Вы тут

Як лёгка і без пачуцця віны адмаўляць? І ці ўмееце вы адстойваць асабістыя межы?


Як абараніць сваю тэрыторыю? 

Вы адчуваеце адказнасць за эмоцыі і дабрабыт іншых людзей, увесь час трывожыцеся, каб кагосьці не падвесці... А можа, вам цяжка гаварыць пра свае жаданні? 

Хутчэй за ўсё, у вас ёсць складанасці з асабістымі межамі. Асабістыя межы — неабходная ўмова для стварэння адносін, заснаваных на даверы і павазе. Як сказаць «не» без пачуцця віны; як рэагаваць на грубіянства; як пазбягаць маніпуляцый; як сябе паводзіць, каб вас паважалі? Усё гэта залежыць не толькі ад вашых межаў, але і ад таго, наколькі моцна вы іх штодня ахоўваеце.

Межы выратуюць ад таксічных людзей, якія не ўлічваюць вашы інтарэсы і не звяртаюць увагі на вашы праблемы. Бо толькі вы можаце вырашаць, каго пускаць на сваю тэрыторыю, а каго — не.


Асабістыя межы — нябачная мяжа паміж вамі і іншымі людзьмі. Гэта ваша прастора, вашы каштоўнасці, інтарэсы, захапленні, перакананні, погляды і эмоцыі. Асабістыя межы нельга ўбачыць, іх можна толькі адчуць. На працягу жыцця вашы асабістыя межы мяняюцца. Гэта залежыць ад узроўню адносін з канкрэтнымі людзьмі. Напрыклад, сям’ю і сяброў вы падпускаеце бліжэй, расказваеце ім значна больш, чым калегам.

Чалавек са здаровымі межамі добра ведае і паважае не толькі свае мэты, жаданні, патрабаванні, але і прынцыпы іншых людзей.

Тэст: Як зразумець, што ў вас слабыя межы? Праверце сябе.

  • Вы часта робіце нешта толькі таму, што «так робяць адказныя работнікі». Нават калі гэта вам не падабаецца, вы не можаце адмовіць.
  • Думаеце, што вашы шчасце і дабрабыт залежаць ад іншых.
  • Чужыя жаданні важней за вашы ўласныя.
  • Давяраеце іншым, таму што «яны лепш ведаюць».
  • Марнуеце шмат часу на вырашэнне чужых праблем, а не сваіх.
  • Мала ўвагі надаеце сабе.
  • Маеце зносіны з людзьмі, якія ставяцца да вас дрэнна.
  • Не можаце папрасіць пра дапамогу, агучыць іншым людзям свае патрэбы.
  • Адчуваеце сябе адказнымі за пачуцці і эмоцыі іншых.
  • Падпарадкоўваецеся жаданню сяброў/калег.
  • Робіце нязручныя для сябе рэчы.
  • Вы сарамлівыя. З цяжкасцю выказваеце сваё меркаванне.
  • Адзінота для вас — пакаранне
  • Вы — адчувальныя да крытыкі. Часта адчуваеце гнеў пры гэтым.
  • Вы працягваеце мець зносіны з людзьмі, якія руйнуюць вас.
  • Не можаце вызначыць свае сапраўдныя жаданні, мэты, каштоўнасці, патрэбы.
  • Не імкнецеся абараніць сябе і сваё меркаванне.
  • Імкнецеся быць такім, якім вас хочуць бачыць іншыя.

Калі вы станоўча адказалі на 3 сцвярджэнні, у вас слабыя межы. І трэба тэрмінова іх умацоўваць.

Такім чынам, падсумуем:

слабыя межы — калі вы хочаце сказаць «не», але згаджаецеся. Прымаеце меркаванне іншых, а не імкнецеся заявіць пра сябе. Гэта той выпадак, калі вы заўсёды безадмоўныя, на любыя просьбы і звароты. 

Як зразумець, што вашы асабістыя межы парушаны? Як толькі парушаюцца межы, чалавек адчувае агрэсію, гнеў, злосць. Гэта адна з самых відавочных прыкмет, што іх неабходна аднаўляць. Мы раздражняемся ў адносінах з пэўным чалавекам, незадаволеныя сітуацыяй і злуемся больш, чым звычайна. Па сваіх адчуваннях вы лёгка выявіце, хто гэты чалавек, які душыць вас і тым самым парушае вашы межы.

Здаровыя псіхалагічныя межы. Вы заўсёды дакладна ведаеце, чаго хочаце, і гатовы расказаць пра свае жаданні. Вы беражэце сваё меркаванне, прытрымліваецеся каштоўнасцяў і беражліва ставіцеся да асабістых патрэб. Умееце адмаўляць і адназначна прымаеце «не» ад іншых. Вы дакладна разумееце, дзе вы, а дзе не вы; дзе вашыя ўласныя жаданні, а дзе — чужыя, навязаныя. І калі гэтыя эмоцыі і думкі вашы, вы ведаеце, што за іх адказваеце і кантралюеце. Вы не перакладаеце адказнасць на іншых. Вы гнуткія ў зносінах, умееце дамаўляцца. І самае галоўнае — упэўненыя ў сабе. Гэта дапамагае будаваць добразычлівыя адносіны і лепей кантраляваць сваё жыццё.

Як будаваць асабістыя межы? 

  • Лепш за ўсё атрымліваецца выбудоўваць межы, калі мы любім сябе, прыслухоўваемся і беражліва ставімся.
  • Неадкладна падымайце самаацэнку. 
  • Шануйце сябе, свой час, намаганні, энергію.
  • Заўсёды спыняйце негатыўныя выказванні ў ваш бок. 
  • Перастаньце даваць парады, калі вас не просяць. Калі вы хочаце камусьці дапамагчы, выправіць сітуацыю — зрабіце паўзу. І падумайце: ці прасілі вас пра дапамогу? Ці ў такой дапамозе насамрэч чалавек мае патрэбу? Пачніце пытацца ў іншых пра дазвол, перш чым нешта рабіць. Напрыклад: «Можна, я падзялюся з табой сваім меркаваннем?», «Можна, я дам табе параду?», «Можна, я раскажу табе тое, што мяне турбуе?».
  • Паважайце і свой выбар, і іншых, прымайце людзей рознымі.
  • Пачніце адмаўляць без згрызот сумлення. Улічвайце як свае, так і чужыя патрэбы. Вы з павагай павінны ставіцца да жаданняў іншых людзей, але ўлічваць перш за ўсё свае патрэбы і рэсурсы,
  • Стварыце свае правілы ў зносінах з сабой. І прытрымвайцеся іх у адносінах да сябе і іншых людзей.

Як будаваць межы з маніпулятарам?

Адзіны спосаб пабудаваць межы з такімі людзьмі — накіроўваць увагу на тое, што знаходзіцца пад вашым кантролем. У большасці выпадкаў маніпулятары не прыслухоўваюцца да просьбы змяніць свае паводзіны. Яны злуюцца, адмаўляюць праблему, але не мяняюцца. У вас застаецца адзін выбар — рабіць тое, што вы лічыце патрэбным, так, як вы хочаце, не ахвяраваць сабой і не паддавацца на правакацыі. У вас у любой сітуацыі павінен быць свой пункт гледжання.

«Эгаізм — гэта не тады, калі вы робіце тое, што хочаце. Гэта калі вы ўпэўненыя, што і навакольныя павінны рабіць так, як ВЫ хочаце».

Падумайце, а вы самі не парушаеце чужыя межы? Ці могуць вашы дзеці свабодна выказваць сваё меркаванне, ці дазваляеце вы ім не згаджацца з вамі? Што вы адчуваеце, калі ваш муж пярэчыць вам? Ці хочаце вы ў такіх сітуацыях пераканаць, настаяць на сваім, выправіць?

Павага чужых межаў — дазвол іншым людзям быць непадобнымі на вас.

Абараняць свае межы можна па-рознаму і ў розных сітуацыях. Але ўменне казаць «не» — неабходны навык. Ён асабліва важны для тых, хто лёгка паддаецца ўплыву. І памятайце, у кожнага ёсць права на асабістую прастору. Парушэнне межаў гэтай прасторы цягне за сабой сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы. Выпадковае ці наўмыснае парушэнне недапушчальна як пры кантакце з незнаёмымі людзьмі, так і ў адносінах з сябрамі і сваякамі.

Гэтыя правілы дазволяць дазаваць сваю прысутнасць у асабістай прасторы іншых і дапамогуць дасягнуць гармоніі і ўзаемаразумення ў адносінах. Не стаўце чужыя інтарэсы вышэй за свае, памятайце пра самапавагу і свае каштоўнасці.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?