Вы тут

Дні літаратуры Узбекістана ў Беларусі


Напрыканцы мінулага года ў Ташкенце старшыні нацыянальных пісьменніцкіх арганізацый Беларусі і Узбекістана — Алесь Карлюкевіч і Сайід Сіражыддзін падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве. Звычайна такія дакументы з’яўляюцца своеасаблівымі дарожнымі картамі для рэалізацыі новых ініцыятыў. Так здарылася і ў гэтым выпадку. Дакумент не застаўся фармальным падыходам да літаратурнага сяброўства. 


За агульнымі вызначэннямі ў час дыялогу ў сталіцы Узбекістана прагучалі многія ініцыятывы творчага пабрацімства. Кіраўнік аддзела міжнародных літаратурных сувязяў СП Узбекістана празакі, літартурны крытык, перакладчык Рысалат Хайдарава расказала пра шэраг кніг, якія складуць серыю найлепшых твораў беларускай дзіцячай літаратуры ў перакладзе на ўзбекскую мову. Гучалі ў офісе пісьменніцкай арганізацыі Узбекістана і размовы пра выпуск тэматычных нумароў літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў, прысвечаных нацыянальным літаратурам: беларускай — ва Узбекістане, узбекскай — у Беларусі. Былі прапанваны да рээалізацыі і іншыя творчыя праекты. 

І паступова на працягу кароткага адрэзку часу абодва бакі выйшлі на тэму правядзення Дзён літаратуры Узбекістан ў Беларусі. І вось гэты яркі па свайму зместу форум пройдзе ў Мінску і Мінскай вобласці з 20 па 24 сакавіка ў межах XXX Мінскай міжнароднгай выстаўкі-кірмашу. У госці да беларускіх пісьменнікаў з Ташкента прыязджаюць галоўны рэдактар аб’яднанай рэдакцыі часопісаў «Шарк юлдузі» — «Звезда Востока» Сіражыддзін Раўпаў, выканаўчы дырэктар Фонда Алішэра Наваі Алімджон Даўлятаў, дарадца старшыні СП Узбекістана па пытаннях захавання заканадаўчых актаў пра дзяржаўную мову Салім Ашур, паэт і перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Узбекістана, галоўны спецыяліст па рабоце з абласнымі аддзяленнямі і творчымі саветамі Саюза пісьменнікаў Узбекістана Мікалай Ільін, паэт і перакладчык, празаік, публіцыст, галоўны рэдактар газеты «Інсон ва канун» Кучкар Наркабіл. Дэлегацыя з пяці аўтарытэтных літаратараў краіны дапамагла беларукаму боку скласці досыць цікавую і адметную праграму Дзён літаратуры Узбекістана ў Беларусі. Па-першае, яе важным складнікам стане круглы стол, прысвечаны беларуска-узбекскім літаратурным сувязям. Ён пройдзе ў мемарыяльнай зале Дома літаратара. Дарэчы, прагучыць у час гэтай размовы і тэма ўшанавання памяці ўзбекскага паэта Султана Джуры, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, на Гомельшчыне. А публіцыст і празаік Кучкар Наркабіл, відаць, раскажа пра сваю кнігу, якая толькі што пабачыла свет у Ташкенце і прысвечана падзеям 1941 года на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, Кучкар Наркабіл, калі працаваў над падрыхтоўкай да напісання да гэтай кнігі, не адзін раз прыязджаў у Беларусь, пабываў у розных мясцінах, звязаных з драматычнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны... У тым ліку — і ў Хатыні, і на месцы спаленай нямецка-фашысцкімі карнікамі вёскі Беразянка на Пухавіччыне. 

У Доме літаратара і ў сталічнай Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдуць вечары, прысвечаныя творчасці Гафура Гуляма, Алішэра Наваі (нагадаем, што ў Беларусі творы Алішэра Наваі двойчы выходзілі ў перакладзе на беларускую мову асобнымі выданнямі). Творы класікаў узбекскай нацыянальнай паэзіі на гэтых творчых імпрэзах прагучаць у арыгінале, на узбекскай мове, і ў перастварэнні на беларускай. Між іншых, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» днямі павінен выйсці штогоднік перакладной літаратуры «Далягляды». На яго старонках сярод іншых яркіх твораў нацыянальных літаратуру постсавецкай літаратуры змешчаны і паэтычныя творы Алішэра Наваі. У праграме Дзён літаратуры Узбекістана — і мерапрыемствы, якія пройдуць у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі імя Якуба Коласа. 

Асаблівае месца ў праграме зойме сустрэча ў Коласаўскім музеі. Госці з Ташкента памятаюць, якая повязь злучае імя, жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа з Узбекістанам. Многія экспанаты са скарбніцы гісторыка-літаратурнай памяці нагадаюць пра Ташкент, яго ваколіцы, пра тое, з якімі сардэчнымі пачуццямі прымалі беларускага паэта ва Узбекістане ў час Вялікай Айчыннай вайны. 

... — Дні літаратуры Узбекістана ў Беларусі —пачатак, узнаўленне добрай традыцыі прадстаўлення нацыянальных літаратур іншых краін у Рэспубліцы Беларусь, — каментуе падзею старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — Такога кшталту падзеі будуць насіць сістэмны характар. У прыватнасці, мы вядзём перамовы пра такога характару мерапрыемствы з нацыянальныміі пісьменніцкімі арганізацыямі Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Азербайджана. Спадзяёмся, што праз дні нашай літаратуры ў іншых краінах таксама здолеем годна прадставіць беларускую літаратуру. 

Што важна, у мерапрыемствах Дзён літаратуры Узбекістана актыўны ўдзел прымуць і студэнты, якія прыехалі авалодваць рознымі спецыяльнасцямі ў ВНУ Мінска з розных куточкаў Узбекістана. 

Раман СЭРВАЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.