Вы тут

Для ідэальных чытачоў у Паднябеснай


Адкрывае кнігу падборка апавяданняў лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алеся Бадака: «Ідэальны чытач», «Уцёкі на край дажджу», «Па той бок адлюстравання», «Інструкцыя па спакушэнні незамужніх жанчын». Вядомы беларускі празаік Андрэй Федарэнка прадстаўлены творамі «Пеля», «Алеся». Таксама ў зборніку — паэзія і проза лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раісы Баравіковай, лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктара Шніпа, Алега Ждана-Пушкіна і іншых паэтаў і празаікаў.


Перакладчыкамі на кітайскую мову выступілі доктар філалагічных навук, прафесар Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Чжан Хуэйцінь, магістр па спецыяльнасці «пераклад», загадчык кафедры рускай мовы Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Хань Сяо, магістр па спецыяльнасці «пераклад», выпускніца Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, карэспандэнт канала CGTN на рускай мове Медыякарпарацыі Кітая Сінь Мэн, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сунь Ффньці.

Падзею для газеты «Звязда» каментуе доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь:

— Знаёмства з сучаснай літаратурай Беларусі — прэстыжны кірунак развіцця мастацкага перакладу ў Кітаі. Так склалася, што нашы актыўнасці ў знаёмстве з сённяшнімі здабыткамі беларускіх паэтаў і празаікаў маюць свае вытокі ў 2015 годзе. Менавіта тады ва ўніверсітэце ў Цэнтры даследаванняў Беларусі адбылося знаёмства з кіраўніком Выдавецкага дома «Звязда» пісьменнікам Алесем Карлюкевічам. Пасля ў фарматах анлайн і афлайн мы пазнаёміліся са многімі журналістамі, пісьменнікамі вашай краіны. Была вялікая публікацыя твораў беларускіх аўтараў у кітайскім часопісе «Захад». Ва ўніверсітэце мы выдалі кнігу нарысаў пра дзесяць знакамітых асоб Беларусі... Вельмі істотна на нараджэнне кнігі «Выбраныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў» паўплывала і тое, што паступова ў нашым Цэнтры сабралася не такая і малая бібліятэка, у некалькі сотняў асобнікаў, з кніг паэтаў і празаікаў Беларусі. Дапамаглі ў яе фарміраванні і Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда». Заўсёды мы адчуваем падтрымку Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У памяці — сустрэча на адной з кніжных выставак у Пекіне з намеснікам міністра Ігарам Бузоўскім. Атмасфера зносін, знаёмства з арыгінальнымі выданнямі беларускіх аўтараў паступова паўплывалі на стварэнне асяродкаў зацікаўленых перакладчыкаў. Мы трымалі ў памяці памкненні развіваць увагу да беларускага мастацкага слова з боку такога нашага папярэдніка, як перакладчык Гаа Ман, які яшчэ ў 1958 годзе разам з Гэ Баоцюанем пераклаў і выдаў кнігу выбранай паэзіі Максіма Танка. Сёння такой зацікаўленай творчай асобай можна па праве лічыць магістра па спецыяльнасці «пераклад», загадчыка кафедры рускай мовы Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Хань Сяо. Я рада, што ёсць такія паплечнікі.

У дадатак да добрай навіны — яшчэ адна падзея на ніве беларуска-кітайскіх зносін: у перакладзе на кітайскую мову выйшла аповесць Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер». А ў 2023 годзе павінна ўбачыць свет кніга аповесцяў і апавяданняў Алеся Бадака.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.