Самым выніковым у складзе беларусаў стаў Мікіта Вайлупаў, які 11 разоў паразіў вароты гасцей. Другі таварыскі матч скончыўся нічыёй — 29:29. Найлепшым бамбардзірам матча зноў стаў беларус Мікіта Вайлупаў.

Медалі тыдня. У сталіцы Ірана Тэгеране завяршыўся Міжнародны турнір па дзюдо для жанчын у рамках Наўрузскіх гульняў — 2023. Выступіла і беларуская зборная па дзюдо. Чэмпіёнкамі сталі Ксенія Даніловіч (вагавая катэгорыя да 52 кг), Ульяна Мінянкова (да 57 кг), Яна Макрэцкая (да 63 кг), Анастасія Сямёнава (да 70 кг) і Дар’я Канцавая (звыш 70 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».