Вы тут

Арэхавы перакус: чаму б і не?


Вафельныя батончыкі з кубкам кавы не дададуць вам здароўя, затое забяспечаць «пустымі» калорыямі. Варта замяніць некарысныя дэсерты на арэхі. Гэта не толькі смачны ласунак, але і здаровы перакус. Да таго ж арэхі валодаюць унікальнымі ўласцівасцямі, якія дазваляюць ставіцца да іх як да сапраўднага суперфуду. Расказваем пра пяць смачных і карысных відаў арэхаў, якія дыетолагі раяць ужываць у перапынках паміж асноўнымі прыёмамі ежы. Калі, вядома, у вас няма на гэтыя прадукты алергіі ды іншых супрацьпаказанняў.


Фота: pixabay.com

«Царскі жолуд» — скарбніца ёду

Навагоднія святы, мандарынкі ды арэхі, загорнутыя ў фольгу, — такія ўспаміны аб грэцкім арэху (яшчэ яго называюць «царскім жолудам») захаваліся ў многіх, хто вырас у СССР. Але не ўсе ведаюць, што грэцкі арэх —скарбніца карысных рэчываў, у тым ліку жалеза, таму вельмі добра ўжываць яго пры анеміі. Таксама ў ім ёсць поліфенолы, вітаміны С, Е, магній, цынк. І, вядома, ёд, таму ўжыванне грэцкіх арэхаў спрыяе здароўю шчытападобнай залозы. Гэты дарунак прыроды багаты і «Амега-3» тлустай кіслатой.

Сакрэты землянога арэха

Звыклы нам арахіс, ці земляны арэх (ён названы так таму, што расце пад зямлёй) належыць да бабовых культур і валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі, за якія яго любяць прыхільнікі здаровага сілкавання. У арахісе шмат бялку, ёсць вітаміны групы В, важныя для добрага функцыянавання нервовай сістэмы і мозга, утрымоўваюцца магній і фосфар. Варта толькі мець на ўвазе, што карысць прынясе несалёны арахіс, а лішак солі ў арганізме можа выклікаць ацёкі.

Селен умацуе імунітэт, лютэін — зрок

Фісташкі — скарбніца неабходнай нашаму арганізму клятчаткі. У фісташках мала калорый, затое ёсць вітаміны групы В, вітамін Е, фенолы, ненасычаныя тлустыя кіслоты, цынк, фосфар. Селен, што змяшчаецца ў фісташках, карысны для падтрымкі імунітэту, а лютэін умацоўвае зрок. Калій і магній, якія таксама ёсць у гэтым дарунку прыроды, вядомыя сваёй карысцю для здароўя сэрца.

Фундук: не ў лесе, а на плантацыі

З гэтым арэхам часта блытаюць лясны (ляшчыну). Менавіта з апошнім у многіх звязаны ўспаміны аб летніх паходах у піянерскім лагеры. Фундук, які з’яўляецца акультуранай формай дзікарослага ляснога арэха, — выдатны перакус. Ён узбагаціць арганізм вітамінамі А, Е, С, мікраэлементамі магніем, марганцам, жалезам, а таксама бялком, біяцінам, ненасычанымі тлушчамі і харчовымі валокнамі. Жуйце на здароўе і ўспамінайце сонечнае лета.

Калі адцвіў міндаль

У плодзе міндальнага дрэва змяшчаецца багата вітаміну Е, які паляпшае стан скуры. Міндаль спрыяе прафілактыцы сардэчных захворванняў дзякуючы высокаму ўтрыманню ў ім магнію і калію, а таксама за кошт зніжэння «дрэннага» халестэрыну. Вітаміны групы В дабратворна адаб’юцца на працы нервовай сістэмы. Як і іншыя арэхі, гэты прадукт багаты бялком, антыаксідантамі, ненасычанымі тлушчамі, харчовымі валокнамі — усё па спісе.

Суперфуд з тысячалетнай гісторыяй

Такім чынам, арэхі з’яўляюцца ідэальным перакусам таму, што дзякуючы карысным тлушчам, якія ўтрымліваюць, добра спаталяюць пачуццё голаду, павольна пераварваюцца. І узбагачаюць арганізм рознымі неабходнымі для здароўя рэчывамі. Нездарма на працягу тысячагоддзяў чалавек збіраў і ўжываў у ежу гэтыя цудоўныя плады. Клятчатка, што змяшчаецца ў арэхах, спрыяе зніжэнню вагі, аднак варта памятаць: арэхі каларыйныя. Але лішнія калорыі такі перакус здольны дадаць вам толькі ў тым выпадку, калі вы празмерна налягаеце на гэтыя раслінныя прадукты. Калі перакусваеце арэхамі штодня, нутрыцыёлагі рэкамендуюць прытрымлівацца дозы ў 30-35 грамаў, а таксама разнастаіць рацыён: сёння — грэцкія арэхі, заўтра — фундук і г. д. Смачна есці!

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.