Урачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў у рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» прайшла ў Палескім драматычным тэатры ў Пінску. Павіншаваць юных грамадзян краіны са знакавай падзеяй у іх жыцці прыехаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА.
Імпрэза атрымалася не толькі змястоўнай, але і святочнай, узнёсла-урачыстай. І пачалася яна са слоў, якія, напэўна, можна зрабіць эпіграфам-дэвізам усяго мерапрыемтсва: «О, Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю!». У гэты дзень прагучала шмат паэтычных радкоў у гонар роднай Беларусі, а таксама яе грамадзян новага пакалення.
Губернатар Юрый Шулейка павіншаваў удзельнікаў свята з Днём Канстытуцыі, нагадаў галоўным героям урачыстасці, што асноўны закон вызначае дзяржаўную і грамадскую будову краіны, а таксама прававы статус кожнага беларуса, яго ўзаемаадносіны з дзяржавай і грамадствам, падкрэсліў важнасць адзінства правоў і абавязкаў грамадзяніна.
— Сёння мы адзначаем дзень Асноўнага закона, які дазваляе нашым дзецям жыць і развівацца ў свабоднай незалежнай краіне. Гэта стала вынікам традыцый, закладзеных многімі пакаленнямі грамадзян, а наша задача — працягваць іх і развіваць на новым узроўні, — адзначыў кіраўнік вобласці.
Вучні сярэдняй школы № 10 Пінска Марыя Мелюх і Яўген Лебядзеўскі ад імя ўсіх, хто атрымаў пашпарт, запэўнілі прысутных у тым, што будуць высока несці ганаровае званне грамадзян Рэспублікі Беларусь, падмацоўваць яго сваёй паспяховай вучобай, а пазней і працай на карысць роднай краіны.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі спектакль Палескага драмтэатра «Пасланне з мінулага». Гэта тэатральнае ўвасабленне трагедыі былых жыхароў Пінска ў час Вялікай Айчыннай вайны. У аснове апавядання — дакументальная хроніка з бібліятэк, архіваў, сведчанні, апісаныя відавочцамі. Гэты матэрыял скампанавалі, апранулі ў літаратурна-пластычную форму, узмацнілі пранізлівай музыкай і адпаведнай падсветкай, так нарадзіўся спектакль. Сюжэтная лінія будуецца вакол гісторыі маладых людзей. Гэта і ёсць пасланне-наказ маладым грамадзянам — ведаць сваю гісторыю (у Пінску за гады вайны колькасць насельніцтва скарацілася з 10 разоў) і не дапусціць паўтарэння трагедый.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Прэв’ю: БелТА
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.