Вы тут

Як пазбавіцца ад рэкламных званкоў на мабільны


«Вітаю! Скажыце, я дазванілася ў Мінск?» Такім трывіяльным выразам пачынаюцца хіба што не ўсе званкі, падчас якіх абанента хочуць некуды запрасіць або нешта яму прапанаваць.

І калі адзін адразу пакладзе трубку, іншы ўважліва выслухае, а то, можа, і сходзіць на прэзентацыю «дзіва-пыласоса», у падарунак да якога ідзе спецыяльная супрацьпылавая хустка для валасоў падчас прыборкі. І мала хто пачне высвятляць у суразмоўніка, адкуль у таго асабісты нумар вашага мабільнага. Між тым менавіта гэта варта зрабіць найперш, бо з пункту гледжання Закона аб абароне персанальных даных такія «халодныя» званкі з рэкламай без вашай на іх згоды — незаконныя. Як вымусіць дакучлівага менеджара вам больш не званіць і як даведацца, хто ўвогуле атрымлівае вашы персанальныя даныя, расказалі ў Нацыянальным цэнтры абароны персанальных даных (НЦАПД).


Што празмерна — за тое адказнасць

Персанальныя даныя чалавека — асабістая інфармацыя, паведамляць якую варта далёка не кожнаму, часам нават і сваякам. Выконваючы Закон аб абароне персанальных даных, які прыняты ў Беларусі не так даўно (лістапад 2021-га), многія аператары, якія збіраюць, апрацоўваюць і распаўсюджваюць асабістыя звесткі чалавека, дапускаюць самыя розныя памылкі. З аднаго боку, прысутнічае незаконная апрацоўка персанальных даных асобы некаторымі аператарамі. З іншага — празмерная колькасць атрымання згод на апрацоўку асабістых звестак з мэтай «перастрахоўкі» аператара, расказалі ў Цэнтры.

Між тым, калі разумець патрабаванні закона, карыстацца ім і працаваць у яго межах правільна зусім няцяжка. Тым больш што НЦАПД сістэматычна праводзіць навучанне аператараў, каб яны не парушылі закон па няведанні. За яго парушэнне, дарэчы, прадугледжана адпаведнае пакаранне. За незаконнае распаўсюджванне асабістых звестак прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу да 200 базавых велічынь або пяці гадоў пазбаўлення волі. Нават за непрыняцце мер па забеспячэнні абароны асабістых звестак можа наступіць адміністрацыйная або крымінальная адказнасць (калі тое прывяло да прычынення шкоды).

Дык што ж рабіць чалавеку, якому надакучылі прапановы «неабходных менавіта яму» тавараў ці абяцанні «паказаць кароткі шлях да шчаслівага жыцця» падчас эксклюзіўнай сустрэчы, якія паступаюць на асабісты мабільны нумар тэлефона? У Цэнтры далі некалькі парад на гэты конт.

Удакладніце ў чалавека, які тэлефануе з прапановамі, адкуль у яго вашы персанальныя даныя, у тым ліку нумар мабільнага тэлефона.

Калі вашы даныя перадаў нехта са знаёмых, папрасіце таго, хто вам тэлефануе, спыніць апрацоўку вашых персанальных даных, а знаёмага — не перадаваць звесткі пра вас пабочным асобам.

Калі вы самі некалі пагаджаліся на магчымасць атрымліваць такія званкі, можна адклікаць сваю згоду і таксама патрабаваць спынення апрацоўкі сваіх персанальных даных, у тым ліку іх выдалення з базы аператара.

Калі ваш суразмоўнік сцвярджае, што набраны ім нумар рандомны і абраны выпадковым наборам лічбаў, вы ўсё роўна можаце патрабаваць спынення апрацоўкі сваіх асабістых звестак і накіраваць скаргу на дзеянні такога аператара, калі званок паступіць паўторна.

Будзьце ўважлівыя да сваіх персанальных даных і гэтак жа стаўцеся да асабістай інфармацыі іншых людзей, не перадавайце чужыя персанальныя даныя трэцім асобам без згоды ўладальніка такіх звестак.

Каму пра вас «расказвае» аператар

Цэнтр таксама выпускае рознага кшталту тлумачэнні і памяткі для аператараў і грамадзян, дзе нагадвае ім аб правах і абавязках. Не так даўно на сайце НЦАПД з'явіліся тлумачэнні аб праве грамадзян атрымліваць інфармацыю аб даванні сваіх персанальных даных трэцім асобам.

Адпаведна з пунктам 1 артыкула 12 Закона аб абароне персанальных даных, суб'ект персанальных даных мае права атрымліваць ад аператара інфармацыю аб даванні сваіх персанальных даных трэцім асобам адзін раз на працягу каляндарнага года бясплатна, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам, расказалі ў Цэнтры.

— Прадстаўленне такой інфармацыі суб'екту персанальных даных скіравана на забеспячэнне разумення чалавекам (уласнікам даных) межаў і характару апрацоўкі звестак пра сябе і з'яўляецца неабходным кампанентам рэалізацыі прынцыпу празрыстасці апрацоўкі персанальных даных, — растлумачыла Вольга ШЫБКО, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыйных паслуг і сувязяў з грамадскасцю НЦАПД. — Магчымасць атрымання такой інфармацыі дазваляе таксама рэалізоўваць правы суб'ектаў персанальных даных, у тым ліку патрабаваць спынення апрацоўкі асабістых звестак і абскарджваць дзеянні аператара.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.