Вы тут

Пабудуем — будзем жыць


Сёлета ў Пінскім раёне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 21,5 тысячы квадратных метраў жылля. Для забеспячэння грамадзян, якія маюць жаданне пабудаваць дамы ў сельскай мясцовасці, распрацоўваюцца праекты на кварталы індывідуальнай забудовы ў аграгарадках. Адначасова працягваецца ўзвядзенне шматкватэрных дамоў.


Паводле інфармацыі начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрыя БУШЫКА, першы шматкватэрны квартал узводзяць у прыгараднай вёсцы Галева на тэрыторыі, якая знаходзілася ў землях запасу Аснежыцкага сельсавета. Можна сказаць, што зямля чакала свайго часу і дачакалася: амаль год таму ўведзены ў эксплуатацыю першы дом з новага квартала пад назвай «Вясновы». Гэта дзесяціпавярховік, які складзены з блок-секцый буйнапанэльнага домабудавання з унутранай аддзелкай. Дом абсталяваны пасажырскімі ліфтамі, адпавядае ўмовам безбар'ернага асяроддзя. У ім 90 кватэр агульнай плошчай больш за 6 тысяч квадратных метраў. Будаўніцтва вялі спецыялісты прадпрыемства «Брэстжылбуд». Яны ж узвялі і два наступныя дамы квартала — сямі- і дзесяціпавярховыя. Паводле плана, у квартале «Вясновы» з часам узвядуць яшчэ два дамы. Усяго тут будуць жыць каля 360 сем'яў.

Паралельна вядзецца ўладкаванне транспартных і пешаходных камунікацый, дзіцячых і спартыўных пляцовак, стаянак і велапарковак. Прадугледжаны гаспадарчыя пляцоўкі, месцы для выгулу сабак. Прастора спраектавана так, каб двары заставаліся свабоднымі ад транспарту. А комплекснае азеляненне, іншыя элементы інфраструктуры зробяць жыццё максімальна камфортным. Да несумненных пераваг можна аднесці і блізкасць да горада.

Квартал у Галеве — не адзінкавы прыклад такіх падыходаў. У раёне маюць намер працягваць шматпавярховае будаўніцтва. У аграгарадку Аснежыцы зарэзервавалі месца для будаўніцтва трох сяміпавярховых дамоў. Акрэслены падыход прадыктаваны дэфіцытам зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва, бо названыя населеныя пункты размешчаны ў прыгарадзе.

А вось у тых вёсках і аграгарадках, дзе плошчы дазваляюць, ідзе работа па будаўніцтве інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў кварталах індывідуальнай забудовы. Ужо летась узведзены інжынерныя сеткі і вуліцы з гравійным пакрыццём у новым квартале на 104 участкі ў вёсцы Жабчыцы, у населеных пунктах Парахонск, Гарнова, Пасянічы, Чарнеевічы.

Кіраўнік спраў Малоткавіцкага сельскага Савета Алена ПРЫХОДЗЬКА сказала, што ў Жабчыцах дарогі, лініі электразабеспячэння, іншыя камунікацыі фактычна гатовыя да будучай забудовы на новым месцы:

— Зараз ідуць апошнія прыгатаванні, узгадненні дакументацыі. Разлічваем, што недзе праз месяц пачнецца размеркаванне ўчасткаў. З іх 30 будуць рэалізаваны праз аўкцыён, а 74 выдзелены сем'ям тых, хто мае патрэбу і стаіць у чарзе. Ахвотных многа, у спісе чаргавікоў па сельсавеце зараз 218 сем'яў, з іх — сем шматдзетных. Яны, як вядома, ідуць па-за чаргой. Таму пры жаданні — атрымаюць участкі ў новым квартале. Астатнія будуць размеркаваны ў звычайным парадку.

У вёсцы нядрэнная інфраструктура, ёсць газ. Мясціна, дзе распрацаваны квартал, прыгожая, размешчана на грудку, думаю, патэнцыяльныя навасёлы будуць задаволеныя, — заўважыла Алена Мікалаеўна.

Зусім нядаўна скончаны работы па праектаванні квартала жылой забудовы ў аграгарадку Плешчыцы. Квартал разлічаны на 46 участкаў. Падрыхтоўка да яго асваення пачнецца з рэканструкцыі водазабору. У выніку магутнасць апошняга будзе павялічана, на гэтую работу выдзелена 2,2 мільёна рублёў.

Праект квартала індывідуальнай забудовы ў Плешчыцах.

Як паведаміла карэспандэнту МС старшыня Плешчыцкага сельвыканкама Віялета ПАДЛУЖНАЯ, у аграгарадку пражывае каля 1100 чалавек, усяго па сельсавеце колькасць насельніцтва крыху перавышае лічбу 2790. На ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў стаяць 117 чалавек:

— Для іх, чаргавікоў, участкі будуць выдзяляцца на льготных умовах, іншыя ахвотныя змогуць набываць пляцы на аўкцыёне. Пакуль яшчэ зямлю на ўчасткі ніхто не дзяліў, бо няма прадугледжаных заканадаўствам камунікацый, а новы квартал існуе толькі ў папяровым ды электронным варыянтах. Але рашэнне прынятае, і мы чакаем, што работа распачнецца сёлета.

У Пінскім раёне ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяць каля 1700 чалавек, у тым ліку 484 маладыя сям'і і 360 шматдзетных. Многія з іх неўзабаве змогуць адсвяткаваць наваселле ў новых шматкватэрных ды сядзібных дамах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з тэлеграм-канала Пінскага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».